За паўгоддзе 54 чалавекі ВЕРНУТЫ Ў ГРАМАДСТВА

7 ліпеня – Дзень прафілактыкі алкагалізму
Вядучы. Год таму абмяркоўвалі праблему процідзеяння алкагалізму. На вашу думку, у які бок змянілася сітуацыя: горшы ці лепшы?
Т.А. Шандарэўская: Калі летась за паўгоддзе з-за пазбаўлення бацькоўскіх правоў статус сіраты набылі чатыры дзіцяці, то сёлета – адно. Актывізаваліся сельвыканкамы, якія дапамагаюць не давесці сітуацыю да крытычнай. 
А.І. Качановіч: Дзякуючы сумесным дзеянням школы, мясцовай улады, участковых інспектараў РАУС і медыкаў, сям’я не выпадае з поля зроку грамадства. У маі на камісіі па барацьбе з п’янствам разглядалі хутарскую нядбайную сям’ю. Наркалагічнай службе рэкамендавалі ўзяць на кантроль маму, якая злоўжывае алкаголем. Пагроза адабрання дзяцей паўздзейнічала. Днямі наведала хутар і засталася задаволена ўбачаным. У мамы – свежы выгляд, дома прыбрана, дзеці дагледжаны.
С.І. Дзмітрыева: Мне даводзіцца сутыкацца не столькі з людзьмі, хворымі на алкагалізм, колькі з сузалежнымі асобамі – іх роднымі. Неабходна ўзмацняць псіхалагічную работу ў гэтым напрамку. Людзі, страціўшыя сябе, фактычна прыкаваны да ложка, але па-ранейшаму прыносяць пакуты блізкім. Негатыўны ўплыў алкаголікаў духоўна разбурае іх маці, жонак, дзяцей.
А.І. Качановіч: Прапанавала арганізаваць у 4-ым квартале групы для псіхатэрапеўтычнага лячэння сузалежных. Чалавек, які нічога не хоча мяняць у сваім жыцці, проста не жыве. Мы не павінны абыякава ставіц-ца да такой сітуацыі.
Н.В. Вінаградава: У параўнанні з мінулым паўгоддзем колькасць падлеткаў, якія затрыманы ў стане алкагольнага ап’янення, павялічылася. Гэта сведчанне ўзмацнення прафілактычнай работы. Праваахоўнікі строга сочаць за паводзінамі падлеткаў, якіх і выклікаюць на разгляд камісіі. Значна скарацілася колькасць тых, хто паўторна трапіў у поле зроку міліцыі за распіццё спіртных напіткаў. Аднаго папярэджання хапіла, каб юнак ці дзяўчына зрабілі адпаведныя вывады. Рада адзначыць гэта як сакратар раённай камісіі па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па папярэджанню і пераадоленню п’янства.
А.І. Качановіч: Цяпер трэба выхоўваць бацькоў, якія лічаць, што піва – не шкодна. Але гэта таксама алкагольны напітак. Спірту ў ім менш, чым у гарэлцы, таму падлеткі выпіваюць піва ў большай колькасці, што вядзе да незваротных наступстваў. Медыкі ўсё часцей у 18-20 гадовых юнакоў ставяць дыягназ “бычае сэрца”. Аб здароўі ў гэтых выпадках гаварыць не даводзіцца.
Т.А. Шандарэўская: Радуе, што з магазінаў знікла рэклама піва. Але часта бачым яркія абвесткі аб зніжэнні цэн на яго і іншыя спіртныя напіткі. 
А.І. Качановіч: Прапаную, каб у сельскай мясцовасці ўвялі так званы “цвярозы абед” – з 12-ці да 15-ці гадзін дня не прадавалі алкаголь у магазінах. Заўважана, што пасля абедзеннага перапынку шэраг працаўнікоў сельгаскааператываў працягваюць работу ў нецвярозым стане. У нядаўнім рэй-дзе з праваахоўнікамі выявілі парушэнні працоўнай дысцыпліны і ў некаторых нашых СВК.
НОВЫЯ ЧАСЫ – 
НОВЫЯ ПРАБЛЕМЫ
Н.В. Вінаградава: Аналізуючы зводкі РАУС аб лю-дзях, якія трапілі ў медвыцвярэзнік, заўважыла: практычна ўсе – беспрацоўныя. Значыць, эфектыўна дзейнічаюць камісіі па барацьбе з п’янствам на прадпрыемствах, змагаюцца з парушальнікамі працоўнай дысцыпліны. 
Т.А. Шандарэўская: Большасць людзей даражаць пастаяннай работай. У іх ёсць стрымліваючыя фактары: клопат аб сям’і, эканамічнае прагназаванне сваіх даходаў і расходаў. На жаль, гэтымі думкамі не абцяжарваюць сябе многія з нашых дарослых “падапечных”. Атрымаў выпадковы заробак – прапіў. Назаўтра няма што есці – пахадзіў па суседзях.
А.І. Качановіч: Узнікла новая праблема, якая пакуль не паддаецца вырашэнню. Абавязаныя асобы працаўладкаваны. Пачынаеш кантраляваць іх на рабоце – суцэльныя прагулы. Высвятляем – аказваецца, працуюць у фермераў. Толькі не імкнуцца хутчэй разлічыцца з дзяржавай за ўтрыманне дзяцей. Заробленыя грошы таксама прапіваюцца.
РАДНЯ, ДАПАМАЖЫ ДЗЯРЖАВЕ!
Вядучы: У знаёмай сям’і, дзе злоўжывалі алкаголем, памёр муж. Пітушчая жонка прыйшла да суседзяў: няхай у вашым хлеўчыку пастаіць скрынка “чарніла”, а то на пахаванне прыедзе сын і разаб’е ўсе бутэлькі.
А.І. Качановіч: Калі работу спецыялістаў падтрымліваюць сваякі хворых на алкагалізм, можна дасягнуць 99-ці працэнтаў поспеху. Шукаем саюзнікаў і вельмі ўдзячны, калі ўдаецца аб’яднаць намаганні ў дасягненні адзінай мэты. Даследаваннямі даказана, што ў лячэнні алкагалізму самы плённы – біяпсіхалагічны падыход.
Т.А. Шандарэўская: У сітуацыях з нядбайнымі бацькамі за грахі сваіх дзяцей расплачваюцца бабулі, ускладаючы на свае плечы клопат аб унуках. Нават пасля прыняцця ўсіх мер грамадскага ўздзеяння, прыкладна трэцяя частка дзяцей працягвае заставацца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Гэта лічба была б меншай, калі б нават далёкія сваякі людзей, якія стаяць на мяжы пазбаўлення бацькоўскіх правоў, часцей патрабавалі б з іх вяртання да маральных паводзін. У сацыяльным прытулку створаны сямейны савет, да ўдзелу ў якім запрашаюцца сваякі, каб разам выратаваць дзіця.
ПАДСТАВЫ 
ДЛЯ ЎПЭЎНЕНАСЦІ
Вядучы: Па роду службовых абавязкаў маеце зносіны не з самай лепшай часткай грамадства. Што сілкуе настрой на працяг работы?
С.І. Дзмітрыева: Заўсёды адзначаю дакладны дыферэнцыраваны падыход спецыялістаў да тых, каго трэба вяртаць на “шлях ісціны”. Вядомы выпадкі, калі менавіта абурэнне дапамагло зрабіць пэўныя вывады. Разглядалі маму, якая з-за гульнявой залежнасці не звяртала ўвагі на дзіця. Бацька ж назіраў за сітуацыяй збоку. Спецыялісты абурыліся на яго: маці вылечым, але і вы не маеце права ўхіляцца ад выхавання! Праз месяц ён падзякаваў гэтым жанчынам: калі б не “наехалі на мяне”, страціў бы сям’ю… Былыя нядбайныя мамы пры выпадковых сустрэчах звычайна адварочваюцца, але на іх не крыўдуем: значыць, сорамна за нядаўняе мінулае. Але адна таксама падзякавала: калі б тады не забралі дзяцей, невядома, да чаго б я дакацілася. А цяпер у мяне работа, дом, а сын служыць у арміі…
Т.А. Шандарэўская: Адчуваем пачуццё задаволенасці, калі нашы намаганні зноў абуджаюць мацярынскі рэфлекс у нядбайнай жанчыны. З павагай ставячыся да прыёмных бацькоў,  упэўнена, што ніводзін з іх не заменіць дзіцяці сапраўдную маму. Рады, калі вяртаем дзяцей ў біялагічную сям’ю. Летась за паўгоддзе гэта адбылося ў 70 працэнтах выпадкаў, сёлета – у 100.
Н.В. Вінаградава: Вопыт работы дапамагае вызначыць, для каго з падлеткаў разгляд на камісіі – чарговая “разбіралаўка”, для каго сам выклік у адміністрацыю – ужо стрэс. Праводжу індывідуальныя гутаркі з такімі дзецьмі. Калі адзначаю, што яны ўсвядомілі небяспеку свайго ўчынка, значыць, у далейшым пазбегнуць рэцыдыву, таксама адчуваю плён сваёй справы.
А.І. Качановіч: Прафесія ўрача ўвасабляе гуманныя адносіны да навакольных. Я лячу хворых на алкагалізм. У гісторыі хваробы апісваю сімптомы і знешні выгляд. І з якой жа радасцю праз пэўны перыяд адзначаю, што гэтыя людзі нічым не адрозніваюцца ад пацыентаў іншых спецыялістаў! Сёлета за паўгоддзе зняты з уліку 54 чалавекі. Трэба бачыць іх вочы, яны проста не вераць свайму шчасцю! Запрашаю людзей, якія адчуваюць алкагольную залежнасць, ананімна звяртацца ў наркала-гічны кабінет па чацвяргах па “тэлефоне даверу” 2-42-38 з 15 да 16 гадзін.
“Круглы стол” правяла Таццяна КАНАПАЦКАЯ.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть