СЛЕД ЧОРНАГА ВЕТРУ

па-ранейшым застаецца на нашых землях, але небяспека яго штогод змяншаецца. Гэту думку выказвалі дэпутаты на пасяджэнні прэзідыума райсавета. Яны разглядалі пытанне аб рабоце, якая летась праводзілася ў раёне па пераадоленню наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Старшыня райсавета Віталь АДЗІШЧАЎ адзначае:

– Радыяцыйная абстаноўка ў цэлым ацэньваецца як нармальная. “Забруджанымі” лічацца 50 населеных пунктаў раёна. На працягу апошніх пяці год іх было 57, у тым ліку 19 – адносіліся да зоны з правам на адсяленне і 38 – з перыядычным радыяцыйным кантролем. Цяпер усе паселішчы маюць гэты статус.

– Але радыялагічны кантроль за сыравінай і вырабляемай прадукцыяй працягваецца ў ранейшых аб’ёмах?

– Абавязкова. Летась, як і заўсёды, гэту работу ажыццяўлялі 9 ведамасных радыелагічных лабараторый і 1 – у сістэме санітарнай службы. Праведзена амаль 54500 даследаванняў. Перавышэнне РДУ-99 зафіксавана ў дзікарастучых ягадах, грыбах, мясе дзікіх жывёл, паліўнай драўніне. Выяўлены і 2 пробы “бруднага” малака з асабістых дапаможных гаспадарак у вёсцы Азярніца.

– Жыхары многіх паселішчаў скардзяцца, што недастаткова акультураных пашаў і сенажацяў для выпасу і ўтрымання ўласнай жывёлы.

– Праблема застаецца, хаця штогод выконваюцца ўсе запланаваныя мерапрыемствы па яе вырашэнню. Летась, напрыклад, культурныя кармавыя ўзгоддзі створаны на 317 гектарах, пашы – на 234. На плошчы 1067 гектараў дагледжаны раней створаныя. Жывёла прыватнага сектара забяспечана ферацынутрымліваючым камбікормам.

– Яшчэ адно праблемнае пытанне – арганізацыя работы і ўмовы працы сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, якія размешчаны на землях з забруджаннем цэзіем-137 больш як 5Кі/кв. км.

– Працаўнікі адпаведных СВК забяспечаны спецвопраткай. Гэтыя гаспадаркі таксама атрымалі пад поўную патрэбу мінеральныя ўгнаенні. Праведзена вапнаванне кіслых глебаў на плошчы 3310 гектараў. ААТ “Лунінецкі райаграсэрвіс” выканала работы па рамонту і абслугоўванню пунктаў пахавання адходаў дэзактывацыі “Красная Воля” і “Бурсукова”. Мерапрыемствы па гэтых напрамках патрабуюць працягу і ўдасканалення.

– У нашым раёне шэраг прадпрыемстваў дзяржаўнага сектара вырабляюць харчовыя прадукты.

– Гарантуецца іх “чысціня”, гэта значыць, адсутнасць радыенуклідаў. Адначасова адзначаецца трывалая тэндэнцыя да паляпшэння якасці выпускаемай і рэалізуемай мясцовай прадукцыі. Летась хлебазавод асвоіў 12 найменняў новых відаў дыетычных хлебабулачных вырабаў. У 115-ці магазінах і 38-мі кутках рэалізуецца дзіцячае харчаванне. Нават пры адсутнасці рыбных магазінаў, маецца 3 стацыянарныя з акварыумамі (2 у Лунінцы і 1 у Мікашэвічах). Арганізаваны дробнарознічны гандаль жывой рыбай са спецыялізаваных машын. Продаж ёдаванай солі праз гадлёвую сетку перавысіў 31 працэнт.

– Значыць, павялічваецца колькасць людзей, якія ўсведамляюць неабходнасць прафілактыкі ёдадэфіцытных захворванняў?

– Аб больш пільнай увазе да ўласнага самаадчування сведчаць і іншыя лічбы. План па дыспансерызацыі насельніцтва выкананы на 98,9 працэнта. На апаратах СІЧ (сумарны вымяральнік часцін) абследавана амаль 17400 чалавек – гэта 116 працэнтаў да плана. З павышаным утрыманнем радыяцэзія ў арганізме выяўлены адзін вясковец з Мокрава. Гэта яшчэ адзін факт, каб пераканаць кожнага жыхара: трэба сачыць за ўласным здароўем, рэгулярна абледавацца, абавязкова правяраць збіраемыя дары лесу.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть