Асаблівая ўвага – доўгажыхарам
Происшествия

Асаблівая ўвага – доўгажыхарам

Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях наведалі пажылых людзей, якія дасягнулі 100-гадовага ўзросту. Такіх грамадзян на Лунінеччыне трое: двое жывуць у сельскай мясцовасці, адзін – у горадзе.

Жыхар вёскі Лахаўка Аляксандр Шчагрыковіч на сённяшні дзень з’яўляецца самым старэйшым жыхаром раёна – 18 снежня яму споўнілася 106 гадоў.

Складанае жыццё яму выпала. Аднак, нягледзячы на ўсе нягоды, якія падрыхтаваў лёс, сябе няшчасным зусім не лічыць. Было самае галоўнае – прага да жыцця, якая, напэўна, і дапамагла выбрацца з пекла фашысцкага канцлагера, сустрэць Перамогу і жывым вярнуцца ў родны край.

Нарадзіўся Аляксандр Якаўлевіч яшчэ пры Расійскай імперыі. Жылі Шчагрыковічы бедна: сям’я налічвала 13 дзяцей, а зямлі не хапала. З маленства хлопчык бавіў час на Прыпяці, якая карміла, абувала і апранала. Наловіць рыбы, частку дадому прынясе, а астатнюю прадасць. У школу так ніколі і не пайшоў. Пазней самастойна чытаць ды пісаць навучыўся.

Служыў у польскай арміі, там трапіў у палон, пасля вызвалення працаваў у калгасе, затым – рыбачыў. Зараз Аляксандр Якаўлевіч жыве разам з сынам і нявесткай. Па праву можа ганарыцца не толькі чатырма дзецьмі, але і ўнукамі, праўнукамі і прапраўнукамі! Як расказвае Адам, бацька на здароўе амаль не скардзіцца. Магчыма таму, што проста не прывык гэтага рабіць. Аляксандр Якаўлевіч лічыць, што сакрэт яго даўгалецця ў тым, што ён ніколі не сядзеў на месцы – працаваў.

– Зразумеў галоўнае – трэба прымаць з годнасцю ўсе нягоды, любіць і шанаваць людзей, якія побач, – прызнаецца доўгажыхар. – З жонкай пражылі ў згодзе, не сварыліся, дапамагалі адзін аднаму. Таццяны ўжо больш за дваццаць гадоў няма побач, але да гэтага часу памятаю і кахаю яе.

Было бачна, што нечаканым гасцям Аляксандр Якаўлевіч рады. Мужчына шчыра дзяліўся ўспамінамі з інспектарам нагляду і прафілактыкі РАНС Міхаілам Нікалаевічам і кіраўніком спраў Лахвен-скага сельвыканкама Вольгай Шэўчык. Ад горкіх перажыванняў аб пражытых у акупацыі ваенных гадах на вачах міжволі выступалі слёзы. Сёння, праўда, пенсіянер ўжо не абыходзіцца без старонняй дапамогі ў вырашэнні бытавых пытанняў.

Пры праверцы домаўладання госці звярнулі ўвагу на стан электрычнай праводкі і электрапрыбораў, пячнога ацяплення, а таксама наяўнасць і спраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Таксама прадстаўнік выратавальнікаў расказаў аб асноўных прычынах, якія могуць прывесці да пажараў. Міхаіл Фёдаравіч заклікаў быць асабліва ўважлівымі, пакуль не завершыцца ацяпляльны сезон.

У канцы сустрэчы доўгажыхару ўручылі памяткі па пажарнай бяспецы і пажадалі моцнага здароўя.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть