“Разве горя дожидаться надо, чтоб ПРИЕХАТЬ К МАТЕРИ своей?..”

Сёлета “Лепшай па прафесіі” сярод сацыяльных работнікаў прызнана Таццяна ХОДЗІНА.

У мастацкай намінацыі маладая жанчына чытала верш Леаніда Лютнера “Мама”, заклікаючы дарослых дзяцей адкінуць тэрміновыя справы і наведаць самага роднага чалавека на зямлі. Каб не спазніцца… Другі выбраны твор вядомы кожнаму са школьнай праграмы – “Чакай мяне” Канстанціна Сіманава. Чытальніца імкнулася пераканаць, што гэта пачуццё ўвасоблена ў душах мам, якія даруюць сваім празмерна занятым дочкам і сынам рэдкія наведванні і быццам ад іх імя сабе адрасуюць гэтыя пранікнёныя радкі. Хаця і без вершаў – мамы чакаюць…

За 12 год работы Таццяна Мікалаеўна сутыкнулася з рознымі жыццёвымі абставінамі ў сваіх падапечных. Дабрыня – уласцівасць не ўзросту, а чалавека. Ёй даводзілася працаваць з людзьмі, якія адносіліся да сацыяльнага работніка як да бясплатнай служанкі, звяртаючыся да яе мовай загаду: купі, прынясі, прыбяры. Але Таццяна Мікалаеўна ўсведамляла: для прадстаўнікоў яе прафесіі цярпенне – не проста чалавечая вартасць, а службовы абавязак. У такіх выпадках лепшай абаронай была ўласная ўсмешка. А яшчэ – думкі пра тых пенсіянераў, якія звяртаюцца да яе: “Дочачка…” і, адпаведна гэтаму, адносяцца як да паўнапраўнага члена сям’і.

– Перш-наперш, назаву Ганну Конанаўну Цяльпук, – Таццяна Мікалаеўна дзеліцца радасцю зносін з добрымі людзьмі. – На жаль, яна жыве ўжо толькі ў памяці… Нават дом жанчыны на вуліцы Прыпяцкая знесены, але на яго месцы пабудавана сацыяльнае жыллё, што таксама выклікае светлыя пачуцці… Цяпер шчырай узаемапавагай і сапраўднай любоўю прасякнуты сустрэчы з Тамарай Георгіеўнай Баркоўскай. Наогул, калі старым даруеш іх празмерныя патрабаванні, лягчэй знаходзіш агульную мову…

У дабрыні нашай гераіні родныя пераканаліся, калі яна заканчвала 9-ы клас СШ №2. Нарадзілася на Віцебшчыне, адкуль паходзіць мама, але з трох год жыла ў Лунінцы, на малой радзіме таты. У пачатку 1990-ых захварэлі бацькі мамы. На сямейным савеце Таццяна вырашыла пераехаць у Докшыцкі раён. У вёсцы з прыгожай назвай Бярозкі заканчвала сярэднюю школу. Пасля заняткаў давала ўколы інсуліну бабулі і ператваралася ў сядзелку для дзядулі, паспяваючы прыгатаваць абед і прыбраць дом…

– Гэта была грунтоўная практыка, – адзначае Таццяна Мікалаеўна. – Вярнуўшыся ў Лунінец, закончыла тагачасны прафліцэй па спецыяльнасці прадавец. Але вырашыла ўладкоўвацца ў сацыяльную службу. І рабіла гэта свядома, ведаючы, з чым давядзецца сутыкацца.

За час працы яна “не застудзіла сваё сэрца”. Гэта адлюстравалася і ў візітоўцы канкурсанткі. Таццяна Мікалаеўна прадставіла плакат з фотаздымкамі сваіх дзевяці падапечных і малюнкам рук, абдымаючых старых. Прафесійнае крэда занатавана ў простых словах: “Прыйсці на дапамогу, працягнуць руку тым, хто мае ў нас патрэбу і ў шчасці, і ў бядзе”.

– Афармляць плакат мне дапамог сын Вадзім, – удакладняе мама. – Ён вучыцца ў 6 класе СШ №4…

Завяршаўся конкурс дэманстрацыяй кулінарнага майстэрства (Таццяна Мікалаеўна прыгатавала карпа ў аздабленні гародніны і садавіны), пачынаўся – тэсціраваннем па праверцы тэарэтычных ведаў. На высокім узроўні выступілі ўсе ўдзельніцы, у ліку якіх былі Ніна Сцяпанаўна Ільюшчанка (г. Лунінец), Інна Мікалаеўна Курыловіч (в. Лунін), Святлана Уладзіміраўна Коваль і Алена Андрэеўна Бярозка (в. Азярніца). Другое месца заняла Наталля Канстанцінаўна Курак (в. Вялікія Чучавічы) – яна больш за 5 год абслугоўвае шасцёра пенсіянераў, трэцяе – Любоў Валер’еўна Лукашык (г. Мікашэвічы), якая другі год клапоціцца аб васьмі адзінокіх састарэлых.

– Вынікі конкурсу зусім не сведчаць аб тым, што нехта – лепшы, хтосьці – горшы, – лічыць пераможца. – Усе сацыяльныя работнікі вызначаюцца дабрынёй, інакш у нас працаваць проста немагчыма. Захацелася пагуляць, паспрабаваць сябе ў незвычайных ролях, публічным выступленні – вось і вылучылася “сямёра смелых”. Вельмі хвалявалася. Мне асабіста складана было падрыхтаваць вершы. Абышлася без інтэрнэта, хаця камп’ютарам валодаю. Перачытвала паэтычныя зборнікі. На мой погляд, старасць абдзелена ўвагай творцаў, але ў грамадстве неабходна выхоўваць павагу да пакалення нашых бабуль і дзядуль. Калі людзі будуць дарыць адзін аднаму цяпло, свет стане дабрэйшым…

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть