“ВЕРУ Ў НАДЗЕЙНАЕ БУДУЧАЕ РОДНАЙ ГАСПАДАРКІ”

Сёння аграном-насеннявод сельскагаспадарчага кааператыва “Новае Палессе” Валянціна Паўлаўна Аўчарук з лёгкім сумам успамінае час, калі іх гаспадарка грымела на ўсю Беларусь. “Новае Палессе” ішло ў нагу з лепшымі элітгасамі краіны. 
Зараз былыя слаўныя традыцыі ўпэўнена адраджаюцца. Прыйшлі маладыя перспектыўныя спецыялісты, якія не баяцца ставіць перад сабой самыя амбіцыйныя задачы.
Многіх з іх Валянціна 
Паўлаўна па праву лічыць сваімі вучнямі. Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум закончыла ў далёкім цяпер ужо 1979 годзе. З той пары яе лёс трывала звязаны з Брэстчынай. Агранамія стала прызваннем і лёсам. Спецыяліст, як ніхто іншы, ведае, што ўраджай напрамую залежыць ад таго, якое зярнятка ўпала ў цёплую зямлю. Менавіта таму для сяўбы стараецца падрыхтаваць насенне самых высокіх рэпрадукцый. Штогод жыта, трыцікале, пшаніца, ячмень, грэчка, проса і іншыя важныя культуры выкарыстоўваюцца пераважна першай рэпрадукцыі. Таму і аддача ўражвае.
Сёлета раслінаводы гаспадаркі намалацілі  4 тысячы 580 тон янтарнага зерня. І гэта – без уліку кукурузы, ад якой чакаюць прыбаўкі яшчэ ў 2 тысячы тон. У агульнай складанасці намалот перабольшвае мінулагодні прыкладна на 1,5 тысячы тон.
Старшыня сельгаскааператыва Віталь Ермалёнак упэўнены, што ў гэтым – вялікая заслуга агранома-насеннявода Валянціны Аўчарук. Яе любяць і цэняць у гаспадарцы – за надзейнасць, высокі прафесіяналізм, унікальную самааддачу, з якой гэтая незвычайная жанчына робіць сваю справу. Менавіта пазначаныя якасці сталі пераконваючымі пры прысуджэнні Валянціне Аўчарук высокага звання “Чалавек года-2011”.
Яе прывязанасць да малой радзімы (а нарадзілася і вырасла ў Перунова) падзяляе муж, які працуе тут жа, у “Новым Палессі” трактарыстам, і дзеці – яны таксама асталяваліся на Лунінеччыне.
Не шукаць лёгкіх дарог, а ўпэўнена ісці па жыцці, пераадольваючы ўсе складанасці і выпрабаванні. Гэтаму Валянціна Паўлаўна вучыць сваіх калег, гэтаму ж усё жыццё вучыцца сама. У агранома-несеннявода вольнага часу, асабліва ў гарачую пару пасяўной ці ўборачнай кампаній, няшмат. Але тым больш дарагія хвіліны, якія можна прысвяціць дзецям і ўнукам, парадаваць іх дамашнімі ласункамі. Ці вось так – разгарнуць перад сабой стракаты ўзор дамашняга дыванка і з настальгіяй узяцца за кручок…
А заўтра – з надзеяй і радасцю сустрэць новы дзень, напоўнены новымі дасягненнямі і перамогамі.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть