Происшествия

Адзін дзень у ролі выратавальніка

img_9028З даўніх часоў мужчынам, як абаронцам радзімы і сямейнага ачага, аддаваліся асаблівыя пашана і павага. Мы прывыклі традыцыйна лічыць іх святам 23 лютага, але ў календары ёсць мала каму вядомая дата ў лістападзе, калі святкуецца Сусветны дзень мужчын. Менавіта яна паспрыяла візіту ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Карэспандэнт «ЛН» прымерала на сябе ролю вогнеборцы, каб на свае вочы ўбачыць іх работу.

 

Суткі па распарадку

Стандартны склад змены – 10 чалавек плюс дыспетчар. Працоўны дзень пачынаецца ў 8.00 і цягнецца суткі. У каравул прыбываюць за 15 хвілін да дзяжурства. Мой візіт супаў з 3-ім каравулам. Бравыя хлопцы глядзелі скептычна. Нас чакаў даклад старшага змены за мінулыя суткі аб усіх здарэннях, праверках і правядзенні заняткаў. Затым былі пастаноўка задач і давядзенне загадаў вышэйстаячага кіраўніцтва. Прайшоў інструктаж. Тэхніка і інструмент перададзены новай змене пад строгім кантролем – усё павінна быць спраўна і чыста. На выпадак раптоўнай паломкі кожны спецаўтамабіль прадубліраваны ў рэзерве, так што форс-мажор не перашкодзіць атраду выехаць у вызначаны час.

Намеснік начальніка па аператыўна-тактычнай рабоце Сяргей Калеснічэнка пазнаёміў са зменай. Самаму старэйшаму – 43, малодшаму – 23. (Арцём Арашкевіч уладкаваўся сюды год таму, вярнуўшыся на малую радзіму пасля заканчэння інстытута і заступіў на пасаду начальніка каравула). На пытанне байцам, чый стаж вымяраецца дзесяцігоддзямі, як гэта, калі распараджэнні аддае зусім яшчэ “зялёны”, яны адказваюць: “Увагі на ўзрост не звяртаем. Начальнік ёсць начальнік!”.

 З 9 гадзін раніцы і да абеду ў пажарных –  тэарэтычныя і практычныя заняткі: вучэнні, адпрацоўка баявых нарматываў. Навыкі тут адточваюць да ідэалу, таму што падчас тушэння пажару любая дробязь важная. Калі не заняты вучобай, то займаюцца ўборкай тэрыторыі, прывядзеннем у парадак сваёй формы, машын, абсталявання.

Абед і вячэра – па раскладзе: з 13.00 да 14.00, з 19.00 да 20.00. Кухня – месца функцыянальнае. Ніхто “не ганяе чаі” ў вольны час, як прынята лічыць сярод насельніцтва: толькі паабедаць і адпраўляцца далей.

– Бываюць змены, калі за цэлы дзень і крошкі ў рот не трапіць, асабліва падчас барацьбы з пажарамі на тарфяніках. Ды і рабочыя суткі часам не абмяжоў-ваюцца 24 гадзінамі, – падзяліўся камандзір аддзялення Сяргей Урбановіч.

У сутачнай змене ў выратавальніка – усяго 2 га-дзіны ўмоўна вольнага часу. Яго можна правесці ў пакоі адпачынку, паглядзець тэлевізар. Тут жа размешчана выстава медалёў, грамат і кубкаў, заваяваных на розных спаборніцтвах.

Адпачынак – з 22.00 да 6.00. Аднак сон наступае не для ўсіх адразу. Тры чалавекі заўсёды застаюцца на варце і змяняюць адзін аднаго. Ёсць і 2-гадзінныя начныя заняткі з адпрацоўкай якога-небудзь з аб’ектаў.

 

Машына з сюрпрызамі

Аўтамабіль пажарных – рэч незвычайная. Вадзіцель Андрэй Гардзіевіч паказаў:

– Вось тут у нас розныя інструменты. А ў гэтым адсеку – пажарныя рукавы, у трэцім – ахоўнае адзенне,  чацвёртым – прылады для падачы пены. Машыны ўвесь час у баявой гатоўнасці. Акрамя пажараў, выязджаем на ДТЗ. Прычына простая і зразумелая – толькі ў нас ёсць на ўзбраенні спецыяльны аварыйна-выратавальны інструмент, з дапамогай якога  хутка вызваляем пацярпелых з груды металу, што яшчэ нядаўна быў аўтамабілем.

“Зноў прыехалі без вады”, – такое памылковае меркаванне, здараецца, чуюць супрацоўнікі РАНС ад пацярпелых, незадаволеных хуткасцю работы. Канчаткова развеяў гэты міф вадзіцель Пётр Коваль:

 – Для тушэння звычайна выкарыс-тоўваем аўтацыстэрны на аснове ЗІЛ-130. Аб’ём такой ёмістасці складае 2350 літраў. Яны зрасходуюцца літаральна за 5-7 хвілін! Вось чаму запас вады трэба папаўняць. Аўтацыстэрна павінна стаць на крыніцу, каб забяспечыць бесперабойную падачу і тушэнне без замінак.

Вадзіцель у экіпажы МНС – гэта толькі дадатковая кваліфікацыя, якая надае адказнасці. На самай жа справе ён – такі ж выратавальнік. Дапамагае ўсталяваць аўталесвіцу, накіраваць яе да акна, дзе палае полымя. Але ў апошнія гады пад’ехаць непасрэдна да месца пажару ў шматпавярховых дамах становіцца ўсё больш складана з-за прыпаркаваных у дварах легкавых аўтамабіляў. Асабліва вялікі затор звычайна назіраецца па вуліцы Чырвоная, 106,  дамах насупраць гарадской лазні і каля так званай “кітайскай сцяны”.

– Паездзіўшы па некаторых выкліках, можна смела здаваць залік па навыках экстрэмальнага кіравання, – жартуе вадзіцель Віктар Кацуба. – Таму пры вострай неабходнасці выклікаем супрацоўнікаў ДАІ, каб яны дапамаглі расчысціць тэрыторыю. Больш таго, аўтамабіль, які перашкаджаў пад’езду машыны, гарантавана трапіць у аб’ектыў нашай фотакамеры, а здымак будзе адпраўлены ў міліцыю.

Па гарадскіх вуліцах аператыўная машына імчыцца з хуткасцю прыкладна 60 кіламетраў у гадзіну. Канфлікты на дарогах адбываюцца рэдка. Асноўная іх прычына – не прапусканне або падразанне іншымі ўдзельнікамі руху.

 

Дзяжурства – гэта латарэя

У цэнтры аператыўнага кіравання – на баявым пасту дыспетчар Дзмітрый Ліпскі:

– Радыёстанцыі, сістэма апавяшчэння, міні-АТС па-вінны працаваць пастаянна, таму няспраўнасці ліквідуюцца адразу ж. Самыя частыя звароты – бытавога характару. Пік напружання, як правіла, прыпадае на веснавы перыяд – гараць трава, лес. Здараецца, што цэлы месяц наогул не бывае выклікаў, іншы раз – па 4-5 за дзень. Карацей, «як пашанцуе», кожнае дзяжурства – гэта латарэя.

Падчас нашай гутаркі раздаўся званок. Неабходна хуткая медыцынская дапамога. Аднак дыспетчар не паклаў трубку, а пераключыў суразмоўцу на патрэбную службу.

– У нас дзейнічае  прамая сувязь з міліцыяй, бальніцай, раёнам газазабеспячэння, ЖКГ, водаканалам і іншымі. Бывае, чалавек у паніцы не можа ўспомніць ні аднаго нумара, акрамя нашага. Тады прымаем выклік і перадаем у патрэбную інстанцыю. Памятаю быў выпадак, калі жанчына была ў гасцях і не магла назваць адрас свайго знаходжання. У доме здарылася задымленне. Па тэлефоне даваў указанні, каб вывесці яе і жыльцоў з небяспечнага месца. А аднойчы наш камандзір аддзялення Сяргей Урбановіч спыніў спробу суіцыду. Бывае, чалавек загубіўся ў лесе, дзіця зачынілася ў хаце, дзе-небудзь захрасла жывёліна. Дзей-нічае таксама група па выратаванню на вадзе.

 

Чаму не бывае жанчын-пажарных?

Галоўнае ў іх рабоце – аператыўнасць. Па нарматыве супрацоўнікі часці павінны за 20 секунд апрануцца, а яшчэ праз паўхвіліны – выехаць на экстранны выклік. Не верыла, што гэта магчыма. Сяргей Калеснічэнка дапамог у гэтым пераканацца, даўшы распара-джэнне дыспетчару націснуць кнопку «ТРЫВОГА» на пульце кіравання. Паспрабавала і я паўтарыць дзеянні пажарных. Аказалася, што абмундзіраванне вельмі цяжкае і нязручнае. Разабраўшыся з зашпількамі, апранаю шлем, далей – пояс, сяк-так нацягваю заплечнік з кіслародным балонам. Спрабую зрабіць некалькі крокаў і адчуваю сябе сапраўдным «касманаўтам». Што ні кажы – каля 50 кг за плячамі. У галаве пытанне: “Як яны гэта робяць?”

На тварах прысутных – усмешкі: тут, у суровым мужчынскім калектыве, дзяўчаты – вялікая рэдкасць. Не магу не адзначыць: пры ўсёй сур’ёзнасці, выратавальнікі захоўваюць выдатнае пачуццё гумару. Нават інструктаж аб тым, як правільна апранаць баявую форму і паспець на выклік, можа атрымацца займальным і цікавым. Увогуле, пабыўшы з каравулам суткі, разумееш, што гэта – адна дружная сям’я. Дарэчы, сяброўства не заканчваецца за сценамі РАНС. Хлопцы заўсёды прыходзяць адзін аднаму на дапамогу і ў штодзённых справах.

 

Фізічная падрыхтоўка – частка поспеху

Пажарныя заўсёды павінны быць у добрай фізічнай форме. Дзякуючы намаганням Сяргея Урбановіча, у часці больш за 15 год функцыянуе выдатная спартыўная зала. Калі выдаецца вольная хвіліна, мужчыны паспяваюць папрацаваць з «жалезам». Але гэтага, безумоўна, мала. Большасць з іх займаюцца ў спартзале і ў вольны час. Каб патушыць, напрыклад, дом, ім даводзіцца падымаць, пераварочваць і адкідаць у бок цяжкія балкі і страпілы. Каб вогнішча не успыхнула паўторна, іх трэба праліць вадой з двух бакоў. Ды і сама форма з-за павышанай шчыльнасці тканіны вельмі цяжкая. Балон адцягвае спіну назад, твар закрыты маскай для дыхання, на поясе – сякерка, вяроўкі і іншыя падручныя сродкі выратавальніка. На нагах – цяжкія спецыяльныя боты… З боку можна атрымаць толькі самае прыкладнае ўяўленне аб няпростай службе выратавальнікаў. Звярнула ўвагу на абпаленыя ў агні шлемы, прачула пах гары і дыму ад формы. На пытанне, ці не страшна ісці на пажар, бачыць часам лятальны зыход, яны толькі ўзмахнулі рукой. Калі на кану  жыццё людзей, пра сябе ўжо няма часу думаць. Ты проста робіш, і ўсё…

 

Прафесійныя «забабоны»

Сярод пажарных жыве нямала павер’яў. Напрыклад, калі машыну вымыць так, што яна будзе зіхацець на сонцы, ёй абавязкова выпадзе адпраўляцца ў рэйс. Або: выдалі новую амуніцыю – давядзецца выязджаць на выклік. А вось калі ў часць прыязджаюць карэспандэнты, дзень будзе спакойным. Не ведаю, як з першымі прыкметамі, а наша, журналісцкая, спраў-дзілася на ўсе сто працэнтаў!

img_9030 img_9100 img_9131 img_9143 img_9154 img_9157

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть