РЭМБА МЯСЦОВАГА «РАЗЛІВУ»

Штораз, угледзеўшы на старонках раёнкі чарговае паведамленне аб правядзенні аперацыі “Арсенал”, хто-ніхто з чытачоў, магчыма недаверліва падумае: “Хіба ёсць у нас злосныя парушальнікі правілаў захоўвання зброі?”.

І памыліцца. Спыняючы непадалёк ад Мікашэвіч для праверкі дакументаў непрыкметныя “Жыгулі” патрульна-паставая служба і меркаваць не магла, які ўлоў трапіць у яе “сетку”. Прапанаваўшы прад’явіць для агляду змесціва аўтамабільнай “аптэчкі”, міліцыянеры заўважылі, што вадзіцель раптам занерваваўся. І недарма. Замест лекаў і сродкаў аказання першай медыцынскай дапамогі скрынка была даверху набіта патронамі да пісталета. Пазней іх налічылі ажно 45 штук.

Першасная разгубленасць у жыхара Мікашэвіч неўзабаве прайшла, і ён, не міргнуўшы вокам, стаў сцвярджаць, што скрынку знайшоў непадалёк ад Петрыкава, куды ездзіць на работу. На пытанне, чаму не здаў боезапас у праваахоўныя органы, запэўніў, што абавязкова збіраўся гэта зрабіць і проста не паспеў.

Праўда, у адгаворкі не паверылі ні ў ходзе папярэдняга следства, ні ў судзе. Яу высветлілася, грамадзянін і раней меў канфлікт з законам, быў асуджаны за крадзеж, пазней амнісціраваны. Здавалася б, ацаніўшы літасць дзяржавы, варта было пастарацца больш не выклікаць падазрэння у свой адрас з боку закона. Дык не…

Свавольства з незаконным захоўваннем так званага штатнага боезапасу да пісталета суд ацаніў у 3 месяцы арышту. Тэрмін не такі і вялікі, але дастаковы для таго, каб належным чынам асэнсаваць свае паводзіны і месца ў грамадстве.

Арсенал, выяўлены ў жыхара вёскі Сінкевічы Р. здзівіў бы і самых заядлых аматараў агнястрэльнай зброі. У ходзе вышуковых мерапрыемстваў па іншай крымінальнай справе ў яго доме знайшлі самаробнае камбініраванае паляўнічае ружжо з глушыцелем і аптычным прыцэлам. Давяршалі малюнак 58 патронаў да аўтамата Калашнікава, 25 патронаў да самазараднага карабіна, 19 – да паляўнічай зброі і вінтоўкі Мосіна, а таксама патроны да пісталетаў Макарава і Сцечкіна.

Як і ў папярэднім выпадку, парушальнік не стаў дэманстраваць цуды вынаходлівасці, сцвярджаючы, што боезапас знайшоў непадалёк ад Прыпяці, а вінтоўку 10 год таму падарылі сябры ў Бабруйску. Зразумела, думкі пра тое, каб здаць небяспечную находку ў міліцыю, не ўзнікала. ,

Падобная “безагляднасць” звычайна каштуе нятанна. Вось і грамадзяніну Р. за незаконнае захоўванне агнястрэльнай зброі давядзецца 2 гады адбываць выпраўленчыя работы з утрыманнем 20 працэнтаў заробку ў даход дзяржавы.

Калі на авансцэне жыцця паяўляецца ружжо, то, некалькі перафразуючы чэхаўскае прадказанне, яно абавязкова павінна выстраліць. І добра калі стрэлы гэтыя не выклікаюць зразумелых пытанняў у праваахоўных органаў.

Васіль БЕЛЬСКІ, старшыня суда.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть