ХАЧУ ВЕДАЦЬ, ЧАМУ…

…НЕ ПРАЦУЕ РАЁННАЕ РАДЫЁ?
У нашай вёсцы замянялі лініі электраперадач. Знеслі старыя слупы. Святло – працягнулі, а вось пра аднаўленне радыёправадоў – забыліся. З лютага мы, жыхары завулка Кастрычніцкі, пазбаўлены магчымасці слухаць раённае радыё. Між тым, аплату рэгулярна выстаўляюць у рахункі за карыстанне паслугамі электрасувязі. 
Тэлефанавала ў РВЭС, скардзілася, але безвынікова. Кажуць, што на наступны месяц робяць пераразлік. Але ніяк не могуць зразумець, што справа – не ў грашах. Я гатова і больш, чым адну тысячу рублёў, заплаціць, але хачу слухаць раённае радыё. Дапамажыце!                                                               Ульяна КАХОВІЧ. в. Дрэбск.

Адказвае начальнік раённага вузла электрасувязі Ігар ШУРПІК:
– Паважаная Ульяна Ціханаўна! Лунінецкія электрасеткі не паведамлялі РВЭС аб тым, што сёлета будуць праводзіць рэканструкцыю ліній электраперадач у в. Дрэбск, таму работы і матэрыялы для рэканструкцыі сеткі праваднога вяшчання ў вашай вёсцы не планаваліся. Паколькі ўзнікла такая праблема, вырашым яе на працягу верасня-кастрычніка 2012-га. За тое, што прычынілі вам нязручнасці, прыносім свае прабачэнні.
Показать больше

Похожие статьи

ХАЧУ ВЕДАЦЬ, ЧАМУ…

… У ЛУНІНЦЫ НЕМАГЧЫМА КУПІЦЬ ЦЭМЕНТ?

Будуем уласнае жыллё, але неспадзявана сутыкнуліся з праблемай адсутнасці ў продажы цэменту. Між тым, у суседнім Салігорскім раёне гэты будаўнічы матэрыял не трапіў у разрад дэфіцыту. Чаму іншая сітуацыя ў нашым?

Адказвае старшыня праўлення райспажыўтаварыства Максім СУМАР:

– Уся справа ў тым, што спажывецкі попыт на цэмент сёлета прыкметна вырас. У параўнанні ў аналагічным перыядам мінулага года гэтага будаўнічага матэрыялу прададзена прыкладна на чвэрць больш – 1930 тон (31 вагон!). У магазінаха райспажыўтаварыства яго рэалізавана 787 тон – 40 працэнтаў ад агульнага паступлення. Аднак попыт прыкметна перабольшвае наяўныя рэсурсы, таму, не выключана, што пэўны час недахоп цэменту будзе адчувацца.

 

… НЕЛЬГА АТРЫМАЦЬ ЛЬГОТНЫ КРЭДЫТ НА БУДАЎНІЦТВА Ў ААТ “АСБ “БЕЛАРУСБАНК”?

Без такой дапамогі дзяржавы многія з індывідуальных забудоўшчыкаў проста не здолеюць завяршыць распачатае ўзвядзенне ўласных дамоў.

Адказвае намеснік дырэктара ЦБУ №119 ААТ “АСБ “Беларусбанк” Вольга ЖУК:

– У межах рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №185 ад 14.04.2000 г. “Аб прадастаўленні грамадзянам льготных крэдытаў і аднаразовых субсідый на будаўніцтва (рэканструкцыю) ці набыццё жылых памяшканняў” штогод пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь вызначаюцца аб’ёмы льготнага крэдытавання на жыллёвае будаўніцтва ў цэлым па краіне. У 2011 годзе ААТ “АСБ “Беларусбанк” выдадзена грамадзянам льготных крэдытаў на будаўніцтва жылля і прынята абавязацельстваў па прадастаўленні льготных крэдытаў у адпаведнасці з заключанымі дагаворамі ў памеры, які нават перабольшвае даведзеныя Саўмінам аб’ёмы. У сувязі з гэтым праўленнем банка 25.05.2011 г. падпісана рашэнне, пачынаючы з 1 чэрвеня 2011 года не прымаць спісы на льготнае крэдытаванне.

Разам з тым, з мэтай падтрымкі сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян банкам будзе праводзіцца заключэнне крэдытных дагавораў з мнагадзетнымі сем’ямі, а таксама з грамадзянамі, якія пражываюць, працуюць і ажыццяўляюць будаўніцтва ў населеных пунктах з колькасцю пражываючых да 50 тысяч чалавек і ўключаны ў спісы льготнага крэдытавання для поўнага фарміравання жыллёва-будаўнічых кааператываў. Пытанне прадастаўлення льготных крэдытаў іншым грамадзянам разгладаецца і будзе адноўлена пасля прыняцця ўпаўнаважанымі органамі адпаведнага рашэння.

Пералічэнне грашовых сродкаў у лік адкрытай крэдытнай лініі на рахунак арганізацыі, якая рэалізоўвае будаўнічыя матэрыялы, ажыццяўляецца банкам у безнаяўным парадку на падставе рахункаў-фактур пасля правядзення аналізу прадастаўленых дакументаў. Аналіз дакументаў праводзіць служба крэдытавання насельніцтва філіяла банка. Пасля станоўчага вердыкту прадстаўленыя рахункі будуць аплочаны за кошт льготнага крэдыта.

Для атрымання больш падрабязнай інфармацыі звяртайцеся ў сектар крэдытавання насельніцтва аддзела рознічнага бізнесу па адрасе: г. Лунінец, вул. Гагарына,31, кабінет №32.

Показать больше

Похожие статьи

ХАЧУ ВЕДАЦЬ, ЧАМУ…

Нямала пытанняў прагучала ў ходзе сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкай групы з калектывам Мікашэвіцкага аўтапарка №6. Публікуем адказы на некаторыя з іх. 

 

… НЯМА ПЛАТНАЙ СТАЯНКІ ДЛЯ АЎТАМАБІЛЯЎ?

Яе ўзвядзенне ў Мікашэвічах наспела даўно. Прычым павінна яна быць кругласутачнай, каб можна было не толькі на адзін, але і на некалькі дзён без апасенняў пакінуць там транспарт.

Адказвае старшыня гарвыканкама Анатоль ДАВЫДОВІЧ:

– Пабудаваць платную кругласутачную стаянку ў нашым горадзе плануем на вуліцы Млынавая. Узяцца за гэтую справу мяркуе адзін з індывідуальных прадпрымальнікаў. Зараз справа праходзіць этап падрыхтоўкі дакументаў.

 

… БАСКЕТБОЛЬНУЮ ПЛЯЦОЎКУ ВЫКАРЫСТОЎВАЮЦЬ ПАД СТАЯНКУ ДЛЯ АЎТО, А ПРЫ ЎСТАНОЎЦЫ КАНТЭЙНЕРАЎ ПАРУШАЮЦЦА САНІТАРНЫЯ ПРАВІЛЫ?

Маецца на ўвазе дваровая баскетбольная пляцоўка каля дома №3 па вуліцы Маладзёжная і кантэйнеры, размешчаныя непадалёк ад жылых дамоў па названай і вуліцы Садовая.

Адказвае дырэктар КУШВП ЖКГ “Мікашэвіцкая ЖКГ” Андрэй СЕРЖПУТОЎСКІ:

– Такая сітуацыя ўтварылася, у пэўным сэнсе, ад безвыходнасці. Паблізу ўзводзіцца дом жыллёва-будаўнічага кааператыва “Алімп”, таму будаўнікі вымушаны часова выкарыстоўваць пляцоўку для стаянкі транспарту і складзіравання матэрыялаў. Пасля завяршэння работ пляцоўка будзе прыведзена ў перашапачатковы выгляд.

Што датычыць устаноўкі кантэйнераў для збору цвёрдых бытавых адходаў, то санітарныя нормы пры ўстаноўцы іх на Маладзёжнай і Садовай захаваны. Пляцоўка, дзе ўстаноўлены скрыні, агароджана, мае бетанаваную аснову, а самі кантэйнеры размешчаны на адлегласці не менш як 20 метраў ад вокнаў жылых дамоў, як таго і патрабуюць санітарныя нормы. Стыхійны сметнік з адходаў будаўнічых матэрыялаў, на які скардзяцца жыхары, іншы раз утвараецца па прычыне ўзвядзення побач новага дома. Пасля завяршэння будаўніцтва непарадак будзе ліквідаваны.

 

… НЕЛЬГА ЎСТАНАВІЦЬ СВЕТЛАФОРЫ НА АВАРЫЙНЫХ СКРЫЖАВАННЯХ?

Цэнтральная мікашэвіцкая вуліца Першамайская мае некалькі такіх небяспечных перакрыжаванняў.

Адказвае начальнік РАУС Уладзімір РЫБАК:

– У мэтах захавання бяспекі дарожнага руху, а таксама прафілактыкі дарожна-транспартных здарэнняў, супрацоўнікамі аддзялення ДАІ РАУС адразу пасля сустрэчы праведзена абследаванне вулічна-дарожнай сеткі г. Мікашэвічы. Свае прапановы і вывады праваахоўнікі прадставілі на пасяджэнне камісіі па бяспецы дарожнага руху, створанай пра райвыканкаме. Яе пасяджэнне адбудзеца ў чэрвені 2011 года. Мяркуецца, што на ім будзе разгледжана і пытанне мэтазгоднасці абсталявання на Першамайскай светлафора. Аб прынятым рашэнні паведамім дадаткова.

 

… ЖЫХАРЫ ВЫМУШАНЫ ГЛЫТАЦЬ ПЫЛ?

Праезная частка на вуліцы Францыска Скарыны знаходзіцца ў пяці метрах ад пад’ездаў шмакватэрнага дома №3. Не ў лепшым становішчы і інтэрнат, які знаходзіцца паблізу. Вуліца не заасфальтавана, а толькі пасыпана адсевам. Можна ўявіць, якія клубы пылу ўзнімаюцца тут у сёлетняе спякотнае надвор’е пасля таго, як пройдзе вялікагрузны транспарт.

Адказвае дырэктар КУШВП ЖКГ “Мікашэвіцкая ЖКГ” Андрэй СЕРЖПУТОЎСКІ:

– Камунальнікі ведаюць праблемы названай вуліцы. Мяркуецца, што вырашаны яны будуць на працягу чэрвеня-ліпеня 2011 года. Ва ўсялякім выпадку, за гэты час плануецца заасфальтаваць вуліцу Скарыны на адрэзку ад перакрыжавання з Маладзёжнай да перакрыжавання з Першамайскай. Будзем спадзявацца, што планам не перашкодзяць непрадбачаныя фінансавыя праблемы, і глытаць пыл жыхарам названых дамоў больш не давядзецца.

 

… НЕЛЬГА АБНАРОДАВАЦЬ ЛІЧБЫ?

Жыхары цікавяцца, колькі летась грошай пайшло на добраўпарадкаванне Лунінца?

Адказвае намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр ЦЯЛЬПУК:

– Летась на добраўпарадкаванне Лунінца зрасходавана 10 мільярдаў 880 мільёнаў рублёў. З іх бюджэтных сродкаў – 7 мільярдаў 595 мільёнаў рублёў (на ўтрыманне горада – 3 мільярды), сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый – 2 мільярды 804 мільёны, насельніцтва – крыху больш як 480 мільёнаў рублёў.

 

… “ГАЗАВІКІ” НЕ СПЯШАЮЦЦА ПАСЛЯ СЯБЕ РАМАНТАВАЦЬ ВУЛІЦЫ?

У Мікашэвічах пасля пракладкі газаправода засталіся нядобраўпарадкаванымі вуліцы Новая і Млынавая, завулкі Паўночны і інш.

Адказвае дырэктар РВУ “Лунінецрайгаз” Вячаслаў СЫЦЭВІЧ:

Работы па аднаўленню асфальтабетоннага пакрыцця названых вуліц выконваюць спецыялісты ААТ “Кампактэнерга”. Па стану на 24 мая 2011 года там пакладзена 3 тоны асфальтабетона.

Показать больше

Похожие статьи

ХАЧУ ВЕДАЦЬ, ЧАМУ…

…НЕ СПЯШАЮЦЦА ВЫДАЦЬ ТЭЛЕФОННЫ ДАВЕДНІК?

Адказвае начальнік раённага вузла элетрасувязі Ігар ШУРПІК:

– У РУЭС ёсць дастатковая колькасць тэлефонных даведнікаў для рэалізацыі, а таму неабходнасці ў выданні новага пакуль не бачым. Каштуе даведнік 8000 рублёў. Набыць яго можна ў Лунінцы ў сервісным цэнтры “Белтэлекама” на Чырвонай,133 і на тэлеграфе, размешчаным на вуліцы Пінская,6. У Мікашэвічах даведнік прадаецца на перагаворным пункце.

Разам з тым, не адмаўляем і той факт, што з 2005 года, а менавіта тады была выдадзена апошняя тэлефонная кніга, інфармацыйны змест яе крыху састарэў. За гэты час на Лунінеччыне дабавілася каля 4 тысяч новых нумароў, а ў Мікашэвічах праходзіла іх масавая замена. Не выключана, што ў будучым звернемся да “Белтэлекама” – уладальніка тэлефоннай базы – з прапановай выпусціць новы даведнік.

 

…ГАЗАПРАВОД ПРАКЛАЛІ, А ПРА ВУЛІЦУ ЗАБЫЛІ?

Пасля пракладкі газаправода вуліца Кастрычніцкая у Палескім мае выгляд, варты шкадавання. Няўжо газавікі не выправяць свае агрэхі? Калі ў дамы існуючага жылога фонда прыйдзе блакітнае паліва і ці дачакаюцца яго жыхары Меліярацыйнай, Калініна, 8 сакавіка, Міра, Азёрнай і іншых вуліц пасёлка?

Адказвае дырэктар РВУ “Лунінецрайгаз” Вячаслаў СЫЦЭВІЧ:

– Добраўпарадкаванне на вуліцы Кастрычніцкай уздоўж лініі пракладкі газаправода выканана. Прыродны газ у дамы існуючага жылога фонду будзе пададзены да канца красавіка гэтага года. Што датычыць астатніх вуліц, то газіфікацыя дамоў там плануецца ў 2012 годзе. Выдзеленых сёлета бюджэтных сродкаў, а гэта 1 мільярд 71 мільён 400 тысяч рублёў, хопіць на падключэнне да выгоды цывілізацыі толькі пяці кааператываў індывідуальных забудоўшчыка. КІЗ, створаны на названых вуліцах, у чарзе восьмы.

Показать больше

Похожие статьи

ХАЧУ ВЕДАЦЬ ЧАМУ…

НЕЛЬГА ПАДОЎЖЫЦЬ МАРШРУТ ПРЫГАРАДНАГА АЎТОБУСА?

Справа ў тым, што аўтобус у Любачыне даязджае толькі да сярэдзіны вёскі. Каля канторы ён пэўны час стаіць, пасля чаго ідзе на зваротны шлях. Між тым, Любачын – вялікі населены пункт, да ускраін якога пасажырам (часта пажылога ўзросту) даводзіцца ісці не адзін кіламетр.

 

Адказвае дырэктар філіяла “Аўтамабільны парк №10 г. Лунінца” ААТ “Брэстаблаўтатранс” Сяргей Кіндрук:

– З 18 сакавіка 2011 года адпаведны прыгарадны аўтобусны маршрут падоўжаны да прыпыначнага пункта, абсталяванага ў канцы вёскі Любачын.

 

НЕ ПРАЦУЕ ЛАЗНЯ Ў СІНКЕВІЧАХ?

Жыхары вёскі неаднойчы тэлефанавалі ў Мікашэвіцкую ЖКГ, спрабуючы высветліць прычыны раптоўнага закрыцця лазні і, галоўнае, тэрмін, на які спынена яе работа.

 

Адказвае дырэктар КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” Васіль ВАКУЛЬЧЫК:

– Работу лазні ў Сінкевічах давялося спыніць па прычыне выхаду са строю катла. Зараз вырашана пытанне з набыццём новага. Пасля яго дастаўкі з Мінска і мантажу лазня адновіць сваю работу. Мяркуецца, што адбудзецца гэта не пазней 9 красавіка 2011 года.

 

ДЗЯРЖАВА ФІНАНСУЕ БУДАЎНІЦТВА ПРЫВАТНЫХ АГАРОДНІНАСХОВІШЧАЎ І НЕ ДАПАМАГАЕ ІХ УЗВОДЗІЦЬ ГАСПАДАРКАМ РАЁНА?

Маецца на ўвазе фермерская гаспадарка “Навіцкіх”, дзе ўзведзена агароднінасховішча на 10,5 тысячы тон агародніны, ёсць халадзільнае абсталяванне і лінія для вакууміравання прадукцыі.

 

Адказвае в.а. начальніка райсельгасхарчу Сяргей БОЙКА:

– Агароднінасховішча фермерскай гаспадаркі “Навіцкіх” пабудавана за прыватныя сродкі ўладальніка. Але гэта не значыць, што дзяржава не падтрымлівае бізнес. Аналагічны аб’ект у фермерскай гаспадарцы “Чэркас і К” ўзведзены з прыцягненнем банкаўскіх крэдытаў. Што датычыць гаспадарак раёна, то з дапамогай крэдытаў пабудавана агароднінасховішча ў СВК “Дварэцкі”, а летась такі ж аб’ект уведзены ў строй у СВК “Гарадоцкі”. Тут пад захоўванне 1,5 тысячы тон бульбы пераабсталявана былая майстэрня.

Акрамя гэтага, у раёне прыступілі да поўнамаштабнай рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця бульбаводства, агароднінаводства і плодаагародніцтва. Згодна з ёй, сёлета на Лунінеччыне будуць пабудаваны 4 бульбасховішчы – у СВК “Вулькаўскі світанак”, “Азярніца”, на Палескай станцыі і ў фермерскай гаспадарцы “Юліян”, якія мэтанакіравана займаюцца вырошчваннем клубняў і штогод адводзяць пад гэту культуры не менш як 100 гектараў.

Показать больше

Похожие статьи

ХАЧУ ВЕДАЦЬ, ЧАМУ…

З гэтых слоў звычайна пачынаюцца пытанні, якія людзі задаюць членам інфармацыйна-прапагандысцкіх груп у ходзе сустрэч у межах адзінага дня інфармавання. Сёння на найбольш актуальныя на старонках нашай газеты даюць адказ кампетэнтныя асобы. …

 

ЗАКРЫВАЮЦЬ НА РАМОНТ ГІНЕКАЛАГІЧНАЕ АДДЗЯЛЕННЕ Ў МІКАШЭВІЧАХ?

І ці праўда, што неўзабаве дзіцячую кансультацыю ў Лунінцы перавядуць у вызваліўшыеся памяшканні старога бальнічнага гарадка на Залессі?

 

Адказвае галоўны ўрач установы аховы здароўя “Лунінецкая ЦРБ” Мікалай КОЧЫК:

– Варта сказаць, што гінекалагічнага аддзялення, як самастойнага падраздзялення філіяла УАЗ “Мікашэвіцкая бальніца”, няма. Ёсць 15 ложкаў гінекалагічнага профілю на базе хірургічнага аддзялення. У 2009 годзе тут быў праведзены бягучы рамонт: заменена падлога, дзверы, электраправодка, сантэхнічнае абсталяванне, пафарбаваны сцены і столя. На гэтыя мэты выдаткавана каля 400 мільёнаў рублёў. Сёлета праводзіць тут рамонт не плануецца.

Што датычыць пераводу з Лунінецкай паліклінікі на Залессе дзіцячай кансультацыі, то мяняць яе “дыслакацыю”, пакуль не плануецца. Улічваючы пажаданне пацыентаў, застанецца ў паліклініцы і жаночая кансультацыя. Ёсць мноства слушных прапаноў, як разгрузіць паліклініку і з найбольшай карысцю задзейнічаць старыя памяшканні бальнічнага гарадка. Пакуль цяжка сказаць, якія з іх будуць адобраны. Адназначна адно: усе яны будуць накіраваны на тое, каб зрабіць медыцынскае абслугоўванне насельніцтва больш даступным, камфортным і эфектыўным.

 

…АЦЯПЛЕННЕ ВАГОНЧЫКА ДЛЯ БУДАЎНІКОЎ ВЯДЗЕЦЦА ДЗЕДАЎСКІМ СПОСАБАМ?

Пры гэтым жыхарам шматпавярховак, якія размешчаны паблізу ад узводзімага новага кааператыўнага дома, немагчыма праветрыць кватэры: дым адразу ж праз расчыненыя форткі трапляе ў жылыя пакоі.

 

Адказвае начальнік ПМК-19 Фёдар БІРЫЛА:

– Бытавы вагончык для будаўнікоў, што ўзводзяць ЖБК-15, і сапраўды размешчаны паблізу ад жылых шматпавярховак. Аднак з нядаўняга часу ацяпленне яго ажыццяўляецца маслянымі электранагравальнікамі.

 

…НЕ ПРАЦУЕ КЛУБ У СЕЛЬГАСТЭХНІЦЫ?

Па гэтай прычыне мясцовай моладзі няма дзе бавіць вольны час.

 

Адказвае начальнік аддзела культуры райвыканкама Ганна БАЕЦКАЯ:

– Прычына банальная – недахоп кваліфікаваных работнікаў. Зараз праводзіцца работа па падбору кандыдатуры на пасаду загадчыка клуба. Друкавалі звесткі аб наяўнасці вакансіі ў СМІ, у тым ліку і ў “ЛН”, аднак працаваць там пакуль ніхто жадання не выказаў. Адначасова падалі заяўку ў абласное ўпраўленне культуры на размеркаванне маладых спецыялістаў у раён. Калі просьба будзе задаволена, пасада загадчыка клуба будзе ўкамплектавана.

 

…ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ НОВАГА МІКРАРАЁНА АБМЕЖАВАЛАСЯ ВУЛІЦАЙ МАШЭРАВА?

Ці будзе звернута ўвага на іншыя “артэрыі” мікрараёна?

 

Адказвае галоўны архітэктар горада Канстанцін НАВІЦКІ:

– Па заказу райвыканкама УКП “Брэстдарпраект” распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя не толькі на добраўпарадкаванне вуліцы Машэрава ў раёне прыватнай забудовы каля ліцэя, але і на наведзенне парадку на вуліцах Скарыны і Броўкі. Работы пачнуцця вясной 2011 года.

 

…НЕ АДМАЎЛЯЮЦЦА НА МАЛОЧНЫМ ЗАВОДЗЕ АД ВЫПУСКУ КАЗЕІНУ?

З пачаткам вясны і надыходам лета жыхары ўскраін Лунінца зноў будуць пакутаваць ад непрыемнага паху.

 

Адказвае дырэктар ААТ “Лунінецкі малочны завод” Сяргей КАРПЕЦ:

– Тэхнічны казеін на прадпрыемстве не выпускаецца з кастрычніка 2009 года. А непрыемны пах утвараецца пры перапрацоўцы сцёкаў малочнай вытворчасці. Сёлета плануецца кардынальна памяняць рэгламент эксплуатацыі існуючых ачысных збудаванняў. Зараз па нашай просьбе “Навукова-доследны інстытут фізіка-хімічных праблем” БДУ распрацоўвае новы спосаб ачысткі сцёкавых вод. Прымяненне сучасных тэхналогій дазволіць знізіць шкодны ўплыў на навакольнае асяроддзе ў цэлым і зменшыць непрыемны пах ў раёне Сельгастэхнікі.

 

…НЕ ЗАЎСЁДЫ СВОЕЧАСОВА АЧЫШЧАЮЦЦА АД СНЕГУ ВУЛІЦЫ СЕЛЬГАСТЭХНІКІ?

Ці не ў апошнюю чаргу тут вызваляюцца ад сумётаў аўтобусныя прыпынкі? І чаму неачышчанымі застаюцца стаянкі аўтатранспарту каля адміністрацыйных будынкаў? Аркамя гэтага, сітуацыю ўскладняюць агрэхі з вулічным асвятленнем.

 

Адказвае дырэктар КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” Васіль ВАКУЛЬЧЫК:

– Зіма сёлета выдалася снежная, але ж камунальная служба сустрэла яе не ў разгубленасці. Устаноўлены дырэктыўныя тэрміны снегаачысткі і шырыня вызваляемай ад зімовых ападкаў праезнай часткі. Патрабаванні гэтыя стараемся строга захоўваць. У Сельгастэхніцы ў звычайных умовах на ачыстку дарожнага пакрыцця адводзіцца 12-16 гадзін, у экстранных – 18-22 гадзіны. На працягу тыдня імкнемся навесці парадак і на ўсіх прыпыначных пунктах. Згодна з падзелам на катэгорыі, на ўсіх вуліцах пасёлка, акрамя Давыдава, дапускаецца наяўнасць снежнага накату і калейнасці. Шырыня ачысткі праезнай часткі цэнтральных вуліц звычайна складае 80 працэнтаў, перыферыйных – 60-70.

Усе стаянкі транспартных сродкаў каля прадпрыемстваў, арганізацый, сацыяльных і аб’ектаў гандлю ачышчаюцца ад снегу за кошт сіл і сродкаў ведамстваў, якім належаць. Аператыўна адрэагавалі на ўзнятыя праблемы работнікі ўчастка добраўпарадкавання, якімі праведзена рэвізія вулічнага асвятлення ў Сельгастэхніцы. Выяўленыя недахопы ўхілены. Для своечасовага рэагавання на запыты жыхароў створана кругласутачная дыспетчарская служба з нумарам тэлефона 115.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть