Происшествия

БЯСПЕКА – НАШ АГУЛЬНЫ ПОСПЕХ

Праведзены аналіз аператыўных зводак паказвае, што амаль кожны другі крадзеж адбываецца шляхам свабоднага доступу, а кожны чацвёрты – праз узлом уваходных дзвярэй. Дзевяць працэнтаў злачынстваў учыняецца шляхам падбору ключоў, яшчэ ў васьмі працэнтах выпадкаў злодзей пранікае праз незачыненыя вокны і балконы. Як абараніцца ад злачынных пасягальніцтваў? Лепшы спосаб зрабіць жыллё бяспечным – устанавіць ахоўную сігналізацыю. Так лічыць начальнік Лунінецкага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Анатоль БУНЕВІЧ, які расказаў аб дзейнасці падраздзялення:

– 29 кастрычніка будзем адзначаць дзень заснавання службы аховы. Да прафесійнага свята падыўлі з нядрэннымі вынікамі. Самым важным з’яўляецца тое, што сёлета не было зарэгістравана крадзяжоў з ахоўваемых аб’ектаў. А іх у нас – 245, яшчэ 412 – памяшканні з асабістай маёмасцю грамадзян.

Акрамя ахоўнай дзейнасці сочым за грамадскім парадкам на ахоўваемых аб’ектах, у зонах пастоў і маршрутаў патрулявання, забяспечваем кантроль за ўкараненнем і эксплуатацыяй сродкаў і сістэм аховы.

У калектыве працуе 175 чалавек. Вартавыя нясуць службу на ўсіх буйных аб’ектах Лунінца і Мікашэвіч. Адказнасць і прафесіяналізм – адметнасць нашых работнікаў. Надзейнасцю і стараннасцю вызначаюцца вядучы інжынер групы сродкаў і сістэм аховы Сяргей Крэмянеўскі, вартавы Юры Германовіч. Неаднаразова вопыт і дысцыплінаванасць дапамагалі міліцыянеру-кінолагу Леаніду Кавалевічу ўдзельнічаць у раскрыцці злачынстваў. Прыемна, што супрацоўнікі РАУС, калі выходзяць на заслужаны адпачынак, не спяшаюцца развітацца са службай і прыходзяць да нас, а іх работа з’яўляецца добрым прыкладам для маладых. Гэта Рыгор Баранаў, Павел Галоўніч, Аляксандр Пашкевіч.

Калі ў вас ёсць жаданне і вы марыце аб прафесіі, звязанай з абаронай правапарадку, інтарэсаў дзяржавы і грамадзян, прыходзьце ў наш аддзел.

На сяржантскія і афіцэрскія пасады запрашаюцца мужчыны ва ўзросце да 25 год, якія маюць сярэднюю, сярнюю спецыяльную адукацыю і прайшоўшыя тэрміновую службу ва Узброеных Сілах, а таксама годныя па стану здароўя.

Хачу выказаць шчырыя словы ўдзячнасці кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый. Якія нягледзячы на няпростую эканамічную сітуацыю, працягваюць дагаварныя адносіны з нашым аддзелам. Так, за год пад ахову прынята 20 новых аб’ектаў. Клапоцяцца пра сваю маёмасць і жыхары раёна, 40 чалавек устанавілі ў жылых памяшканнях, гаражах і падвалах ахоўныя сігналізацыі. А вы яшчэ не зрабілі гэта?

Патраціўшы грошы аднойчы на набыццё ахоўнага абсталявання, яно стане вашай уласнасцю, якая не патрабуе дадатковага догляду і капіталаўкладанняў. Пасля гэтага – толькі штомесячная абаненцкая плата!

Каля вашай кватэры заўсёды будзе гарэць маленькі чырвоны агенчык. Часта адзін толькі яго выгляд палохае злачынцаў, таму што яны ведаюць: усяго некалькі хвілін – і мы каля вашага парога! Кожнага, хто пажадае заключыць з намі дагавор, чакае падарунак – спакойны сон, а таксама пачуццё абароннасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Да таго ж, мы не працуем “па старынцы”. І вам не трэба тэлефанаваць на пульт. Лёгкім рухам рукі вы заўсёды забяспечыце сабе прафесійную ахову вашага шчасця. Шчасце жыве дома, беражыце яго.

Напярэдадні Дня заснавання службы аховы віншую ветэранаў, супрацоўнікаў і работнікаў аддзела, а таксама ўсіх нашых парнёраў з прафесійным святам. Жадаю ўсім здароўя, дабрабыту, ажыццяўлення новых задумак і ідэй. Няхай у кожны дом прыходзяць мір і дабро, шчасце і ўдача! 2-24-41

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть