ВЫРАТУЮЦЬ СВЕТ ДЗЕЦІ,

калі дзеля іх выхавання згуртуюцца бацькі, настаўнікі, улады свецкая і духоўная…

Падзею можна назваць гістарычнай: упершыню ў самай маладой школе Лунінца – №4 – у актавай зале гучаў малебен, якім на працягу двух тысяч год благаслаўляюць добрыя справы. Гэта падкрэсліла, адкрыўшы Першыя раённыя чытанні “Вопыт духоўна-маральнага выхавання ў спадчыне праваслаўнай педагогікі”, намеснік начальніка аддзела адукацыі Раіса Якаўлеўна Мазырчук:

– Наша мэта – садзейнічаць аб’яднанню намаганняў дзяржавы, Беларускай праваслаўнай царквы і грамадскасці ў выхаванні падрастаючага пакалення на традыцыйных духоўных і маральных каштоўнасцях нашага народа, умацаванні выхаваўчага патэнцыялу сям’і; распаўсюджванню вопыту супрацоўніцтва органаў кіравання, устаноў адукацыі і храмаў. Арганізацыйныя моманты сустрэчы забяспечвалі метадысты Таццяна Георгіеўна Стасюк, Надзея Мікалаеўна Касач, Ніна Аляксандраўна Цяльпук, Інесса Іванаўна Ярмушэвіч. Сярод удзельнікаў чытанняў не было выпадковых асоб. Кожны з настаўнікаў, хто паведамляў аб сваіх набытках у выхаванні духоўнасці і маральнасці ў вучняў, вядомы і практычным увасабленнем тэарэтычных ведаў. Іх выступленні ілюстравалі мультымедыйныя сродкі. Выставу духоўна-асветнай літаратуры падрыхтавала намеснік дырэктара ліцэя Наталля Вітальеўна Бойка. Яе калегі зрабілі акцэнт: на экалагічным аспекце – біёлаг Галіна Мікалаеўна Сіманава, філалагічным – мовазнаўца Ніна Барысаўна Трэгубава (на прыкладзе твораў Васіля Быкава). Шмат прыкладаў для пераймання прагучала з вуснаў настаўніц Наталлі Яўгенаўны Марза (Язвінская СШ) і Галіны Мікалаеўны Профіт (Люшчанская яслі-сад БШ). Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы Наталля Уладзіміраўна Аксёнава ўручыла педагогам сертыфікат удзельнікаў. Аб тым, што зярняткі слоў настаўнікаў трапляюць у спрыяльную глебу свядомасці дзяцей, сведчылі выступленні студэнтаў – 5-курсніцы Горацкай сельгасакадэміі Людмілы Лясун (аб праваслаўным клубе “Ступені”) і першакурсніка ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Максіма Шэпятунькі (аб настаяцелі Лунінскай Святабарысаглебскай царквы Платоне Ціхановічы – стваральніку першай беларускай граматыкі). Многія прадстаўнікі адукацыі з’яўляюцца адданымі прыхільнікамі праваслаўя. За сумесную дзейнасць у нядзельных школах ім выказалі ўдзячнасць настаяцелі храмаў Іаан Пятрэнка (Свята-Параскевінскі – в. Бастынь), Уладзімір Тарчыла (Свята-Пакроўскі – в. Вялікія Чучавічы), Валерый Скрабец (Свята-Прачысценскі – в. Лахва). Вопытам работы з моладдзю падзяліўся Сергій Крышталь, настаяцель храма, што будуецца ў Лунінцы ў гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших”. Межы мясцовых ведаў перасякалі грунтоўныя працы місіянераў адпаведна раёна і Пінскай епархіі: “Хрысціянская педагогіка ў творах святых айцоў і настаўнікаў Царквы” – іерэя Сергія Чыжа (Свята-Прэабражэнскі храм в. Язвінкі), і “Царква і адукацыя” – дыякана Іаана Гарбунова (Свята-Феодараўскі храм г. Пінск). У 2005 годзе раённая газета артыкулам “Святло душы ствараюць храм і школа” нагадала: у Лунінцы царкоўна-прыходская асвета вядзе адлік з 1890-га. Выказана прапанова падобныя чытанні праводзіць штогод напярэдадні 13 снежня, дня нябеснага заступніка Рускай праваслаўнай царквы апостала Андрэя Першазванага, у памяць настаяцеля Святакрыжаўзвіжанскага храма Андрэя Бярнадскага (1842-1903), першага настаўніка ЦПШ. Надзвычай красамоўным і ўражваючым было падвядзенне вынікаў сустрэчы, што своеасабліва зрабіў дыякан Сергій Плотніцкі. Педагог па першай адукацыі, ён заклікаў калег звычайнымі зямнымі прыкладамі ўзнімаць дзяцей да вышынь духоўнасці. Пранікнёныя словы ў многіх выклікалі слёзы шчырасці… Святочную ўрачыстасць падзеі надала не толькі навагодняя ёлка. З вакальнай праграмай выступіў ансамбль духоўных спеваў “Логас” ДШМ (кіраўнік Вольга Аляксееўна Белавус). Захаплялілі вырабы выхаванцаў нядзельнай школы з Язвінак і выстава карцін “Свет вачамі дзяцей” таленавітых навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў. Па агульнаму меркаванню, найбольш адпавядаючай сэнсу чытанняў быў твор “Я ведаю: Ты са мной” 14-гадовага Арцёма Брадніцкага (настаўніца Наталля Пятроўна Кацуба). Цудоўнае каляднае прадстаўленне паказалі здольныя выхаванцы нядзельнай школы з Лунінца (кіраўнік Ірына Аляксандраўна Моўчан). Удзельнікі сустрэчы напоўнілі душы святлом, каб перадаць яго навакольным напярэдадні вялікага праваслаўнага свята – Нараджэння Хрыстова.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть