“ВЯРТАЙЦЕСЯ Ў ГУШЧЫНЮ ЖЫЦЦЯ!”

Наталля Іванаўна КАЗАНКОВА, старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы:

 – У першую суботу лютага ў школах адбываюцца традыцыйныя сустрэчы выпускнікоў. І гэта яшчэ раз нагадвае аб цеснай узаемасувязі кожнага чалавека, дзе б ён ні жыў і чым бы ні займаўся, з яго “альма-матэр”, з педагогамі, якія давалі вучням пуцёўку ў дарослае жыццё. Для настаўнікаў, якія прысвячалі сябе школе, актыўная пазіцыя застаецца неабходнай умовай жыцця, як у перыяд работы, так і на заслужаным адпачынку.

Грамадскую работу педагогаў пенсійнага ўзросту накіроўвае райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. На студзеньскай сустрэчы падвялі вынікі дзейнасці згуртавання за мінулы год і вызначылі задачы на ідучы. Актывістаў ветэранскага руху вітала старшыня Нелі Анатольеўна Рафаловіч. Яе прапановы па ўдасканаленню дзейнасці знайшлі шчыры водгук у душах педагогаў.

Раённая арганізацыя ветэранаў адукацыі ў асноўным аб’ядноўвае ў сваіх радах былых педагогаў школ Лунінца. Неабходна згуртаваць настаўнікаў райцэнтра, Мікашэвіч, усіх населеных пунктаў раёна. Гэта датычыць педагогаў не толькі гарадскіх і сельскіх школ, але і дашкольных і пазашкольных устаноў, прафтэхкаледжаў, школы мастацтваў. Запрашаем далучацца да грамадскіх спраў былых спецыялістаў аддзела адукацыі, тэхнічных работнікаў педагагічных устаноў. Дарэчы, станоўчы вопыт работы з апошнімі набыты ў СШ №4. Актыўнасцю вызначаюцца нашы Вольга Ігнатаўна Пуцяціна і Вольга Аляксееўна Халімон.

Аднадумцы-актывісты рухаюць справы і ў іншых установах адукацыі. Перш-наперш назаву СШ №2 г. Лунінца, дзе “пярвічку” ветэранаў узначальвае Ефрасіння Цімафееўна Нуфрыенка. Яна, а таксама Алена Міхайлаўна Бройда памятаюць адметныя даты жыцця сваіх калег, рыхтуюць цудоўныя віншаванні юбілярам. Такая ж адданая свайму калектыву Ганна Іванаўна Харавец, старшыня ветэранскай “пярвічкі” СШ №3 г. Лунінца. Калі здараюцца сумныя падзеі, настаўнікі, не зважаючы на ўласнае нездароўе, праводзяць калег у апошні шлях… За істотную дапамогу актыву ўдзячна жыхарам Лунінца, якія працавалі ў вясковых школах: у Язвінках – Яўгенія Іванаўна Зосіч і Марыя Васільеўна Арашкевіч, у Люшчы – Вера Рыгораўна Левашкевіч. Падкрэслю: савет ветэранаў педагагічнай працы згуртоўвае аднадумцаў выключна на добраахвотных пачатках. Не раз даводзілася чуць ад настаўнікаў, выйшаўшых на пенсію, што пасля бурлівага школьнага жыцця ім вельмі сумна ў чатырох сценах кватэры. Далучайцеся да нашых традыцыйных спраў, тым больш што планаў – “громадьё”! Даючы “клятву юнага пенсіянера”, настаўнікі адчуваюць сябе прадстаўнікамі той рэдкай прафесіі, чые энтузіязм, адданасць і шчырасць заўсёды запатрабаваны ў грамадстве. Такія якасці неабходны і ў ветэранскім руху.

Спадзяемся, пашырыцца кола жадаючых удзельнічаць у новых напрамках сумеснай работы. З мэтай паляпшэння самаадчування і прапаганды здаровага ладу жыцця маем намер стварыць групу здароўя. Лідар ужо вызначыўся – Соф’я Трафімаўна Баравая, якая шмат год была выкладчыкам фізкультуры. Цікавыя задумкі ў Галіны Пятроўны Сыцінай і Валянціны Рыгораўны Дзедзінай, якія яны мараць увасобіць у жыццё разам з такімі ж захопленымі ветэранамі.

Многія жыхары чакаюць плёну грамадска-карыснай дзейнасці педагогаў. Увага неабходна дзецям-інвалідам і маладым людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, асабліва са складанымі захворваннямі.

Гісторыя адукацыі Лунінца вядзе адлік з пачатку 1860-ых. За гэты час змянілася не адно пакаленне настаўнікаў, за месцамі пахавання якіх на могілках патрэбны належны догляд.

Значная роля педагогаў у духоўна-маральным выхаванні грамадства. У далучэнні да сапраўды гістарычнай падзеі, сведкамі якой нам пашчасціла стаць, – узвядзенні ў Лунінцы царквы ў гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших”, – знайшла сябе Вера Адамаўна Бярозка і Ірына Навумаўна Касцючэнка. Жадаючыя таксама, па меры сваіх сіл, могуць дапамагчы ў прыходскіх справах храма. Па прыкладу Першых педагагічных праваслаўных чытанняў, якія праведзены ў снежні, марым адкрыць заняткі ў нядзельнай школе для дарослых. Храмы заўсёды былі цэнтрамі асветы, культуры і духоўнага выхавання грамадства, што сугучна і з прызваннем настаўніцтва.

Аднаўленню аўтарытэту школы, павагі да выкладчыкаў будзе спрыяць работа па збору звестак аб педагагічных дынастыях, на якія багаты наш раён, настаўніках, удастоеных урадавых узнагарод і ганаровых званняў. А маем жа яшчэ каштоўны вопыт шматграннай дзейнасці па развіццю захапленняў педагогаў, з мэтай вывучэння якога на люты ў Лунінцы запланавана выязное пасяджэнне абласнога савета ветэранаў. Застаецца яшчэ раз заклікаць аднадумцаў да актывізацыі грамадскай пазіцыі, пры якой не жартоўным здаецца меркаванне: на пенсіі жыццё толькі пачынаецца!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть