У КРУГЛАСУТАЧНЫМ РЭЖЫМЕ

Дзень мытніка супрацоўнікі аддзела мытнага афармлення і кантролю №2 Пінскага паста Брэсцкай мытні (менавіта так стаў называцца аддзел у сувязі з рэарганізацыяй, што адбылася ў пачатку года) адзначылі будзённымі справамі. 
Калектыў, у якім служаць 18 чалавек, узначальвае Валерый Каваленка. Па словах галоўнага інспектара Васіля Сыцэвіча, сёлета тут мытнае афармленне прайшлі больш як 600 чыгуначных саставаў, якія следавалі ва Украіну і Беларусь. Аформлена звыш 3 тысяч экспартных і імпартных дэкларацый і каля 8,5 тысячы – транзітных. 
Аддзел працуе ў кругласутачным рэжыме. Нягледзячы на тое, што нагрузка з кожным годам павялічваецца, з пастаўленымі задачамі калектыў спраўляецца. У тым ліку – і вопытная змена ў складзе галоўнага інспектара Міхаіла Грыневіча, старшага інспектара Аляксандра Ляўковіча і інспектара Сяргея ЖУКА (на здымку).
– Разумеем адказнасць, якая ўскладваецца на нас, каб не выбіцца з графіка і забяспечыць своечасовую дастаўку грузаў, – расказвае Васіль Сыцэвіч. – Зараз суб’екты гаспадарання заключаюць дагаворы з мытнымі агентамі, што дазваляе аформіць дакументы без затрымкі пасля догляду тавараў.
Час не стаіць на месцы, прымушаючы ўдасканальваць дзейнасць. Яшчэ ў 2009-ым прыступілі да электроннага дэкларавання. Цяпер гэта працэдура прымяняецца не толькі на экспартны тавар, але і на імпартны.
Згодна з рэструктурызацыяй, якая праходзіць ва ўсіх мытнях краіны, адбылося скарачэнне пунктаў мытнага афармлення (ПМА) “Палессеэлектрамаш” і “Мікашэвічы”.
З мэтай ратацыі кадраў супрацоўнікі аддзела рэгулярна накіроўваюцца ў службовыя камандзіроўкі ў іншыя падраздзяленні Брэсцкай мытні. Нядаўна падчас адной з іх на ПМА “Казловічы” Аляксандр Еўтух у ходзе правядзення аперацыі мытнага кантролю выявіў кантрабандны тавар, які следаваў на тэрыторыю нашай краіны грузавым аўтатранспартам. Груз затрыманы, і яго далейшы лёс вызначыць суд. 
Акрамя асноўнай дзейнасці, лунінецкія мытнікі прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах, праводзімых па лініі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Так, за праяўленыя дзелавыя і прафесійныя якасці падчас вучэбных збораў інспектары Аляксандр Еўтух і Юрый Стасюкевіч адзначаны граматамі камандавання і каштоўнымі падарункамі. Апошняму прысвоена чарговае воінскае званне.
Быць у выдатнай форме супрацоўнікам аддзела дапамагае здаровы лад жыцця і сяброўства з фізкультурай. Самым актыўным удзельнікам усіх спартыўных спаборніцтваў з’яўляецца інспектар Адам Колб.
Запісала Алена ДАНІЛОВІЧ.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть