Бесшабашныя «шабашнікі»
Не памылюся, калі скажу, што многія пры выпадку здолеюць успомніць не адну трагедыю, якая адбылася з іх знаёмымі, аднавяскоўцамі ці проста жыхарамі раёна, якія выязджалі на заробкі ў іншыя рэгіёны. Як правіла, непрыемнасці нярэдка становяцца наступствамі не зусім адэкватных паводзін саміх людзей. Карыстаючыся ўяўнай бескантрольнасцю, “шабашнікі” іншы раз пачынаюць злоўжываць спіртным, трапляюць у непрыемныя сітуацыі, выблытацца з якіх удаецца не ўсім і не адразу.
Самае крыўднае, што падвержаны гэтаму не толькі стыхійныя брыгады, але і спецыялісты, якія накіроўваюцца ў камандзіроўкі ў іншыя раёны ад арганізацый, дзе не паклапаціліся пра належную арганізацыю працы сваіх работнікаў ці пра тое, каб элементарна прызначыць у часовым калектыве старэйшага, на якога можна было б ускласці абавязкі кіраўніка.
Прыкладна так паставіліся да камандзіравання сваіх работнікаў у ААТ “Пінскэлектрамантаж”. Брыгада з гэтай арганізацыі абавязалася выканаць пэўны аб’ём сантэхнічных работ у СВК “Чучавічы”. Прыбыўшы ў гаспадарку ў канцы лістапада мінулага года, адразу прыступілі да работы. “Прыступілі” – гучна сказана. Пазней, многія з дзеючых асоб гэтай гісторыі ўсё-такі прызнаюць, што ў брыгадзе грашылі п’янкамі, а некаторыя прыкладваліся да бутэлькі на працягу ўсяго рабочага дня.
Для газаэлектразваршчыка Ц. адзін з працоўных дзён менавіта так і пачаўся. Як паказалі потым у судзе некаторыя з яго калег, апарат у рукі Ц. так і не ўзяў, затое бутэльку амаль не выпускаў. Кульмінацыяй стала завяршэнне дня, калі брыгада сабралася ў доме, дзе кватаравала. Вячэра, вядома ж, зноў не абышлася без паў-літра. Пасля гэтага многія ляглі спаць і, па іх запэўніванню, толькі раніцай даведаліся, што іх калега з цяжкімі траўмамі трапіў у бальніцу.
Як высветлілася, канфлікт успыхнуў паміж Ц. і 30-гадовым Л., які вырашыў прывучыць неахайнага сужыцеля да парадку. Калі застаў яго ў сенцах за не зусім прыстойным заняткам, выштурхаў на вуліцу, растлумачыўшы, што прыбіральня знаходзіцца не так і далёка. Ад штуршка нецвярозы Ц. упаў. Л., між тым, не супакоіўся і нанёс нагамі па ляжачым чалавеку яшчэ некалькі ўдараў. Адзін з іх прыйшоўся ў вісок…
Заўважыўшы, што з вуха пайшла кроў і пачаў знікаць слых, Ц. самастойна прыўзняўся і накіраваўся да вясковай бальніцы. Адтуль з пераломам скроневай косці, адкрытай чэрапна-мазгавой траўмай, разрывам барабаннай перапонкі небараку на “хуткай” тэрмінова накіравалі ў Лунінец.
Лячэнне зацягнулася, была ўзбуджана крымінальная справа, якая трапіла ў суд. У ходзе судовага разбіральніцтва дзеючыя асобы імкнуліся пераканаць правасуддзе, што здарэнне – не што іншае як няшчасны выпадак. Сам пацярпелы запэўніваў, што напіўся не інакш, як па дарозе ў бальніцу (!). Аднак пад ціскам неабвержных доказаў падазраваемы ў нанясенні небяспечных для жыцця цяжкіх цялесных пакалечанняў віну сваю прызнаў поўнасцю.
Магчыма, тры з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў адкрытую ўстанову выпраўленчага тыпу некаму пададуцца занадта гуманным прыгаворам, але ў гэтым выпадку суд улічыў не толькі абцяжарваючыя, але і змякчаючыя абставіны. І, перш за ўсё, тое, што абвінавачваемы шчыра раскайваўся ва ўчыненым злачынстве. Будзем спадзявацца, што і ён, і ўсе дзеючыя асобы гэтай гісторыі нарэшце зразумеюць, што жыццё вельмі кароткае, каб траціць яго на злосць.
Міхаіл ДЗЕНІСОВІЧ, старшыня суда.