«Б’Е І РАЎНУЕ – ЗНАЧЫЦЬ, КАХАЕ…»
Прыкладна такога меркавання прытрымліваюцца некаторыя даверлівыя асобы жаночага полу ў імкненні знайсці тлумачэнне не заўсёды адэкватным паводзінам мужоў ці сужыцеляў. Але ж ці так гэта насамрэч? Статыстыка судовых пасяджэнняў па справах, узбуджаных з прычыны нанясення цяжкіх цялесных пакалечанняў і катавання сведчыць пра іншае. Як пра-віла, сістэматычныя здзекі над жанчынамі нярэдка заканчваюцца бядой. І тады паўстае адзіна незразумелае пытанне: як можна было столькі часу цярпець зверствы, пакорліва чакаючы, пакуль усё не абернецца трагедыяй? Зусім нядаўна судом раёна разгледжана справа, узбуджаная супраць жыхара Мікашэвіч К. Раней ён адбываў пакаранне за нанясенне менш цяжкіх цялесных пакалечанняў. Яго сябры і блізкія ведалі нястрыманы характар хулігана, для якога першым аргументам у любой спрэчцы з’яўляюцца кулакі. Хутка даведалася пра гэта і сужыцелька М. Спачатку рукапрыкладства абмяжоўвалася аплявухамі і выспяткамі. Але аднойчы сужыцель так пабіў жанчыну, што спатрэбілася дапамога ўрачоў. Немаведама на што разлічвала небарака, ды толькі пасля лячэння яна зноў вярнулася да тырана. Зацішша панавала нядоўга. Неўзабаве бойкі і сваркі аднавіліся. Пачыналіся яны, як правіла, без прычыны. Варта сказаць, што і ён, і яна, хоць і не мелі пастаяннага заробку, не грэбавалі чаркай, а таму часта бывалі ў кампаніях. Пасля такіх пасядзелак і пачыналіся «разборкі”: нехта «няпра-вільна” на жанчыну глянуў, іншы дазволіў сабе красамоўны намёк ці «недаравальны” дотык… Высвятленне адносін заканчвалася пабоямі. Прычым, у якасці ахвяры «баец” стараўся выбіраць слабейшага, кім заўсёды была жанчына. Адна з такіх лупцовак успыхнула ў мікрааўтобусе, якім наёмныя рабочыя дабіраліся з фермерскага поля. Тады пасажыры аўтамабіля здолелі абараніць жанчыну. Аднак дома супыну тырану не было. З цягам часу К. станавіў-ся ўсё больш жорсткім і здзеклівым. У ход ішлі пагрозы, падмацаваныя нажом, заточкай і нават адвёрткай. Як расказала ў су-дзе пацярпеўшая, без пабояў не абыходзіўся ніводзін тыдзень, а пачынаючы з красавіка гэтага года адбываліся яны яшчэ часцей. Аднойчы сужыцель разлютаваўся настолькі, што не абмежаваўся «звычнымі” інструментамі. Пасля пабояў кулакамі і нагамі ў ход пайшла манціроўка. З моцнымі траўмамі, у ліку якіх былі пераломы рэбраў, жанчына трапіла ў бальніцу. Суд прызначыў К. паў- года арышту. Варта зазначыць, што гэта – максімальны тэрмін за злачынства падобнага кшталту. Адначасова прысуд стаў ці не апошнім папярэджаннем і для пацярпеўшай, якая аднойчы проста можа трагічна развітацца з жыццём. Вось толькі ўпэўненасці, што яна ўсвядоміла гэта да канца, на жаль, няма. Жаночае ўсёдараванне не мае межаў. Сведчаннем стаў жудасны факт згвалтавання адным з нелюдзяў уласнай непаўналетняй дачкі. Здарэнне мела вялікі рэзананс у раёне, абмяркоўвалася ці не ў кожнай сям’і. Самае горкае, што перадумовай усяго зноў-такі стала п’янства. Гаспадар, ураджэнец Валга-градскай вобласці, напіваўся да непрыстойнасці. Жонка ў такія моманты лічыла за лепшае ўцячы з дому, бо неаднойчы цярпела ад бязлітасных пабояў мужа. І тады ахвярай стала дачка – старэйшая з траіх дзяцей. Прысуд быў строгім – 7,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Варта сказаць, што справядлівага пакарання злачынца стараўся пазбегнуць, як мог. Пераконваў суддзяў ва ўласнай бессвядомасці, маўляў, не разумеў, што рабіў. Аднак беспрыстрасная экспертыза ўстанавіла адваротнае. Не ўзяў суд пад увагу і просьбу маці дзяўчынкі, якая прасіла мужа строга не караць… Вядома, памятаць зло – не лепшая рыса. Але толькі ў звычайным паўсядзённым жыцці. Што ж датычыць злачынства, учыненага страшна і наўмысна, не паддаючагася нармальнаму чалавечаму разуменню, то яно абавязкова павінна быць справядліва і строга пакарана. Васіль БЕЛЬСКІ, старшыня суда.