Происшествия
АКТЫВІЗАВАЛІСЯ РЭЦЫДЫВІСТЫ…
Серыю крадзяжоў учынілі на Лунінеччыне раней судзімыя асобы.
У Цне мясцовы жыхар, а таксама ўраджэнцы суседніх Дрэбска і Цны, якія ўжо мелі раней канфлікт з законам, паквапіліся на металічны лом. Знайшлі яго на гарышчы аднаго з прыватных цнянскіх дамоў.
«Абазначылі” сябе і былыя асуджаныя ў Мікашэвічах. Там зарэгістравана некалькі крадзяжоў з дачных домікаў. Як гэта цяпер бывае часта, злодзеі аддавалі перавагу лому чорных і каляровых металаў. Зрэшты, не грэбавалі і рэчамі дамашняга ўжытку.
Менавіта на іх паква-піўся раней судзімы жыхар Лунінца, які праз акно трапіў у прыватны жылы дом на вуліцы Сялянская. Вынес адтуль усё, што трапіла пад руку – радыёпрыёмнік, масляны абагравальнік, пасцельную бялізну, сталовыя прыналежнасці…
Гэтыя злачынствы раскрыты, і вінаватыя хутка паўстануць перад судом. А вось у Вялікіх Чучавічах злодзея, які ўкраў металічную ёмістасць на 700 літраў, пакуль не знайшлі.
… І НАРКАМАНЫ
У Мікашэвічах у гаспадыні адной з кватэр шматпавярховага дома на вуліцы Будаўнікоў знойдзена асабліва небяспечнае наркатычнае рэчыва – ацэтыліраваны опій. Жанчына раней была чатыры разы судзімая за такое ж злачынства і адзін раз – за крадзеж.
Гэта не адзіны выпадак «наркатычных” злачынстваў у Мікашэвічах. На гарышчы аднаго з дамоў па вуліцы Першамайская аператыўнікі выявілі больш як 5 кіла-грамаў канапель.
Зараз ідзе праверка каналаў трапляння атруты і мэты яе захоўвання.
ЛЮДЗІ ГУБЛЯЮЦЦА…
У міліцыю звярнуўся жыхар в. Цна, які заявіў пра тое, што яго жонка паехала на заробкі ў Расію і прапала.
Пошук прапаўшай вядуць супрацоўнікі следчага камітэта і крымінальнага вышуку. Работа ідзе ў тым ліку і па адпрацаваных каналах міжнароднага вышуку.