А ШТО НА ГАРЫШЧЫ?
У імкненні атрымаць адказ на гэтае пытанне праваахоўнікі
зазірнулі ў адзін з дамоў па вуліцы Першамайская ў Мікашэвічах.
Знойдзенае ўразіла. Амаль навідавоку гаспадары захоўвалі
амаль 15,5 кілаграма марыхуаны. Зараз следчыя высвятляюць каналы трапляння
атруты і мэту яе захоўвання.
«КОЛАЎ МЕНШ – НЕБЯСПЕКІ БОЛЬШ”
Дарожна-транспартнае здарэнне паміж вёскамі Бродніца і
Вулька2 па шчаслівай выпадковасці не закончылася яшчэ большай трагедыяй.
Аўтобус СВК «Вулькаўскі світанак”, аб’язджаючы аднаго
пешахода, які ішоў з веласіпедам па праезнай частцы, у намеры пазбегнуць
сутыкнення з сустрэчным транспартам, наехаў на другога пешага веласіпедыста,
што знаходзіўся на абочыне. Пацярпелы з цялеснымі пакалечаннямі папраўляе здароўе
ў бальніцы. Абставіны здарэння высвятляюцца.
Тым часам 16 красавіка стартавала рэспубліканская
прафілактычная акцыя па папярэджанню ДТЗ з удзелам пешаходаў, веласіпедыстаў,
скутэрыстаў і матацыклістаў. Працягнецца яна да канца месяца. У ходзе акцыі асаблівая
ўвага будзе нададзена названым удзельнікам руху і абсталяванню іх транспарту
ўсімі неабходнымі атрыбутамі, якія закліканы засцерагчы ад бяды.
НЕ ПАЛОХАЮЦЬ ШТРАФЫ
За тры святочныя дні на тэрыторыі Лунінеччыны затрыманы 8
вадзіцеляў, якія знаходзіліся за рулём у стане алкагольнага ап’янення.
Іх лёс вырашыцца ў бліжэйшыя дні, але ўжо зараз вядома,
што акрамя пазбаўлення права кіраваць транспартам, ім пагражаюць немалыя
штрафы. З 1 красавіка 2012 года іх памер складае ад 1,5 мільёна да 4,5 мільёна
рублёў.
НЕ ДРЭМЛЕ РЭЦЫДЫЎ
Упэўненую дарожку пратаптаў да аднаго са сваіх «сяброў”
раней судзімы жыхар Мікашэвіч. На працягу кароткага тэрміну ён схітрыўся двойчы
апусташыць кішэні гаспадара. У апошні раз – на 650 000 рублёў. Відаць,
першы раз навукай для пацярпелага не стаў.
Тым часам у поле зроку праваахоўнікаў трапіў яшчэ адзін
раней судзімы жыхар раёна. Дома ён захоўваў незарэгістраваную агнястрэльную
зброю. Вінтоўка кафіскавана, парушальніка чакае пакаранне.
ЗНІК КІЛАМЕТР
Больш як 1000 метраў проваду знялі зламыснікі з
высакавольтнай лініі электраперадачы непадалёк ад хутара Бліжні хобат.
Урон, нанесены філіялу РУП «Брэстэнерга” ўдакладняецца.
Злачынцу шукае міліцыя.
І СВЯТА НЕ СВЯТА…
У святочныя дні адзначана павелічэнне колькасці сямейных
скандалаў.
На ўціхамірванне п’яных разборак і сямейных сварак з
бойкамі нарады міліцыі выязджалі 20 разоў.