Происшествия
“АЛІГАРХ” РАЁННАГА МАШТАБУ
Гэтага мужчыну ў пачатку сумна вядомых 90-х у Лунінцы ведалі многія. Валютны «мяняла” меў не дужа добрую рэпутацыю: вёў разгульны лад жыцця і, казалі, акрамя валютных, займаўся іншымі цёмнымі справамі. Відаць, яны прыносілі неблагі даход, бо адным з першых «алігарх” раённага маштабу набыў шыкоўны «бумер”, на якім з гонарам рассякаў па вуліцах горада. Ды толькі прыдбаныя незаконным шляхам грошы не прыносяць шчасця. Праз некаторы час «валютчык” апынуўся за кратамі. Немалы па тым часе тэрмін суд адмераў яму за вымагальніцтва, якое ў народзе называлі кароткім, як выстрал, словам «рэкет”. Пазней былі яшчэ чатыры «ходкі” ў турму – у асноўным за крадзяжы. На волі, як правіла, знаходзіўся непрацяглы час. А зусім нядаўна зноў трапіў у поле зроку праваахоўнікаў за цэлую серыю крадзяжоў. Гэты занятак стаў своеасаблівай работай рэцыдывіста. Ды і выходзіў на яе, быццам на службу, штодня. Варта зазначыць, што злодзею, як ні дзіўна, ахвотна дапамагалі самі нядбайныя жыхары. Пры гэтым абсалютна не трэба было карыстацца славутымі адмычкамі ці рызыкаваць жыццём, вынаходзячы нейкія неверагодныя метады, каб трапіць у кватэры. 19 кастрычніка мінулага года злодзей апынуўся на плошчы Леніна. Восеньскі вечар не абяцаў утульнасці і, каб схавацца ад дажджу і холаду, учарашні «алігарх” зазірнуў у пад’езд аднаго са шматкватэрных дамоў. Аўтаматычна ціхенька штурхануў першай кватэры, што трапіла ў поле зроку. У прыхожай – цемра. І толькі з прыадчыненых дзвярэй кухні льецца святло. Дзякуючы яму заўважыў дамскую сумачку і два поліэтыленавыя пакеты, што стаялі на камодзе. Нячутна згроб дабычу і гэтак жа ціха прыкрыў за сабою дзверы… «Улоў” аказаўся больш чым багатым – грошы, банкаўскія карткі, два мабільныя тэлефоны, дарагая касметыка… Пазней суд ацэніць здабычу ў больш як 1,5 мільёна рублёў. А пакуль падагрэты ўдачай злодзей пачаў планаваць наступнае злачынства. Вынаходзіць веласіпед не спатрэбілася: у шматпавярхоўках па вечарах колькі хочаш адчыненых дзвярэй, гаспадары якіх заняты на кухні,ці, адгарадзіўшыся ад свету, бавяць час каля экрана тэлевізара. У выпадку няўдачы абсалютна натуральна можна было сказаць, што проста памыліўся кватэрай. На наступны дзень злодзей увечары пахадзіў сярод натоўпу каля «Універсама” ў Заводскім мікрараёне. Побач – старыя шматпавярхоўкі на вуліцы Чэхава. Большасць пад’ездаў – насцеж. Зайшоў у адзін з іх і гэтак жа на першым паверсе штурхануў ледзь прычыненыя дзверы. За імі – цішыня. Спрактыкаваным вокам злодзея адразу ж заўважыў патрэбную рэч – мужчынскую барсетку, неахайна пакінутую гаспадаром у прыхожай. На вуліцы, азірнуўшыся, забраў яе змесціва, а сумачку проста выкінуў, як непатрэбную рэч. Здабыча на гэты раз аказалася не такой багатай – усяго 52 тысячы рублёў ды праязны чыгуначны білет. І ўсё ж украдзенае за два дні дазволіла , як у далёкія часы, адчуць сябе гаспадаром жыцця. «Алігарх” забяспечыў сабе шыкоўны адпачынак і тры дні «на справу” не выходзіў. Аднак 24 кастрычніка яго можна было заўважыць у дварах шаматпавярховак на вуліцы Блока. Тут большасць пад’ездаў закрыты металічнымі дзвярамі і, каб трапіць у іх, трэба было пачакаць спадарожніка ці патэлефанаваць у любую кватэру. Трапляць на вочы тым, хто мог яго ведаць ці проста запомніць не хацелася. Таму выбраў найбольш бяспечны шлях – набраць па коду нумар любой кватэры. Даверлівыя жыхары, як правіла, адразу ж пускаюць наведвальніка, абсалютна не праяўляючы цікавасці, з якой мэтай той рвецца ў пад’езд. І плацяць за гэта немалую суму. Самі ці іх суседзі. Ламануўшыся ў некалькі дзвярэй, злодзей з расчараваннем канстатаваў, што яны надзейна закрыты. Як раптам адна паддалася. Кватэра аказалася дагледжанай і ўтульнай, а ў прыхожай, як заўсёды, — дамская сумачка. На кухні гарэла святло, відаць, там завіхалася гаспадыня. Стараючыся не грукаць, «дамушнік” прыхапіў яшчэ і дарагі скураны пінжак, што вісеў побач. У двары з радасцю выявіў: у сумачцы, акрамя беларускіх рублёў, ляжалі 200 еўра. Прапажу жанчына выявіла амаль адразу ж. Патэлефанавала ў міліцыю, але на той раз затрымаць злодзея па гарачых слядах не атрымалася. Ён жа, быццам адчуваючы пагрозу, памяняў месца дыслакацыі, вярнуўшыся на плошчу Леніна. Тут 25 кастрычніка заўважыў кампанію маладых людзей, якая, седзячы на лаўках, гучна абмяркоўвала планы на бліжэйшыя некалькі гадзін. Ад іх і пачуў, што кіруюцца яны ў адзін з бліжэйшых дамоў, каб працягнуць пасядзелкі. Злодзей ледзь не да кватэры правёў вясёлых сяброў і для надзейнасці некаторы час пачакаў на вуліцы. Калі прыадкрыў дзверы, вядома ж, незачыненай кватэры, пачуў, што гучная гамана даносіцца з кухні. А перад ім – поўны гардэроб дарагой вопраткі, сумачкі з кашалькамі, банкаўскімі карткамі, мабільнымі тэлефонамі… Спяшаючыся, ён згроб усё, што трапіла пад руку. Гэты крадзеж быў апошнім у серыі злачынстваў, учыненых былым «алігархам”. Неўзабаве ён паўстаў перад судом. Высвятляючы прычыну, якая штурхнула на такі, мякка кажучы, непрыгожы крок, са здзіўленнем пачуў: краў для таго, каб трапіць у турму. Менавіта яна стала роднай хатай для былога валютнага «верхавода”. Там усё зразумела і дакладна, а галоўнае – ёсць дах над галавой і гарантаваная кармёжка. Пра тое, што можа быць іншае жыццё, злодзей нават і не задумваўся. У тых, хто бачыў яго сёння, задаволенасць ад таго, што закон усё-такі перамог, змешвалася з пачуццём жалю: чалавек, аднойчы абраўшы слізкую дарогу злачынцы, так і не здолеў з яе саступіць. Наступныя 3 гады ён правядзе ў калоніі строгага рэжыму. Сёння амаль ніхто не спадзяецца, што яны завершаць сумную кар’еру злодзея. Ён абавязкова вернецца, каб зноў трапіць у турму. Менавіта таму існуе апасенне, што за кароткі «вольны перыяд” злачынца ўпаўне зможа крадзяжамі зноў пакараць ні ў чым невінаватых людзей. Зрэшты, ахвотнікаў да чужога дабра і без яго хапае. І наўрад ці варта дапамагаць ім абагачацца за чужы кошт. Іншы раз для таго, каб паставіць непераадольную перашкоду, дастаткова ўсяго толькі закрыць на замок уваходныя дзверы.
Васіль БЕЛЬСКІ, старшыня суда.