Вітаемся па-беларуску – СЁННЯ І ЗАЎСЁДЫ!

З першага кроку пачынаецца любая дарога – у тым ліку і да адраджэння беларускасці. Узровень духоўнасці любой нацыі вызначаецца, перш за ўсё, адносінамі да нацыянальнай спадчыны, важнейшым складнікам якой з’яўляецца родная мова. У ХХІ стагоддзі ЮНЕСКА абвясціла нават адпаведны дзень, каб зберагчы гэту нематэрыяльную каштоўнасць многіх народаў. 
Між тым, у створаным атласе свету знікаючых моў знаходзіцца і беларуская. Аб гэтым сведчыць і афіцыйная статыстыка. Па дадзеных апошняга перапісу насельніцтва 80 працэнтаў жыхароў краіны назвалі сябе беларусамі, але толькі 16 працэнтаў валодаюць мовай тытульнай нацыі.
На працягу некалькіх год ветэраны педагагічнай працы адзначаюць Дзень роднай мовы. Збіраемся 21 лютага і абмяркоўваем хвалюючыя пытанні нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. На мінулай сустрэчы вырашылі звярнуцца да ўсіх землякоў, каму дарагія беларуская гісторыя і культура, хто занепакоены падзеннем цікавасці да роднай мовы. 
Перш-наперш, заклікаем да актывізацыі педагогаў. Хто, як не мы, павінны паказаць прыклад патрыятызму падрастаючаму пакаленню?! Спадзяемся, нашу ініцыятыву падтрымаюць не толькі настаўнікі-беларусазнаўцы, але і выхавальнікі дзіцячых садоў, работнікі бібліятэк, творчая інтэлігенцыя. 
Давайце 21 лютага ва ўсіх установах адукацыі, у тым ліку дашкольных, размаўляць толькі па-беларуску (а лепш, наогул, зрабіць гэта на працягу тэматычнага тыдня, месяч-ніка і нават – памарым – года!). Прапануем (дзецям – у школах і дарослым – ва ўстановах культуры) выказваць свае адносіны да роднай мовы ў форме сачыненняў. Правядзем на гэту тэму класныя гадзіны – з вучнямі і сустрэчы – з іх бацькамі; аб’явім конкурсы на лепшыя – насценную газету, плакат ці малюнак, што прапагандуюць нацыянальную спадчыну; чытальнікаў твораў беларускіх аўтараў. Давайце падорым сабе “раскошу чалавечых зносін” з носьбітамі нашай мовы – чысцейшай сярод славянскіх – з ліку мясцовых літаратараў, што пішуць па-беларуску, а таксама запросім у кожны клас ветэранаў-беларусазнаўцаў, якія шчыра падзеляцца з вамі нацыянальным багаццем.
Пра ўсе вашы справы, што дазволяць 21 лютага назваць сапраўды святочным днём, паведамляйце ў “раёнку”. З 1939-га друкаванае выданне захоўвае адданасць беларускай мове, дадаючы павагі стваральнікам нашай любімай газеты.  
Рэгулярнае чытанне “ЛН” – як працяг удасканалення ведання беларускай мовы ў адпаведнасці з запаветам Максіма Лужаніна:
 “Калі мы хочам, каб нашу мову любілі і паважалі, дык давайце гаварыць і пісаць на ёй так, каб усім было хораша і зайздросна, каб кожнае слоўца зіхацела і пералівалася”.
Наталля КАЗАНКОВА – ад імя ветэранаў педагагічнай працы.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть