ЯКІ ГАЛАСІСТЫ І ПРЫГОЖЫ… КАБАН!

21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы

У вёсках нашага раёна разумеюць, што размова ідзе пра выдатныя якасці пеўня.

Гэты і іншыя прыклады незвычайных слоў прыводзяцца ў зборніку матэрыялаў Першай дыялекталагічнай канферэнцыі БССР, які выдадзены Акадэміяй навук БССР у Мінску ў 1950 годзе (у цытатах пакідаем тагачасную арфаграфію):

“У лексіцы лунінецкіх гаворак захаваліся некаторыя старыя словы, напр. каліта (мяшок), тавар (скот), жуковіна (кальцо), пан’aў (схапіў фізічна) і інш. Вельмі цікавым з’яўляецца факт ужывання слова кабаны ў значэнні пеўні: (кабаны п‘айўц’ ці п’ейўць). З такім значэннем слова кабаны ўжываецца ва ўсіх населеных пунктах, распаложаных на р. Цна, пачынаючы з паўночнага – Вялюта і канчаючы самым паўднёвым – Кажан-Гарадок, гэта амаль пры ўпадзенні Цны ў Прыпяць”.

Такія цікавыя назіранні занатаваў Д.С. Целенцюк – аўтар артыкула “Лунінецкія гаворкі”. Паведамляецца, што кафедра мовы Пінскага настаўніцкага інстытута вывучала гаворкі Лунінецкага раёна на працягу 1947-1948 гг. шляхам дыялекталагічных экспедыцый. У іх удзельнічалі студэнты літаратурнага аддзялення ВНУ. Яны адказвалі на пытанні праграмы па збіранню беларускіх гаворак, распрацаванай Інстытутам мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, запісвалі бытавыя гутаркі і ўзоры мясцовага фальклору. Былі абследаваны наступныя населеныя пункты: “Лоўча, Лунін, Вулька I, Язвінкі, Дрэбск, Кажан-Гарадок, Лахва, Любачын, Цна, Купаўцы, Дварэц, Вулька II, Дзятлавічы, Бостынь, Вялюта, Гоцк, Лугі, Гаўрыльчыцы, Вялікія Чучавічы, Кормуж і Баравікі”.

Свой выбар аўтар растлумачыў проста:

“Заняўшыся вывучэннем пінскіх дыялектаў, я спыніўся на Лунінецкім раёне Пінскай вобласці, таму што лічыў яго са­мым багатым у сэнсе разнастайнасці сялянскіх гаворак. Гэта маё меркаванне асноўвалася на знаёмстве з працамі такіх дыялектолагаў, як Міхальчук, Дурнаво, Сокалаў, Ушакоў, Карскі, Ганцаў і Жылінскі, якія праводзілі граніцу паміж украінскімі і беларускімі гаворкамі ў межах Лунінецкага раёна ці паблізу… Ён з’яўляецца месцам стыку беларускіх і ўкраінскіх гаворак. …Вялікай разнастайнасці гаворак… садзейнічалі і прыродныя ўмовы, таму што боль­шая частка паверхні гэтага раёна пакрыта балотамі і лясамі, якія перашкаджалі зносінам паміж жыхарамі населеных пунктаў, размешчаных на пясчаных грывах, раздзеленых непраходнымі топкімі балотамі і ляснымі гушчарамі”.

Адзначаецца, што “лунінецкія гаворкі з’яўляюцца пераходнымі, прычым колькасць беларускіх рыс у іх павялічваецца пры прасоўванні з поўдня на поўнач і з захада на ўсход”. На падставе фанетычных дадзеных праведзена класіфікацыя лунінецкіх гаворак і ўстаноўлены межы фанетычных з’яў. Прыводзяццца шматлікія прыклады вымаўлення ці мясцовых выразаў нашых вяскоўцаў, якія сустракаюцца і сёння. Ёсць рацыянальнае зерне і ў вывадзе аўтара, хаця ён і прадыктаваны палітычнай кан’юнктурай таго часу: “Новая эпоха, наступіўшая для жыхароў Лунінецкага раёна, як і для ўсёй Заходняй Беларусі, з 1939 года, унесла і ўносіць вялікія змяненні ў гаворкі, асабліва ў галіне лексікі. Да Совецкай улады беларускія сяляне, якія знаходзіліся пад уладай панскай Польшчы, жылі адасобленым жыццём, не выходзячы за межы поўпершабытнай натуральнай гаспадаркі. Большасць сялян былі непісьменнымі; у школах, якіх было вельмі мала, выкладанне вялося на незразумелай, чу­жой, польскай мове. 3 прыходам Совецкай улады становішча сялян у корані змянілася. Усе мерапрыемствы Совецкай улады накіраваны на тое, каб далучыць адсталага беларуса-палешука да радаснага соцыялістычнага жыцця. Шырокім струменем палілася асвета ў палескія вёскі, арганізуюцца МТС і калгасы. Усе гэтыя змяненні ў жыцці беларуса Палесся знаходзяць сваё адлюстраванне ў гаворках. У лексіку гаворак увайшлі і ўваходзяць сотні новых слоў, якія адлюстроўваюць соцыялістычную эпоху, напр. армія (раней войска), васкрэснік, гражданін, заяўленне (раней прошеніе), кіно, рабочы клас, камітэт, комсамол, кансультацыя, міліцыя, атлічнік, комуністычная партия, патрыёт, піонер, прэдседацель сельсовета, прэзідыум, роўнапраўе, родзіна, сельпо, сельсовет, калхоз, саўхоз, сямілетка, соцыялізм, стаханавец, страіцельства, таварыш, трыбуна, ударнік і многія іншыя. Усе гэтыя словы адсутнічалі ў гаворках гэтых мясцін і ўвайшлі ў іх пасля 1939 года”.

Падрыхтавала Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть