Дзейнічаць на падставе законнасці
Происшествия

Дзейнічаць на падставе законнасці

IMG_6361«Прамую тэлефонную лінію» і асабісты прыём грамадзян правёў на Лунінеччыне старшшя камітэта дзяржкантролю Брэсцкай вобласці Дзмітрый БАСКО.

На працягу гадзіны, якая адводзілася на тэлефонны дыялог, паступіла 5 зваротаў. Жыхара Чучавіч цікавіў кошт прыватызуемага жылля. Мужчына не мог зразумець, чаму рэзка падскочыла цана дома? Папрасіла дапамагчы ўладкавацца на работу ў СВК “Дзятлавіцкі” 37-гадовая жанчына. Незадаволенасць выстаўленымі разлікамі за камунальныя паслугі выказала лунінчанка. А жыхарка Кажан-Гарадка паскардзілася на нерэгулярнае грэйдзіраванне вуліцы Хутарская. Пенсіянерка з Бараўцоў пацікавілася, чаму так дорага (600 тысяч рублёў) каштуе падрыхтоўка 20 “сотак” пад пасадку бульбы, тады як для работнікаў сельгаскааператыва сума амаль на палову меншая.

Больш напружаным аказаўся асабісты прыём, на які загадзя запісалася 6 чалавек. Жыхарка горада папрасіла разабрацца ў сітуацыі з вызначэннем межаў зямельнага ўчастка. На яе думку, складзеныя гіпраземам дакументы не адпавядаюць сапраўднасці, з-за чаго сусед выстаўляе прэтэнзіі і патрабуе ад яе пераносу варот. Вывучыўшы сітуацыю па прадстаўленых дакументах, Дзмітрый Вікенцьевіч заспакоіў жанчыну. Яе вароты не перашкаджаюць суседу. Наогул жа, вырашаць зямельныя спрэчкі паміж суседзямі, якія маюць аформленыя, згодна з заканадаўствам дакументы на зямлю, у праве толькі суд.

Найбольш значнай аказалася праблема мнагадзетнай сям’і, дзе гадуюцца 5 дзяцей. Бацькі з дапамогай дзяржаўнага крэдыту пачалі будаваць новае жыллё, але выдзеленых банкам грошай хапіла толькі на праект, фундамент і ўзвядзенне “каробкі”. Сродкаў працягнуць будаўніцтва няма. Згодна з апошнімі змяненнямі заканадаўства, сям’я, у якой рабочы стаж жонкі не дасягае 5 год, страціла права на дзяржаўную падтрымку. Мужчыне былі прапанаваны тры варыянты выйсця са становішча. Аднак ні адзін з іх не змог вырашыць праблему на карысць мнагадзетнай сям’і. Дзмітрый Вікенцьевіч паабяцаў вывучыць пытанне больш дасканала і прыняць канкрэтнае рашэнне.

Муж і жонка з Кажан-Гарадка папрасілі дапамогі, каб вярнуць абсталяванне, прызначанае для газіфікацыі дома, які ім дастаўся ў спадчыну ад бацькоў. Па іх словах, яго забрала сястра мужа, якая таксама мае долю, і завезла ў Лунінец, дзе пастаянна пражывае.

Амаль паўвекавая сварка з суседам па двухкватэрнаму дому прымусіла звярнуцца на прыём лунінчаніна. Ён упэўнены, што спыніць яе немагчыма з-за таго, што ў суседа “свае людзі” ў міліцыі і ў райвыканкаме. Інакш, чаму яго скаргі застаюцца не задаволенымі. Мужчыне прапанавалі пры чарговым звароце ў міліцыю ў заяве ўказаць, што яго не задавольвае расследаванне з боку ўчастковага інспектара і прасіць прызначыць для разбіральніцтва іншага супрацоўніка.

Амаль гадзіна спатрэбілася на прыём пенсіянеркі, якая звярнулася з просьбай паклеіць шпалеры ў яе прыватызаванай кватэры, адрамантаваць сцены і падлогу. Зараз у доме, дзе яна пражывае, ідзе капітальны рамонт, які працягнецца да жніўня. Як таго і патрабуе дзеючае заканадаўства, рамонту за дзяржаўны кошт належаць толькі камунікацыі і плошчы агульнага карыстання. Атрыманае тлумачэнне, што законнай падставы на бясплатнае правядзенне заяўленых работ у яе няма, і дапамагаць ёй павінны дзеці, або, як варыянт, знайсці спецыялістаў і аплаціць ім работу, жанчына ўспрыняла негатыўна. Адкрыўшы запісную кніжку, яна настойліва “выдвінула” яшчэ цэлы стос патрабаванняў, якія, на яе думку, павінны вырашыць прадстаўнікі дзяржкантролю пры яе непасрэдным удзеле ў расследаванні…

Варта адзначыць, што адведзеных 1,5 гадзіны на прыём лунінчан не хапіла. Замест 14.30, як планавалася, за апошнім наведвальнікам дзверы зачыніліся ў 16.30. Тым не менш, кожнага чалавека Д.В. Баско ўважліва выслухаў, даў даручэнні адказным асобам вырашыць пытанні, якія не патрабуюць дадатковай праверкі. Іншыя ж былі ўзяты на кантроль старшынёй Пінскага міжраённага Камітэта дзяржкантролю Уладзімірам Пяцько. У цэлым жа, як паказаў прыём, сур’ёзных прэтэнзій да дзеянняў прадстаўнікоў мясцовай улады няма.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть