Для ўсіх аднолькавы закон
Происшествия

Для ўсіх аднолькавы закон

Нагляд за тым, наколькі дакладна выконваюцца мясцовымі прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, прадпрыемствамі, арганізацыямі, установамі, грамадскімі аб’яднаннямі, асобамі на пасадах і простымі грамадзянамі законы, дэкрэты, указы, нарматыўныя акты, ускладзены на пракуратуру. Аднак гэтым яе паўнамоцтвы не абмяжоўваюцца. У вядзенні пракуратуры – кантроль за тым, як расследуюцца злачынствы і тым, наколькі адпавядаюць закону судовыя рашэнні па грамадзянскіх, крымінальных і адміністрацыйных справах. Акрамя гэтага, супрацоўнікі названага праваахоўнага ведамства ўдзельнічаюць у правядзенні папярэдняга расследавання, а таксама падтрымліваюць дзяржаўнае абвінавачванне ў судах.

Забеспячэнне верхавенства права, законнасці і правапарадку, абарона інтарэсаў грамадзян і дзяржавы ў цэлым – галоўная задача пракуратуры. У сваю чаргу дзяржава клапоціцца пра тое, каб пракурор пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў быў незалежным. Усялякае ўмяшальніцтва ў яго дзейнасць недапушчальнае і цягне за сабой прадугледжаную заканадаўствам адказнасць. Дзейнасць пракуратуры грунтуецца на законнасці, роўнасці перад законам усіх грамадзян, незалежнасці пракурора і абавязковасці выканання яго патрабаванняў.

Летась пракуратурай раёна разам з іншымі праваахоўнымі ведамствамі рэалізаваны комплекс наглядных і правапрымяняльных мерапрыемстваў, накіраваных на барацьбу са злачыннасцю і захаванне ў грамадстве спакою і парадку. І ўсё ж, пазбегнуць негатыўных праяў не ўдалося. Больш таго, летась на Лунінеччыне назіраўся рост на 2,9 працэнта агульнакрымінальнай злачыннасці. Адбылося гэта па прычыне павелічэння колькасці крадзяжоў. Гэты від злачынстваў у агульнай масе зарэгістраваных па лініі крымінальнага вышуку займае амаль 71 працэнт. Найчасцей злодзеі квапяцца на маёмасць простых грама-дзян, якія, у сваю чаргу, не заўсёды клапоцяцца пра надзейную захаванасць нажытага. Аналізуючы прычыны, супрацоўнікі пракуратуры неаднойчы звярталі ўвагу на гэтую акалічнасць, а таксама на тое, што прафілактычная работа з боку зацікаўленых ведамстваў магла б быць больш настойлівай і дзейснай.

Узяць хоць бы той факт, што пераважная большасць крадзяжоў учынена асобамі, якія вядуць антыграмадскі лад жыцця, злоўжываюць спіртным, нідзе не працуюць і нярэдка маюць багаты паслужны спіс у выглядзе шматлікіх судзімасцей. Хіба не ведаюць пра гэта тыя, хто павінен трымаць названы кантынгент пад нястомным кантролем? Ведаюць. Аднак 25 злачынстваў летась учынены п’яніцамі, 12 – раней судзімымі. І далёка не кожны з патэнцыяльных злачынцаў знаходзіцца на прафілактычным уліку, што стварае ўмовы для ўчынення новых антыграмадскіх учынкаў.

У пэўным сэнсе адмоўным чынам уплывае на сітуацыю спадзяванне на беспакаранасць. І яно небеспадстаўнае. Агульная раскрывальнасць злачынстваў у параўнанні з папярэднім годам знізілася на 4 працэнты і склала летась 69,2 працэнта. А сярод крадзяжоў раскрываецца і таго менш – усяго 37 працэнтаў. Нераскрытымі дагэтуль застаюцца 2 з 5-ці ўчыненых разбояў.

Зразумела, пракуратура не магла не звярнуць увагі на такія факты. Была праведзена праверка арганізацыі аператыўна-вышуковай работы. Яна паказала, што супрацоўнікі крымінальнай міліцыі не заўсёды прафесіянальна падыходзяць да правядзення расследавання. Вось і атрымліваецца, што калі злачынства не раскрыта “па гарачых слядах”, то ў далейшым аператыўным шляхам устанавіць злодзея ўдаецца толькі ў адзінкавых выпадках.

Сумнае лідарства ўтрымлівае наш раён і па фактах злачыннага ўхілення бацькоў ад утрымання непаўналетніх дзяцей. Летась гэтая лічба ў параўнанні з папярэднім годам павялічылася больш чым удвая – з 44-ох да 98-мі выпадкаў. Вядома, мы адразу ж прааналізавалі прычыны такога становішча. Як высветлілася, нярэдка бацькі, не задумваючыся пра недаравальныя наступствы такіх учынкаў, наўмысна ўтойваюць звесткі пра свае даходы. Для гэтага неафіцыйна ўладкоўваюцца на работу да індывідуальных прадпрымальнікаў, фермераў. Апошнія, у сваю чаргу, таксама парушаюць закон, ухіляючыся ад уплаты абавязковых страхавых узносаў і падаходнага падатку. Пракуратурай падобныя факты выяўлены, што стала падставай для прыцягнення вінаватых да крымінальнай адказнасці.

Нельга сказаць, што пра гэта не ведаюць судовыя выканаўцы адпаведнага аддзела, аднак звестак аб выяўленых у ходзе работы злоўжываннях і правапарушэннях у праваахоўныя і кантралюючыя ведамствы ад іх не паступае, да адміністрацыйнай адказнасці даўжнікі не прыцягваюцца. Зразумела, што і прафілактычная работа зведзена да нуля. Здараліся выпадкі, калі ў ходзе расследавання крымінальных спраў супрацоўнікамі раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь устанаўліваліся факты неафіцыйнага працаўладкавання падазраваемых у фермерскіх гаспадарках. Аднак далейшага лагічнага развіцця падзей па ўстанаўленню такіх гаспадарак, інфармаванню аб гэтым кантрольных і зацікаўленых органаў таксама не было.

Трывожыць супрацоўнікаў пракуратуры рост колькасці цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у дачыненні да найбольш уразлівай катэгорыі грамадзян – пажылых людзей. Безабаронныя і даверлівыя, яны нярэдка становяцца ахвярамі злачынцаў. Крыўдна тое, што 24 крадзяжы і 1 разбой, учыненыя ў адносінах да састарэлых, так і засталіся нераскрытымі. Сярод іх – нахабнае злачынства ў Сасноўцы летам мінулага года, калі двое дагэтуль неўстаноўленых “візіцёраў” праз выстаўленае акно прабраліся ў дом да пажылой вяскоўкі. З прымяненнем насілля забралі зберажэнні на “чорны дзень” – 2 тысячы долараў ЗША.

Жанчына жыла адна. Хата неновая, прабрацца туды, як аказалася,  праблем не складае. Між тым, работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоў-вання насельніцтва грамадзянку наведалі толькі аднойчы – у лютым 2016-га. Зразумела, сама яна не магла адрэагаваць на заўвагі спецыялістаў ТЦСАН, і тым больш – выканаць патрабаванні супрацоўнікаў РАНС і РАУС аб умацаванні жылля. Аднак непадалёк жыве сын, і гэтыя прапановы можна было адрасаваць яму. У ідэале паведамляць пра факты, на першы погляд, больш дробных пасягальніцтваў на маёмасць пажылых людзей, павінны прадстаўнікі сельвыканкамаў, сацыяльныя работнікі, нават паштальёны. Але як часта здараецца, што на гэта проста не звяртаем увагі, даючы падставы для ўчынення больш жудасных злачынстваў.

Такіх, якое здарылася вечарам у канцы лютага каля магазіна “Ваяж” у Мікашэвічах. Двое бэйбусаў прыставалі да прахожых з просьбай закурыць. Калі адзін з гараджан адмовіў, кінуліся на яго з кулакамі. Не вытрымаў пажылы чалавек, які ішоў міма. Ён рызыкнуў зрабіць заўвагу хуліганам, за што тыя пачалі ўжо збіваць пен-сіянера. З цяжкімі траўмамі ён трапіў у бальніцу. І як у такім выпадку не выказаць папрок супрацоўнікам РАУС за абсалютнае грэбаванне патрабаваннямі Закона Рэспублікі Беларусь” “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”? Асабліва, калі ўлічыць, што абодва вяліка-ўзроставыя хуліганы ўжо мелі су-дзімасці (няхай сабе і пагашаныя), і праваахоўнікі не маглі не ведаць пра іх паталагічную схільнасць да канфліктаў. Разам з тым, адсутнасць прэвентыўнага нагляду стала прычынай уяўнай свабоды і беспакаранасці, што вылілася ў бяду для чалавека, які рызыкнуў узяць на сябе місію міліцыянераў.

Выклікае заклапочанасць павелічэнне колькасці злачынстваў, звязаных з незаконным захоўваннем зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. Калі ў 2015 го-дзе было зарэгістравана толькі адно злачынства названай катэгорыі, то летась – 12. Не памылюся, калі скажу, што дагэтуль на руках у жыхароў раёна яшчэ застаецца незарэгістраваная агнястрэльная зброя, а на месцах былых баёў арудуюць “чорныя капацелі”, несучы рэальную пагрозу не толькі ўласнаму, але і здароўю і жыццю іншых людзей.

Уважлівы чытач можа задаць упаўне зразумелае пытанне: а дзе ж роля пракуратуры? Яе не заўважыць нельга. Дастаткова сказаць, што летась нашы супрацоўнікі правялі 60 праверак, і ніводная з іх не была безвыніковай. Зразумела, што ў поле зроку трапілі і фермерскія гаспадаркі, пра якія ўзгадваў вышэй. Адзначу адразу, што практычна паўсюдна дапускаюцца парушэнні патрабаванняў працоўнага, падатковага, зямельнага і прыродаахоўнага заканадаўства. На ўсіх абследаваных участках (а былі гэта надзелы ФГ “Любачын”, “Чэркас і К”, “Рыгор і сыны”, “Кісель Бор” і іншыя) выяўлены факты ўборкі морквы асобамі, якія афіцыйна нідзе не працуюць. Сярод іх былі нават замежныя грамадзяне без належнага афармлення і дазволу на ажыццяўленне працоўнай дзейнасці на тэрыторыі нашай краіны. На жаль, такая практыка носіць масавы характар, што становіцца прычынай шкоды не толькі для асобных грамадзян, але і дзяржавы, у першую чаргу ў частцы выплаты абавязковых страхавых узносаў і падатковага падатку. Кіраўнікі гаспадарак прыцягнуты да адказнасці.  І што гэта не зроблена раней – упушчэнне адпаведных кантралюючых органаў.

Асобна варта сказаць пра сітуацыю з выкананнем патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 “Аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны”. Дагэтуль рэгіструюцца факты ўдзелу ў дарожным руху механізатараў у стане алкагольнага ап’янення, распіцця спіртных напіткаў на рабочых месцах. Камісіі ж па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам у лепшым выпадку працуюць толькі на паперы. Ды і ад кіраў-ніцтва адэкватнае рэагаванне на такія выпадкі ёсць далёка не заўсёды. Два гады таму ў тады яшчэ СВК “Вулькаўскі світанак” 13 работнікаў былі выяўлены п’янымі на рабочых месцах. Паўторная праверка, праве-дзеная летась, паказала, што ніводзін з іх не быў звольнены, а двое наогул пазбеглі якой бы то ні было адказнасці.

Маніторынг фінансавага становішча асобных гаспадарак стаў сведчаннем таго, што многія з сельгасарганізацый рызыкуюць ісці на скажэнне статыстычнай справаздачнасці: утойваюцца звесткі аб дэбіторскай запазычанасці, не паказваюцца ўчасткі, якія да зімы засталіся няўбранымі, як гэта было ў дзяржаўным прадпрыемстве “Сінкевіцкі”. Вінаватыя пакараны ў адміністрацыйным парадку, але пракурорам раёна да спецыяліста па кормавытворчасці прад’яўлены іск на поў-нае пагашэнне нанесенага ўрону. Такім жа пільным і пастаянным з’яўляецца кантроль за беражлівым захоўваннем і рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў.

Адным з важнейшых накірункаў пракурорскай дзейнасці застаецца нагляд за выкананнем заканадаўства пры разглядзе зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб. Летась паступіла 400 такіх зваротаў, што на 53,8 працэнта больш, чым у папярэднім годзе. Рост можна растлумачыць тым, што на месцах асобы на пасадах не заўсёды з належнай увагай ставяцца да праблем простых людзей. Гэта пацвердзілі і адпаведныя леташнія праверкі, вынікам якіх сталі 3 прадстаўленні, 1 прадпісанне, 2 афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці паўторнага парушэння закона. 12 чалавек прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Каб у будучым пазбегнуць падобных прыкрых фактаў, пракуратура выйшла з прапановай разгледзець іх на пасяджэнні райвыканкама, прапанаваўшы канкрэтныя шляхі вырашэння шматлікіх праблем. Усе яны знайшлі адлюстраванне ў прынятым рашэнні.

Аляксандр КАРЛЮК, пракурор раёна.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть