“ДАРУЮ І ПРАШУ СТРОГА НЕ КАРАЦЬ…”
Мабыць, ёсць нямала выпадкаў, калі падобныя словы былі б дарэчы і сведчылі пра выдатнейшую чалавечую якасць – міласэрнасць. Аднак тое, пра што хачу расказаць, аніяк не ўваходзіць у зразумелыя рамкі чалавечых адносін, а таму разумнаму тлумачэнню проста не паддаецца.
Жыхарка в. Сітніца Г. трапіла ў раённую бальніцу з жудаснымі траўмамі, сярод якіх былі пералом рукі, разрыў жоўцевага пузыра і селязёнкі (у выніку пазней развіўся перытаніт), закрытая траўма жывата, пераломы рэбраў… “Хуткая дапамога” даставіла яе спачатку ў Лунінец, а праз суткі – у Пінск, дзе медыкі доўга і настойліва змагаліся за жыццё жанчыны. Як высветлілася пазней, траўмы нанёс ёй п’яны сужыцель.
Цяжка сказаць, што на працягу 10 год трымала пад адным дахам гэтых людзей. Агульную мову яны часта знаходзілі толькі за бутэлькай гарэлкі ці віна. Зрэшты, менавіта гэты атрыбут найчасцей станавіўся і штуршком да п’яных “разборак”.
У той дзень падсобны рабочы СП “Аграграніт” Б. у чарговы раз заявіўся дадому з Малоткавіч, дзе ў дыспансеры знаходзіўся на лячэнні ад туберкулёзу. Па словах пацярпелай, прыязджаў ён штомесяц у дзень пералічэння зарплаты, атрымліваў грошы, адзначаў з сябрамі сустрэчу і зноў знікаў на пэўны тэрмін. Для вядзення дамашняй гаспадаркі грошы не даваў.
У апошні раз таксама не абышлося без бутэлькі. Пасля выпіўкі Б. заснуў. Калі трохі працверазеў, выявіў, што астатак палучкі знік. Западозрыўшы ў крадзяжы сужыцельку, стаў патрабаваць вярнуць грошы. Тая спачатку адмаўлялася, тлумачачы, што ў хаце закончыліся дровы і газ. І тады ў якасці неабвержнага сродку садыст прымяніў цяжкі металічны малаток, якім бязлітасна нанёс мноства ўдараў па целу жанчыны .
Раніцой, бачачы, што сужыцелька нерухома ляжыць там, дзе яе пакінуў увечары, Б. без дакораў сумлення накіраваўся ў Малоткавічы. Дзякуючы неабыякавым людзям, які выклікалі “Хуткую дапамогу”, няшчаснай яшчэ наканавана было пажыць. Жанчыну выратавалі. Дарэчы, вылілася гэта дзяржаве ў кругленькую суму – больш як 4 мільёны рублёў.
На судзе злачынца асабліва не апраўдваўся і вінаватым сябе не лічыў. Тым больш, што пацярпелая, ледзь акрыяла, пачала прасіць літасці да таго, хто толькі па шчаслівай выпадковасці не стаў яе забойцам. Акрамя кампенсацыі сродкаў, выдаткаваных на лячэнне, суд адмераў злачынцы 4 гады пазбаўлення волі з адбываннем тэрміну ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
А вось яшчэ адна жыхарка гэтай жа вёскі Сітніца М. ужо ніколі не здолее дараваць таго, хто прычыніў ёй столькі зла. 25 лістапада мінулага года у кампаніі з сужыцелем і яго сябрамі яна адзначыла дзень нараджэння. На наступны дзень чалавек, з якім пражыла пад адным дахам 4 гады, збіў яе так, што ў рэанімацыі 38-гадовая жанчына памерла. Падставай для жорсткай расправы стала п’яная рэўнасць да суседа.
Для раскайвання і абдумвання далейшага жыццёвага шляху суд прызначыў забойцы 7 год і 4 месяцы пазбаўлення волі. Вось толькі ўпэўненасці ў тым, што яго лёс стане засцярогай для іншых “вольных на руку гаспадароў”, па-ранейшаму няма. Бо злачынныя эпізоды паўтараюцца з сумнай перыядычнасцю і трагічнай тэндэнцыяй росту. Летась выпадкаў нанясення цяжкіх цялесных пакалечанняў, небяспечных для жыцця, было 10. За два месяцы гэтага года іх зарэгістравана 6.
Прычым “разборкі” неабавязкова ладзяцца паміж сужыцелямі ці мужам і жонкай. У Велуце памятаюць жудасную трагедыю. Напрыканцы мінулага года яна адбылася ў сям’і К., якая нічым не адрознівалася ад многіх іншых вясковых сем’яў. Тут любілі выпіць, а папойкі нярэдка заканчваліся высвятленнем адносін. На гэты раз малодшы 30-гадовы брат вырашыў пакараць старэйшага 40-гадовага. Нягледзячы на тое, што за некалькі гадзін да трагедыі разам выпівалі, ён заявіўся да родзіча “разабрацца”, чаму той крыўдзіць ні ў чым невінаватую сястру. Маладзейшы і дужэйшы, ён амаль адразу ўзяў верх. Да таго ж, у справу пайшоў абрэзак арматуры, які ў гаспадарцы выкарыстоўвалі замест качаргі для падварушвання вуголля. Нанесеныя ўдары для ахвяры сталі ракавымі. Калі на наступны дзень мужчына не змог устаць з ложка, родныя прапанавалі выклікаць “Хуткую дапамогу”, аднак пацярпелы адмовіўся: “Адляжуся, пройдзе”. Не прайшло. Праз дзень у хаце ладзілі памінкі.
Вывады судмедэскперта сведчылі, што ў памершага была разрвана пячонка, адбіта нырка, зламаны 6 рэбраў, пашкоджана лёгкае… Стан быў абцяжараны гнойным перытанітам брушной поласці.
Адправіўшы брата на той свет, злачынца сам накіраваўся “на нары”. Па прыгавору суда ў калоніі ўзмоцненага рэжыму ён правядзе 5 год.
Ці можна было пазбегнуць трагедый? Гэтае пытанне варта было б задаць кожнаму з іх удзельнікаў. Вось толькі адказ, хутчэй за ўсё, быў бы розным. А іншы раз пытанне проста засталося б без адказу…
Васіль БЕЛЬСКІ,
старшыня суда.