Адкушанае вуха, пабітае акно…
Апошнім часам у судовай практыцы нярэдка трапляюцца справы, узбуджаныя супраць аматараў па прычыне ці без “памахаць рукамі”.
Як ні прыкра, хуліганства нахабна ўваходзіць у наша жыццё, у лепшым выпадку выклікаючы абурэнне. У горшым – ні ў чым невінаватыя людзі плацяць за гэта ўласным здароўем, а тыя, хто на яго пасягае, паўстаюць перад судом.
Грамадзянін Ш. добра вядомы жыхарам вуліцы Чырвонаармейская і не толькі. У райцэнтры многія абыходзілі яго бокам, ведаючы канфліктны характар і здольнасць хутка губляць над сабой кантроль. Асабліва, калі смеласць падагравала немалая доза спіртнога. Верагодна, па гэтай прычыне з Ш. не ладзіліся адносіны з жанчынамі, якія пакідалі скандаліста сам-насам з буйным характарам і заганнай цягай да алкаголю.
Аднак, мірыцца з гэтым Ш. не збіраўся. Нападпітку ён часта дэфіліраваў па вуліцах, ледзь не ў кожным прахожым бачачы свайго “канкурэнта”. Менавіта на гэтай глебе ў адзін з дзён на вочы яму трапіў незнаёмец. Шукальнік прыгод адразу ж прыстаў да прахожага з прэтэнзіяй: што, маўляў, той робіць на ягонай вуліцы? Спакойныя довады чалавека, што тут жывуць бацькі, аніякім чынам на “ваяку” не паўплывалі. Завязалася бойка.
Немаведама, колькі часу валтузіліся сапернікі, як Ш., выкруціўшыся, умудрыўся ўхапіць абараняўшагася мужчыну за вуха. Пазней медыкі канстатавалі, што яно было самым сапраўдным чынам… адкушана. Пацярпелага даставілі ў бальніцу, аднак дапамагчы небараку не змаглі: вушная ракавіна была страчана беззваротна.
Злачынца, тым не менш, упэўненасці не губляў. І было ад чаго: нанесеную траўму кваліфікавалі як лёгкія цялесныя пакалечанні, за якія не прадугледжана суровага пакарання. На судзе Ш. вёў сябе ўсё гэтак жа нахабна і самаўпэўнена. Не ўлічыў ён аднаго: калі гэтыя пакалечанні з’яўляюцца непапраўнымі і псуюць выгляд чалавека (што і было ў дадзеным канкрэтным выпадку), пакаранне прадугледжана куды больш жорсткае.
Яго і прымяніў суд, вынесшы вердыкт – 5 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем тэрміну ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адначасова Ш. павінен выплаціць пацярпеўшаму 3 000 000 рублёў у якасці кампенсацыі нанесенага маральнага ўрону. Цяпер “зубатаму” задзіры ўдосталь будзе часу падумаць над уласнымі паводзінамі, а заадно – пазнаёміцца з умовамі знаходжання ў турме, куды так настойліва імкнуўся, наводзячы жах на людзей сваімі ўчынкамі.
На жаль, нямногія з па тэнцыяльных аматараў паканфліктаваць з законам здольны цвяроза аналізаваць свае паводзіны. Аднойчы трапіўшы ў поле зроку праваахоўнікаў, яны не спыняюць проціпраўнага шляху, яшчэ і яшчэ раз выпрабоўваючы лёс. У такіх абставінах злачынствы проста ўражваюць сваёй бяз-глуздасцю і нахабствам.
Жыхар Лунінца Н. незадоўга да падзей, пра якія маю намер расказаць, заявіў пра сябе бойкай каля гасцініцы “Юбілейная” і ваджэннем аўтамабіля ў п’яным выглядзе. У сукупнасці суд прызначыў яму пакаранне – 2 гады выпраўленчых работ з адлічэннем 15 працэнтаў заробку ў даход дзяржавы. Маючы незнятую і непагашаную судзімасць, ён зноў не прамінуў “пачасаць” кулакі: у адзін з вечароў абсалютна без аніякай прычыны разбіў шкло ў кінатэатры “Кастрычнік”.
Подзвігі на гэтым не закончыліся. Наступным аб’ектам сталі вокны ў дамах на плошчы імя Леніна. Ад хулігана пацярпелі тры кватэры. Злоснага парушальніка парадку затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Пазней ён аніяк і сам не мог уцяміць, навошта малаціў дзверы і вокны, палохаючы людзей. Горш за ўсё, што і ў гэтым выпадку храбрасці надавала гарэлка. Віну сваю ў судзе Н. прызнаў, пацярпелым кампенсаваў страты, выплаціў нават штраф у памеры 4 000 000 рублёў. Вось толькі ці стане інцыдэнт апошнім у “паслужным спісе” хулігана?
Закон дастаткова строгі да такіх парушальнікаў парадку, але і ён не заўсёды здольны вярнуць іх на шлях выпраўлення. У такіх выпадках чалавеку самому трэба спыніцца, азірнуцца, паспрабаваць зразумець, што вялікі сур’ёзны канфлікт з законам звычайна пачынаецца з малога.