УЛАДА АД ГРАМАДСТВА

Адным з важнейшых напрамкаў работы раённага Савета дэпутатаў з’яўляецца каардынацыя дзеянняў органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Старшыня райсавета Віталь АДЗІШЧАЎ адзначае:

– Надзейныя памочнікі кіраўнікоў сельсаветаў – 55 старастаў. Яны вывучаюць патрэбы і запыты насельніцтва, паведамляюць аб гэтым мясцовай уладзе, прадпрымаюць сумесныя намаганні па вырашэннню надзённых праблем. Асабліва вялікая роля мясцовага самакіравання ў аддаленых сельскіх населеных пунктах, сярод жыхароў якіх часта пераважаюць састарэлыя нямоглыя людзі. Ім не пад сілу дабрацца да цэнтра сельсавета ці раёна. Са сваімі бедамі, скаргамі, праблемамі вяскоўцы ідуць да старасты. – Можна сказаць, што асноўная задача старастаў – работа з насельніцтвам па месцы жыхарства? – Але гэта вызначэнне ўключае ў сябе мноства аспектаў! Старасты ўдзельнічаюць у падворных абходах, арганізоўваюць сходы грамадзян, удзельнічаюць у святах вёсак. У полі іх зроку – добраўпарадкаванне вуліц, прыдамавых тэрыторый, могілак. Яны праяўляюць клопат аб ветэранах вайны і працы, інвалідах, адзінокіх састарэлых вяскоўцах. Іх неабыякавасць праяўляецца і ў дапамозе дзецям з нядобранадзейных сем’яў. – На вашу думку, каго са старастаў вызначае найбольш актыўная жыццёвая пазіцыя? – Нам пашчасціла на многіх адданых землякам людзей. Першай назаву Ніну Сцяпанаўну Патурай з вёскі Цна. У дырэктара сельскага Дома культуры шмат прафесійных турбот, хапае работы дома і на сядзібе. Але яна вельмі канкрэтнымі справамі спрыяе паляпшэнню камфортнасці жыцця аднавяскоўцаў. Прыгадаць хаця б узвядзенне маста праз раку Цна, які злучыў з асноўнай вёскай жыхароў вялікага ўрочышча – хутара Лондан. – Наша газета таксама прысвячала добрыя радкі Ніне Сцяпанаўне. Яе каштоўнай вартасцю з’яўляецца тое, што і ад аднавяскоўцаў стараста патрабуе не быць пасіўнымі, а вырашаць праблемы агульнымі намаганнямі, захоўваючы спрадвечны народны звычай – талаку. Чый яшчэ, на ваш погляд, вопыт варты пераймання? – Спынюся на станоўчых прыкладах работы ў вялікіх паселішчах, дзе пражываюць тысяча і больш жыхароў. У Лунінскім сельсавеце адзначаюць: калі ў Вульцы 1 ажыццяўлялася стварэнне аграгарадка, каля дамоў на цэнтральнай вуліцы паявіліся прыгожыя жалезабетонныя агароджы, дзякуючы актыўнаму ўдзелу старасты Ганны Іванаўны Багданец. Яна шмат год узначальвала прафкам СВК “Хваецкае”, цяпер на пенсіі і працягвае мэтанакірава спрыяць навядзенню парадку ў прыгараднай вёсцы. У Бастынскім сельсавеце неабыякавасцю да праблем людзей вылучаецца стараста Велуты Уладзімір Андрэевіч Коўшык, які працуе дырэктарам мясцовай школы. Кіраўніцтва Дварэцкага сельсавета шчыра ўдзячна двум грамадскім актывістам. У вёсцы Ракітна выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі Ева Адамаўна Аліфяровіч. Яна мае вялікі педагагічны вопыт – доўгі час узначальвала базавую школу, толькі летась пайшла з пасады дырэктара. Першай з калег па выбарнай пасадзе завяла дзённік старасты, дзе адзначала канкрэтныя запыты вяскоўцаў. Узорны парадак падтрымлівала ва ўстанове адукацыі, выдатным добраўпарадкаваннем прысядзібнага ўчастка паказвае прыклад навакольным. Каваль з СВК “Дварэцкі” Васіль Васільевіч Каховіч да нядаўняга часу на грамадскіх пачатках адказваў і за Дварэц, і за Вічын. Толькі гады тры таму выбралі асобнага старасту цэнтральнай сядзібы. Маючы грунтоўны вопыт грамадскай работы, Васіль Васільевіч рэальнай справай паляпшае аблічча роднай вёскі. Дапамагае ў гэтым газонакасілка, набытая сельвыканкамам для абкошвання вуліц Вічына. Гэта паселішча на перакрыжаванні міжнароднай аўтамагістралі павінна падтрымлівацца асабліва пільна. Мясцовыя ўлады ведаюць – стараста не падвядзе. Дарэчы, у студзені бацька чацвярых дзяцей і надзейны памочнік сельвыканкама адзначыў 50-гадовы юбілей, з чым яго шчыра віншуем. Віталь Мікалаевіч падкрэсліў, што можна працягваць пералік людзей, якія сумленна выконваюць грамадскія абавязкі. Адчуваючы павагу вяскоўцаў, старасты імкнуцца апраўдаць іх давер сваімі стваральнымі справамі.

Гутарыла Таццяна ВАСІЛЬЕВА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть