Происшествия

Абвінавачванне без пакарання

Хто з нас не памятае вядомую дзіцячую вершаваную байку Сяргея Міхалкова пра двух баранаў, якія сустрэліся на мастку і ніяк не хацелі саступіць адзін аднаму дарогу? Закончылася яна дастаткова сумна: абодва ўпартыя патанулі ў рацэ. На шчасце, удзельнікі нашай гісторыі жывыя і адносна здаровыя, хоць і нагадваюць вышэй пазначаных літаратурных персанажаў. У рознай, праўда, ступені.
Разгарнуліся падзеі ў пачатку сакавіка на адной з лунінецкіх вуліц.  Заходняя тым і вядома, што мае дастаткова вузкую праезную частку, і нярэдка размінуцца на ёй двум аўтамабілям –няпроста. Менавіта па гэтай ды яшчэ па той прычыне, што побач знаходзяцца двары шматпавярховак з дастаткова інтэнсіўным рухам пешаходаў, вадзіцелі ніколі не развіваюць тут вялікую хуткасць.
Куды спяшаліся грама-дзяне Б. і С., сказаць сёння цяжка, але ж, па ўсёй бачнасці, іх  аўтамабілі “сышліся” на Заходняй у нядобрую хвіліну. Некаторы час яны ўпарта стаялі адзін насупраць другога, не жадаючы даваць задні ход. Урэшце той, у якога ў салоне знаходзілася сям’я, не вытрымаў. Саступіўшы дарогу “праціўніку”, ён з’ехаў на бяспечную адлегласць. “Пераможцы” ўяўнага верхавенства паказалася мала. Ён гучна абурыўся неразваротлівасцю саперніка. Упаўне можна дапусціць, што і той у адказ не змаўчаў. Так ці інакш, у той дзень машыны раз’ехаліся.
Працяг гісторыі не прымусіў сябе чакаць. Прыкладна праз тыдзень непадалёк ад АСБ “Беларусбанк” Б. угледзеў аўтамабіль, што ніяк не хацеў даваць яму дарогу. У салоне быў адзін вадзіцель. Пазней  у ходзе судовага разбіральніцтва сведкі (а адбывалася ўсё сярод белага дня) раскажуць, што двое маладых мужчын прымусілі трэцяга выйсці з машыны і тут жа пачалі яго збіваць. Працягвалася ўсё некалькі хвілін, але і іх хапіла, каб двое нахабнікаў нанеслі пацярпеламу менж цяжкія цялесныя пакалечанні, надоўга паклаўшы яго на бальнічны ложак. Праўда, удзел сябрука даказаць не ўдалося: адзін з абвінавачваемых узяў усю віну на сябе, прыкметна “ўзбагаціўшы” і без таго не бедны “паслужны спіс”.
Як высветлілася, ініцыятарам разборак стаў раней неаднаразова судзімы 25-гадовы непрацуючы Б. Сем год таму ён упершыню паўстаў перад судом у Брэсце, атрымаўшы за хуліганства два гады абмежавання волі. Яшчэ праз год трапіў у поле зроку праваахоўнікаў Іванаўскага раёна: крадзеж зноў каштаваў “ваяку” паўтара года выпраўленчых работ з утрыманнем 20 працэнтаў заробку ў даход дзяржавы. Больш літасцівым быў Лунінецкі суд, які ў 2011 годзе за хуліганства адмераў Б. 50 базавых велічынь штрафу.
Відавочна, ні адно з пакаранняў навукай не стала. За ўчыненае чарговае злачынства рэцыдывісту давялося заплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь (13 000 000 рублёў) і кампенсаваць пацярпеламу 3 000 000 рублёў маральнага ўрону.
Здавалася б, час ставіць кропку. Але дзе гарантыя, што пройдзе зусім няшмат часу, і парушальнік зноў не нагадае пра сябе прыкрым учынкам, магчыма, яшчэ больш жорсткім і непрадказальным?
Несумненна, наша заканадаўства гуманнае і заўсёды дае магчымасць чалавеку, які саступіў з пра-вільнага шляху, на яго вярнуцца. Прадбачлівыя людзі выкарыстоўваюць гэты шанц. Так сталася, што праз кароткі час давялося разглядаць справу, дзе ў якасці абвінавачваемага выступаў цёзка вышэй узгаданага хулігана.  Аб’ядноўвала іх не толькі аднолькавае прозвішча, але і выбуховы характар, які станавіўся асабліва неўтаймавальным пасля выпіўкі. У адзін з такіх дзён Б., які, дарэчы, працаваў вадзіцелем у дзяржаўнай установе і добра характарызаваўся па месцы работы, падняў руку на жонку. Падняў – мякка сказана. Двайны пералом носа шмат пакут даставіў маладой жанчыне. Асабліва прыкрым падалося тое, што, як нярэдка бывае ў сем’ях, адбывалася ўсё на вачах непаўналетняга дзіцяці.
Спачатку Б. ад абвінавачванняў адхрышчваўся, як мог: маўляў, гэта жонка на яго напала, а ён абараняўся, засланіўшыся рукой. Менавіта на гэтую руку так няўдала наляцела небарака… Але пазней у судзе віну сваю мужчына прызнаў. Больш таго, зрабіў усё для таго, каб развітацца з гарэлкай і наладзіць нармальнае сямейнае жыццё. Будзем спадзявацца, што ў яго гэта атрымаецца. Так ці інакш, суд такую магчымасць яму даў, вынесшы абвінаваўчы прыгавор без назначэння пакарання.
Міхаіл ДЗЕНІСОВІЧ, старшыня суда.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть