ШТО ПАКАЗАЎ УСІМ ДЗЕНЬ САВЕТА?

На гэты раз ён прайшоў у Лахвенскім сельсавеце.  На яго тэрыторыі размешчаны 6 населеных пунктаў, у якіх пражываюць 3010 чалавек.
Першай удзельнікаў мерапрыемства вітала аграся-дзіба “У Пятровіча”, размешчаная ў Обрубе (пра яе падрабязна расказвалі ў №76 “ЛН” за 10.10.2012 г.). Тут мерацца аказваць паслугі аматарам аграэкатурызму. Нягледзячы на тое, што сядзіба мае дастаткова абжыты выгляд, афіцыйнае адкрыццё яе плануецца на пачатак лістапада.
Уразіла дагледжанасцю малочнатаварная ферма ў Перунова. Гэта асноўны вытворчы аб’ект у вёсцы, якая налічвае 280 жыхароў. Разлічаная на 240 галоў дойнага статка, ферма сёлета рэканструявана, абсталявана сучаснай даільнай залай і абгрунтавана дае падставы кіраўніцтву СВК “Новае Палессе” спадзявацца на высокія надоі і малако экстра-класа. Дарэчы, не бяднее і струменьчык малака з прыватных падворкаў. Перунова здаўна лічыцца лідарам па продажу дзяржаве лішкаў гэтага прадукту. Менавіта ў названай вёсцы жыве і шматгадовы пераможца адпаведнага раённага спаборніцтва Вольга Лушчык, якая і сёння трымае ў гаспадарцы ажно 8 кароў.
У Перунова пабывалі таксама на тэрыторыі мясцовай школы. Закрытая два гады таму, яна пакідала сумнае ўражанне. Яшчэ цягнецца роўнымі радамі дэкаратыўны кустарнік, не здаюцца першым маразам мнагалетнікі на былых дыхтоўных клумбах, але безжыццёвы будынак, узведзены ў 1968 годзе, памалу пачынае скардзіцца на сённяшняе сваё незайздроснае становішча. Сям-там пабіты шыбы, нахабна занесенае ветрам насенне дае свае ўсходы маладых дрэўцаў на прыступках ганкаў… 
Зрэшты, цікавіла ўдзельнікаў Дня Савета не сама школа, а кацельня – адзінае “жывое” збудаванне на тэрыторыі былой установы адукацыі. Перададзеная на баланс камунальнай службы, сёння яна дае жыццёвыя сілы невялі-каму шматкватэрнаму доміку, які знаходзіцца паблізу. Нягледзячы на тое, што ў кацельні ёсць на-дзейны гаспадар, сумныя рэаліі дня адбіліся і на яе побыце. Тэрыторыя вакол крыніцы цяпла зарасла бур’яном. Дзверы аказаліся адкрытымі, аднак работніка так і не знайшлі.
З Перунова маршрут удзельнікаў мерапрыемства пралёг на Любань. На ўездзе ў вёску (гэтыя мясціны жыхары па-ранейшаму звычна завуць Гневанню) звярнулі ўвагу на прыгожы прыдарожны магазін райспажыўтаварыства. Побач сучаснае аблічча спакваля набывае старая сялянская будыніна. Старшыня сельвыканкама Людміла Пашкевіч паведаміла, што яе пад станцыю тэхабслугоўвання пераабсталёўвае адзін з прыватных прадпрымальнікаў, спадзеючыся, што з часам зможа аказваць паслугі шынамантажу лунінецкім аўтааматарам і праязджаючым па аўтатрасе М-10 транзітнікам.
Да прыкмет таго, што сельсавет памалу прыстасоўваецца да сучасных умоў, можна аднесці і капітальную рэканструкцыю аўтазаправачнай станцыі паблізу Лахвы (правільней сказаць, тут хутка паявіцца новая больш дыхтоўная АЗС), а таксама адкрыццё ў гэтай вёсцы прыватнага цэха замарозкі ягад. Вяскоўцаў такая перспектыва радуе не толькі далучэннем населенага пункта да пэўных выгод і зручнасцей, але і стварэннем новых рабочых месцаў.
У Любані пабывалі ў прыгожа адрамантаванай канторы СВК “Новае Палессе”, а потым накірава-ліся ў школу. Любанская СШ мае свае традыцыі і вядома ў раёне, як установа, што ўдала спалучае вопыт з інавацыйнымі педагагічнымі напрацоўкамі. А таму дырэктару Святлане Антановіч было пра што расказаць гасцям. На гэты раз увагу сканцэнтравалі на прафарыентацыі школьнікаў, якіх зараз тут 162. Дарэчы, з 9-ці сёлетніх выпускнікоў шасцёра сталі студэнтамі ВНУ, у той час як летась такіх было толькі 2. 
Па праву ганарацца ў калектыве тымі, хто, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, вярнуўся на малую радзіму. Былыя вучні любанскіх педагогаў працуюць у розных сферах, у тым ліку і ў мясцовым сельгаскааператыве. Адметны той факт, што ў педагагічным калектыве каля 70 працэнтаў настаўнікаў самі некалі спасцігалі навуку ў роднай школе.
Многае змяніў у Любані статус аграгарадка. Вось і капітальна адрамантаваны Дом культуры быццам атрымаў “другое дыханне”. На ўваходзе гасцей песнямі сустракалі самадзейныя артысты. Вершамі парадаваў мясцовы творца Сцяпан Нефідовіч.
Выніковая нарада пачалася з прыемнай ноткі. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталь Адзішчаў сардэчна падзякаваў памочніку дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Івану Ар-хіпчыку, а ў яго асобе – парламентарыю ІІІ і IV скліканняў Ларысе Вершаловіч за плённую працу. Больш як 2200 грамадзян за час работы звярнуліся за дапамогай да гэтых людзей. І пераважнай большасці, падкрэсліў Віталь Мікалаевіч, яны здолелі дапамагчы. 
А потым перайшлі да абмеркавання праблем, перш-наперш, узнятых у ходзе папярэдняга Дня Савета. Многія з іх вырашыліся. Аднак па-ранейшаму турбуе лёс безгаспадарчых будынін у вёсках раёна. Нягледзячы на тое, што захаванне законнай працэдуры іх зносу патрабуе пэўных фінансавых затрат, вырашаць праблему трэба. У тым ліку – і з прыцягненнем бюджэтных сродкаў, частка якіх, запэўніў кіраўнік дэпутацкага корпусу, будзе закладзена ў фінансавым дакуменце наступнага года. Гэта, між тым, не значыць, што трэба чакаць, маўляў, грошы прыйдуць самі. Крыніцы іх паступлення варта шукаць і вясковым уладам, адзначыў Віталь Адзішчаў.
У ходзе абмеркавання старшыні сельвыканкамаў звярнулі ўвагу на неабходнасць  перадачы камунальнай службе вясковых могілак. На гэты конт ёсць адпаведнае рашэнне аблвыканкама, якое мае статус абавязковага да выканання. А таму ўсе сентэнцыі на мноства перашкод у зруху справы не былі прыняты.
У пратакол мерапрыемства трапілі праблема асвятлення вуліц і запыт па вызначэнню гаспадара Любанскага парка. Ён прыходзіць у заняпад, нягледзячы на тое, што мае цікавую перадгісторыю, звязаную са знакамітымі людзьмі, у ліку якіх – вядомы беларускі драматург Андрэй Макаёнак. 
У ходзе нарады выступілі галоўны інжынер “Мікашэвіцкай ЖКГ” Леанід Буторын, начальнік РАНС Мікалай Арашкевіч і намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Аляксандр Гарагляд.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть