Цна паказвае свой нораў
Происшествия

Цна паказвае свой нораў

Дажджлівая восень і вельмі падобны на яе пачатак зімы садзейнічалі незвычайнаму паўнаводдзю ракі Цна. Жыхары Кажан-Гарадка, які  рака звілістай стужкай перарэзвае на дзве часткі, з трывогай назіралі, як  паступова яна набірае моцы, пагражаючы з дня на дзень выйсці з берагоў, і тады…

Вуліца Чабатарка знаходзіцца амаль у цэнтры старажытнага мястэчка. Цна – побач. Тут першымі адчулі наступ стыхіі.

– Раніцай яшчэ чысціла дарожкі ад снегу, а ў абед ужо не магла выйсці на двор, – расказвае Іна Марошка. – Яшчэ праз гадзін колькі  ў ботах не атрымалася дайсці да хлява. А там – вады яшчэ больш. Проста не ўяўляю, куды дзецца з жыўнасцю…

За дзень у вялікае возера ператварыліся многія з сядзіб, размешчаных  на ўзбярэжжы і не толькі. Ульяна і Павел Рашэцкія жывуць на гэтай вуліцы больш як 50 год.

– Нас не здзівіць паводкамі, бывалі яны вясной, восенню, але каб зімой – такое здарылася ўпершыню, – расказваюць гаспадары.

Верагодна, яшчэ і ад гэтага людзей апаноўвае страх. І нават звестка пра тое, што практычна адразу пасля паведамлення аб націску вады ў Кажан-Гарадок прыехалі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, прадстаўнікі дарожнай службы і прадпрыемства меліярацыйных сістэм, жаданага супакаення не прынесла.

– Стыхіі вельмі складана супрацьстаяць, – каменціруе сітуацыю начальнік РАНС Эдуард Санюковіч. – Але людзі павінны ведаць, што мы не пакінем іх сам-насам з бядой. Зразумела, адпампаваць ваду з агародаў не здолеем, але з гаспадарчых пабудоў, каб выратаваць правіянт і жыўнасць, бу-дзем старацца. Ніводзін са зваротаў жыхароў не застанецца без увагі. Раніцай 18 студзеня ў Кажан-Гарадку пачало працаваць падраздзяленне РАНС, аснашчанае неабходнымі прыстасаваннямі і абсталяваннем, у тым ліку і плаўсродкамі. Па Цне яшчэ можна праехаць на маторных лодках, таму абследуем рэчышча на наяўнасць магчымых затораў. Як будзе развівацца сітуацыя, прадказаць складана. Мы разглядаем усе варыянты, у тым ліку і магчымае адсяленне людзей з падтопленых дамоў. І ўсё ж, спадзяюся, што да гэтага не дойдзе.

Пабываць на месцах, дзе будзе дыслацыравацца спецтэхніка, нам не ўдалося. Але гэта не зменшыла надзеі на спрыяльнае развіццё падзей, літасць прыроды і прафесіяналізм тых, хто спрабуе ёй супрацьстаяць.

 

 

 

 

 

 

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть