“ЗЯМЛЯНЕ” мае, дарагія мае землякі…”

У нядзелю – Дзень беларускай навукі

Прыгожыя паэтычныя радкі міжволі прыгадваюцца, калі знаёмлюся з работай навуковага таварыства вучняў (скарачэнне па-руску – “НОУ”), у якім з аднолькавым задавальненнем імкнуцца да адкрыццяў не толькі ліцэісты, але і настаўнікі. Натхняючаму даследчаму настрою ўсецэла садзейнічае адміністрацыя. Намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце ліцэя Наталля Вітальеўна БОЙКА адзначае:

– Заснавальнікам навуковага напрамку ў вучэбна-выхаваўчым працэсе з’яўляецца выкладчыца біялогіі Галіна Мікалаеўна Сіманава. Літаральна праз два гады пасля адкрыцця ў Лунінцы прэстыжнай навучальнай установы педагог арганізавала прыродазнаўчы клуб “Зямляне”, у якім пачалі займацца не абыякавыя да з’яў і падзей знешняга свету дзеці. Адданым паплечнікам калегі стала выкладчыца хіміі Таццяна Васільеўна Казлова. Намаганні настаўнікаў актыўна заахвочвала тагачасны намеснік дырэктара Антаніна Іванаўна Базык.

– Чым кіраваліся ліцэісты, пачынаючы навуковую дзейнасць з даследаванняў прыродазнаўчага характару?

– Праца ўзбагачала дзяцей і дарослых яркімі ўражаннямі ад зносін з роднай зямлёй. Даследаванні, спалучаючы навуку і практычнае прымяненне новых ведаў, абавязвалі маладое пакаленне быць не проста насельнікамі, а грамадзянамі, якія ганарацца Айчынай і адказныя перад ёй. Самастойныя пошукі вытокаў спрыялі аднаўленню цэласнасці душэўных якасцей чалавека. Ажыўлялася памяць аб нашым радаводзе. У рускай мове словы “радзіма – прырода – бацькі – род” маюць адзін корань.

– Асэнсаванне гэтага дапамагло пашырыць колькасць навуковых напрамкаў, у якіх праяўляюць свой інтарэс вучні?

– Безумоўна! Цяпер на штогадовых ліцэйскіх канферэнцыях працуюць па 5-6 секцый, уключаючы старэйшую – прыродазнаўчых навук, а таксама рускай і беларускай філалогіі, замежных моў і літаратур, дакладных навук, гісторыі і краязнаўства.

– Як самі вучні лічаць, навошта ім, пры сучаснай прадметнай загружанасці, дадатковая пошукавая работа?

– Летась правялі сацыялагічнае апытанне на гэту тэму. З 80-ці дзяцей 96 працэнтаў адзначылі, што заняткі даследчай дзейнасцю павысілі іх цікавасць да вучобы, 86 – што яны сталі больш актыўнымі, 88 – больш самастойнымі. Амаль дзве трэці апытаных ліцэістаў адзначылі павелічэнне паспяховасці ў вучобе.

– Многія “разумнікі і разумніцы” перамагаюць на адпаведных конкурсаў раённых і вышэйшых узроўняў.

– З 1998 года набыткам навуковай дзейнасці ліцэістаў сталі 35 дыпломаў і адна грамата ў вобласці, 16 дыпломаў і дзве граматы – у рэспубліцы. Гонар не толькі нашага краю – чатырнаццаць вучняў ліцэя, якія былі ўдастоены стыпендый спецыяльнага Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Шэсць з іх адзначаны менавіта за дасягненні ў даследчых работах. Большасць лаўрэатаў – выпускнікі, цяпер сталі студэнтамі ці, закончыўшы ВНУ, ужо ўносяць свой уклад у айчынную навуку.

– Ці памятаюць ліцэй, які даваў ім “пуцёўку ў жыццё”?

– І нават плённа супрацоўнічаюць! У якасці прыкладу прывяду наступны. Улетку тры працы нашых вучняў удзельнічалі ў ІХ рэспубліканскім конкурсе “Зямля – наш дом”, які праводзіць маладзёжны экалагічны рух Беларусі. Атрыманы тры дыпломы І ступені. Адно з даследаванняў – “Распрацоўка і прымяненне экспрэс-метадаў вызначэння агульнай кіслотнасці прыродных вадаёмаў” – рыхтаваў Уладзіслаў Гапко, цяпер вучань 10 “Г” класа. Яго навуковым кіраўніком была выпускніца-2002 ліцэя – аспірантка біяфаку БДУ Юлія Канстанцінаўна Верас. За працу “Геліястанцыя “Прамень” – адзін з відаў альтэрнатыўных крыніц энергіі” ўзнагароджаны Андрэй Раманчук і Раман Кічатаў. Абодва летась закончылі ліцэй і сталі студэнтамі медуніверсітэтаў: адзін – у Гродна, другі – у Мінску. Адзначана яшчэ адно даследаванне – “Выдзяленне, аналіз і перспектывы прымянення метабалітаў некаторых лішайнікаў”. Яе рыхтаваў прэзідэнцкі стыпендыят Міхаіл Баравой, цяпер вучань 10 “Д” класа.

– Гэтыя вынікі ў навуковай сферы можна лічыць вучнёўскімі падарункамі юбілею ліцэя, ці не так?

– Сапраўды, рыхтуемся да святкавання 20-годдзя ліцэя ў сёлетнім лістападзе і абагульняем каштоўны вопыт даследчых дасягненняў нашага калектыву. У снежні апошняя праца адзначана і дыпломам ІІ ступені на абласным конкурсе эколага-біялагічных работ. Тады ж вучаніцы 11 “Г” класа Вікторыя Сарока, Паліна Кульгун і Лілія Патапава (навуковы кіраўнік Наталля Мікалаеўна Клімачова) за працу “Поры года ў лірыцы Івана Буніна” ўзнагароджаны дыпломам І ступені на абласной канферэнцыі “Ад творчасці настаўніка да творчасці вучня” па філалагічных дысцыплінах. Плённых вынікаў у навуковай творчасці дасягаюць і выхаванцы выкладчыц англійскай мовы Алы Юр’еўны Жук і Ірыны Аляксандраўны Грушэўскай. Дарэчы, сама яна – вельмі творчая асоба і цяпер кіруе навуковым таварыствам вучняў.

– У нядзелю адзначаецца прафесійнае свята навукоўцаў. Ці заўважана яно на ліцэйскім календары?

– Абавязкова! У чацвер адбыўся першы этап ХІV ліцэйскай канферэнцыі. У навуковым таварыстве вучняў пастаянна займаюцца 28 чалавек, а даследчыя працы падрыхтавалі 36 ліцэістаў пад кіраўніцтвам 12 настаўнікаў. Лепшыя даклады будуць вылучаны на другі этап, па выніках якога ажыццявім адбор прадстаўнікоў на агульнараённую VI канферэнцыю “З навукай – у будучыню”.

– Ліцэй па праву лічыцца флагманам навуковага напрамку сярод устаноў адукацыі раёна. Вашы пажаданні аднадумцам – калегам і вучням.

– Разам з настаўнікамі ўсведамляю, якую адказнасць нясем за фарміраванне новых пакаленняў, выхаванне у іх разумнага спалучэння і гармоніі са сваімі прыроднымі каранямі, патрэбнасці шанаваць культурна-гістарычную і духоўную спадчыну як у думках, так і ва ўчынках. Імкнуся перадаць дзецям уласнае своеасаблівае жыццёвае крэда: зрабіць усё, што ад цябе залежыць, каб падарыць свету той максімум дабра, які даступны табе пры тваіх здольнасцях. Жадаю, каб нашы вучні з любоўю жылі цяперашнім, з верай захоўвалі традыцыі, з надзеяй стваралі будучае.

Гутарыла Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть