УЗАЕМАПАВАГА НА ДАРОГАХ – ГАРАНТ БЯСПЕКІ

Калі прааналізаваць прычыны, па якіх часцей здараюцца дарожна-транспартныя здарэнні, можна заўважыць, што не апошняе месца ў гэтым спісе займае парушэнне хуткаснага рэжыму, няўважлівасць падчас руху, выкліканая размовамі па мабільным тэлефоне. Строгія пакараенні, якія цяпер прадугледжана змяненнямі ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях, знайшлі станоўчы водгук у ўдзельнікаў “Круглага стала” – в.а. начальніка аддзялення ДАІ РАУС Сяргея КАНАПАЦКАГА, старшыні міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Барыса ГНЕДЗЬКІ, начальніка ДРБУ №101 Аляксандра ТРУХНОВА і начальніка аддзела бяспекі руху і аховы працы філіяла “Аўтапарк №10 г. Лунінца” ААТ “Брэстаблаўтатранс” Тамары ДАВЫДАВАЙ.

– Па выніках мінулага года работа аддзялення ДАІ заслужыла станоўчай ацэнкі. У чым гэта выражана?

Сяргей Канапацкі: Па аператыўнай нарадзе ў Брэсце адзначана, што ў вобласці знізілася колькасць пацярпеўшых у дарожна-транспартных здарэннях. Гэта датычыць і нашага раёна. Летась у 44 ДТЗ загінулі 6 чалавек, паранены 54. У 2009 годзе гэтыя лічбы былі адпаведна – 50 – 9 – 54. Праграму “Мінус 100” выканалі на “выдатна”. Інспектар ДПС Аляксандр Харытановіч затрымаў 107 нецвярозых вадзіцеляў, што з’яўляецца лепшым паказчыкам у краіне. Праводзячы зверку працуючых вадзіцеляў і механізатараў у сельгасарганізацыях раёна, выявілі, што 95 з іх пазбаўлены права кіраваць транспартным сродкам!

– Згодна з новаўвядзеннем, цяпер за няправільную паркоўку трэба будзе заплаціць штраф у памеры адна базавая велічыня. Пры паўторным парушэнні правілаў прыпынку і стаянкі – у два разы больш. Як плануеце “змагацца” з такога роду парушальнікамі.

Сяргей Канапацкі: Вядома, што пакінутая на абочынах тэхніка перашкаджае рабоце тэхнікі ЖКГ, асабліва ў снежныя дні. У нас ёсць эвакуатар, але невялікай магутнасці, таму ў мароз яго нельга выкарыстоўваць, можна пашкодзіць аўтатранспарт. Аднак парушальнікаў знаходзім па базе дадзеных і складаем на іх пратаколы.

– Безумоўна, што пры ДТЗ у першую чаргу вінаваты вадзіцель…

Сяргей Канапацкі: Так, але іншы раз пешаходы і веласіпедысты не прытрымліваюцца правілаў. У цёмны час сутак вадзіцелю цяжка заўважыць чалавека або транспартны сродак, калі яны не маюць святлоадбіваючых элементаў.

Тамара Давыдава: Да таго ж, грамадзяне не заўсёды ўзаемаветлівыя: адны імчацца на хуткасці нават на жоўты сігнал светлафора, а іншыя, ступіўшы на пешаходны пераход, забываюць пераканацца ў бяспецы.

Аляксандр Трухноў: З ліхачамі трэба паступаць больш жорстка. Яны не заўважаюць дарожных знакаў, асабліва тых, што абмяжоўваюць хуткасць падчас правядзення дарожных работ. Мы абслугоўваем 930 кіламетраў дарог. У зімовы час адна праблема – расчыстка ад снега. На гэтым задзейнічана звычайна 15-16 адзінак тэхнікі. Дзякуй і кіраўнікам СВК, якія ідуць насустрач і аказваюць дапамогу на вясковых вуліцах. Працуем у цесным супрацоўніцтве і з аўтапаркам. Нягледзячы на суровасць зімы, зрываў выхаду на лінію аўтобусаў не дапусцілі. У цэлым на зімовае ўтрыманне дарог расходуецца да 40 працэнтаў сродкаў, выдзяляемых на гэтыя патрэбы. З надыходам цяпла патрабуецца значна больш грошаў на “залатванне” праезнай часткі. Пакуль з работай спраўляемся.

– Вельмі часта вадзіцелі не надаюць увагі рамяням бяспекі, ездзяць не прысцёгнутымі. Цяпер жа на першы раз іх чакае штраф у адну базавую велічыню, а пры паўторным парушэнні ад 2 да 5 базавых велічынь. Ці вельмі гэта строга?

Барыс Гнедзька: Думаю, што гэта нармальна. Часта курсанты цікавяцца: “Ці праўда, што за рамень будзе плаціць той, хто не прысцёгнуты?” Гэта памылковая думка. За ўсё адказвае вадзіцель, таму і штраф будзе плаціць ён.

– У час пік вельмі напружаны рух транспартных сродкаў на пуцеправодзе. Што трэба зрабіць, каб не дапусціць аварыйнай абстаноўкі?

Сяргей Канапацкі: З адкрыццём руху на вуліцу Машэрава тут бывае складана раз’ехацца транспартным сродкам. Пры праектаванні планавалі ўстанавіць светлафор. Аднак пакуль яго няма.

Аляксандр Трухноў: Існуе палажэнне, што выезд з горада і ўезд ажыццяўляюцца па галоўнай дарозе. Раней яно так і было. Цяпер жа стала больш складана арыентавацца вадзіцелям, асабліва іншагароднім.

Барыс Гнедзька: Тут жа праходзяць аўтобусныя маршруты і рухаецца грузавы транспарт. Лічу, што трэба пакінуць ранейшы напрамак галоўнай дарогі.

– Пакуль гэтага не зроблена, вадзіцелі і пешаходы павінны ўсядоміць, што часта да ДТЗ вядзе абыякавасць і няўважлівасць. Давайце паважаць адзін аднаго і прытрымлівацца элементарных правілаў.

Падрыхтавала Алена ДАНІЛОВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть