Происшествия

Дапамагчы падлеткам можам разам

Супрацоўнікі пракуратуры Лунінецкага раёна прааналізавалі становішча злачыннасці і правапарушэнняў непаўналетніх за 2013 год, а таксама работу, якая праводзіцца дзяржаўнымі органамі па пытаннях
узмацнення адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей і абароны правоў падлеткаў.
Летась па закончаных крымінальных справах зарэгістравана 44 злачынствы, учыненых 29 непаўналетнімі або пры іх удзеле. Прыкра, але за аналагічны перыяд 2012-га лічба была меншай – 34. Трэба адзначыць, што застаўся высокі ўзровень рэцыдываў. Так, у мінулым годзе 11 разоў пераступілі закон 5 падлеткаў у перыяд незнятай і непагашанай судзімасці.
Вынікі праверак сведчаць, што распаўсюджаны характар носяць парушэнні і незахоўванне законных правоў, інтарэсаў непаўналетніх, недахопы і ўпушчэнні пры выкананні патрабаванняў заканадаўства аб безнагляднасці і прафілактыцы правапарушэнняў непаўналетніх, аб пакрыцці сродкаў, затрачаных на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.
Пасля аналізу ўмоў, якія садзейнічаюць росту злачыннасці, высветлена: асноўнымі прычынамі з’яўляюцца недастатковы ўзровень узаемадзеяння пры правя-дзенні сумесных мерапрыемстваў паміж суб’ектамі прафілактыкі, адсутнасць належнага кантролю за паво-дзінамі з боку бацькоў, работнікаў устаноў адукацыі і міліцыі. У сувязі з кадравымі зменамі ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС, у 2013 годзе адсутнічаў адзіны падыход з боку кіраўніцтва аддзела па правядзенню супрацоўнікамі сістэмнай, зладжанай індывідуальна-прафілактычнай работы з падлеткамі.
Сур’ёзнай праблемай застаецца злачыннасць непаўналетніх, якія стаяць на ўліку ў ІСН. Шэсць такіх юнакоў прынялі ўдзел ва ўчыненні 18 злачынстваў. На жаль, не былі наладжаны выяўленне і пастаноўка на ўлік бацькоў, якія не выконваюць або неналежным чынам адносяцца да абавязкаў па выхаванню дзяцей.
Занепакоенасць выклікае той факт, што з 44 злачынстваў 20 – учынены ў групе асоб, а 27 – адбыліся ў начны час. Гэта сведчыць аб недастатковай увазе да месцаў скаплення падлеткаў зацікаўленымі суб’ектамі прафілактыкі. Часткова па гэтай прычыне ў юнакоў фарміруецца меркаванне ўседазволенасці, якая правакуе на ажыццяўленне супрацьпраўных дзеянняў.
32 працэнты ад агульнай колькасці злачынстваў летась учынілі навучэнцы прафесійна-тэхнічных каледжаў: політэхнічнага – 2 злачынствы, сельскагаспадарчага – 12. Яшчэ 8 – на рахунку вучняў школ. Шырокі рэзананс меў выпадак, калі ў райцэнтры на вуліцы Скарыны і праспекце Машэрава хуліганы зламалі больш як 20 саджанцаў. Як пазней аказалася, беспрычынна і наўмысна гэта зрабілі навучэнцы сельскагаспадарчага каледжа. У ходзе праверкі ўстановы прафтэхадукацыі выяўлены шэраг парушэнняў у частцы эфектыўнасці аргані-зацыі выхаваўча-прафілактычнай работы з нядобранадзейнымі сем’ямі, прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх. Кіраўніку вынесена прадстаўленне аб ухіленні парушэнняў заканадаўства, па выніках разгляду якога 7 асоб на пасадзе прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.
Адна з неспрыяльных тэндэнцый – рост злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў: пяць – супраць двух у 2012-ым. Актуальнымі з’яўляюцца праблемы, звазаныя з алкаголем, у тым ліку адміністрацыйныя правапарушэнні антыалкагольнага заканадаўства. Летась пракуратурай выяўлены факт упраўлення вадзіцелем аддзела адукацыі, спорту і турызму, у абавязкі якога ўваходзіла дастаўка дзяцей з раёна ў цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення. Па пастанове пракурора гэты работнік прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і звольнены.
Праведзены праверкі ў сферы прафілактыкі дзіцячага траўматызму і гібелі дзяцей ад знешніх прычын, а таксама аховы дзяцінства. Выяўлена, што ўзаемадзеянне паміж аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, установамі адукацыі і УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” па абмену інфармацыяй аб фактах дзіцячага траўматызму, парадку расследавання, афармлення і ўліку няшчасных выпадкаў з навучэнцамі і выхаванцамі, не наладжана. На жаль, летась зарэгістравана і гібель дзяцей у агні. Жадае быць лепшай работа па захаванню пажарнай бяспекі аб’ектаў з масавым знаходжаннем непаўналетніх. Акрамя таго, маюцца праблемныя пытанні захоўвання заканадаўства аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва.
Значную ўвагу летась надавалі пытанням выканання патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.11.2006 г. №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” у частцы пакрыцця расходаў, затрачаных на хлопчыкаў і дзяўчынак, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Паказчык кампенсацый па Лунінецкім раёне склаў 53 працэнты (сярэднеабласны – 57).
У мэтах стабілізацыі і зніжэння падлеткавай злачыннасці, павышэння эфектыўнасці выхаваўча-прававой работы з непаўналетнімі, схільнымі да дэвіянтных паводзін, забеспячэння абароны правоў і законных інтарэсаў унесены прапановы для ўсіх зацікаўленых службаў і арганізацый.
Арцём РАЛІНСКІ, памочнік пракурора.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть