Дзеля ўмацавання законнасці
Происшествия

Дзеля ўмацавання законнасці

карлюк

Летась у параўнанні з папярэднім годам на Лунінеччыне адзначаны рост агульнакрымінальнай злачыннасці. Працэнт быццам і невялікі – 10, але ў лічбавым адлюстраванні статыстыка не такая бяскрыўдная: на 51 злачынства ўчынена больш. Разам з пракурорам раёна Аляксандрам КАРЛЮКОМ паспрабавалі высветліць прычыны такога становішча.

– Перш-наперш варта звярнуць увагу на тое, што высокай у нас застаецца колькасць выпадкаў прычынення цяжкіх цялесных пакалечанняў і забойстваў. І гэта, нягледзячы на тое, што ў параўнанні з 2014 годам іх стала менш на амаль 20 працэнтаў, а ўсе асобы, якія іх учынілі, устаноўлены. Асаблівую трывогу выклікае тая акалічнасць, што больш як 50 працэнтаў трагедый адбыліся на глебе сямейна-бытавых адносін. Што гэтаму паспрыяла? Практыка паказвае, што якасных зрухаў у справе барацьбы з такімі злачынствамі не ўдалося дабіцца з-за не заўсёды эфектыўнай прафілактычнай работы, якая праводзіцца супрацоўнікамі РАУС. Пракуратурай раёна выяўлены факты, калі пры наяўнасці прадугледжаных законам падстаў тыя, хто сістэматычна здзекуецца з дамачадцаў, не ставіліся на прафілактычны ўлік. Дагэтуль рэдка выкарыстоўваецца такая форма прафілактыкі, як абароннае прадпісанне. Летась яно прымянялася ў адносінах да 5 сямейных дэбашыраў, у тым ліку з высяленнем – у адносінах да 4-ох. Здараецца, што такія прадпісанні носяць фармальны характар і іх выкананне не кантралюецца.

– Не сакрэт, Аляксандр Паўлавіч, што на рост колькасці злачынстваў летась істотна паўплывалі крадзяжы. Тут прычына таксама крыецца ў хібах прафілактыкі?

– Тут прычына, калі можна так сказаць, у беспакаранасці злодзеяў, хаця недапрацоўку ў прафілактыцы і кантролі, асабліва сярод пітушчых і раней судзімых асоб, таксама з шаляў скідваць няварта. У нас назіраецца прыкрая тэндэнцыя зніжэння раскрывальнасці такіх злачынстваў з 51,9 у 2014 годзе да 46,9 працэнта – летась. Увогуле нераскрытых злачынстваў 140. Дык вось 127 з іх – крадзяжы. Можна з упэўненасцю гаварыць пра тое, што калі не знаходзяць злодзея па гарачых слядах, то ў далейшым аператыўным шляхам раскрываюцца адзінкавыя злачынствы. Справядлівасці дзеля варта выказаць папрок і нашым грамадзянам, якія іншы раз настолькі бяспечна ставяцца да захаванасці сваёй маёмасці, што злодзею проста грэх прайсці міма таго, што дрэнна ляжыць.

– Ці маюць пад сабой рэальную глебу чуткі аб пачасціўшыхся выпадках хуліганства на вуліцах населеных пунктаў раёна?

– Не стаў бы так згушчаць фарбы: сітуацыя на вуліцах Лунінца, Мікашэвіч і вёсак упаўне кантралюемая. Колькасць злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах і сапраўды павялічылася, але носяць яны ў пераважнай большасці ўсё той жа маёмасны характар. Магчыма, адмоўным чынам паўплывала на гэта нізкая эфектыўнасць выкарыстання РАУС сіл і сродкаў, задзейнічаных у сістэме аховы правапарадку і малая колькасць нарадаў патрульна-паставой службы, асабліва ў начны час. Дарэчы, работнікамі пракуратуры быў праведзены аналіз, які дазволіў упэўніцца, што ўчыняюцца такія злачынствы менавіта  ў начны час у суботу, нядзелю і панядзелак. У Лунінцы нават месцы іх лакалізацыі вызначаны – раён вуліц Чырвоная і Прывакзальнай, а таксама плошча Леніна. Аднак, нягледзячы на гэта, службу тут нясе толькі адзін пешы нарад ды і тое – у вызначаныя часы. А ў панядзелак патруляванне ўвогуле не ажыццяўляецца. Варта прымаць тэрміновыя меры па ўкамплектаванню ППС. Упэўнены, што ў гэтым выпадку не так вальготна будуць адчуваць сябе выпівохі і хуліганы.

– Сёння ва ўсе званы настаўнікі, бацькі, грамадскасць б’юць трывогу з-за пагрозы распаўсюджвання наркотыкаў. У нашым раёне сітуацыя насцярожвае?

– Як і паўсюдна. Нягледзячы на тое, што летась больш жорсткім стала пакаранне за незаконны абарот наркотыкаў, у мінулым годзе ўчынена 48 злачынстваў, звязаных з гэтым злом. 21 крымінальная справа ўзбуджана за збыт атруты. Аналіз сведчыць пра тое, што ў нашым раёне, на шчасце, адсутнічаюць устойлівыя каналы паставак і збыту псіхаактыўных рэчываў. Спайсы і курыльныя сумесі, як правіла, набываюцца ў вялікіх гарадах спажыўцамі і ў раён да такіх жа аматараў “зелля” трапляюць менавіта праз іх. Супрацоўнікі аддзела наркакантролю – на сваіх месцах і работу вядуць прафесійна. Наладжана мэтанакіраванае ўзаемадзеянне аператыўных службаў з экспертнымі і следчымі падраздзяленнямі, што дае свой вынік. Аднак, як разумееце, заспакойвацца няварта.

– Ёсць вядомае выслоўе, што пракуратура заўсёды стаіць на варце закона. Як пацвярджаецца яно ў рабоце вашых падначаленых?

– Праз меры пракурорскага рэагавання ў мэтах абароны інтарэсаў дзяржавы, суб’ектаў гаспадарання самых розных формаў уласнасці, а таксама абароны жыллёвых, працоўных, маёмасных і канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. Ні адна з праведзеных пракуратурай у мінулым годзе 59-ці праверак не была безвыніковай. У “арсенале” – 48 прадстаўленняў, 60 прадпісанняў, 61 пратэст. Па патрабаванню пракурора 190 чалавек прыцягнуты да дысцыплінарнай і 76 – да адміністрацыйнай адказнасці. Асаблівую ўвагу ўдзялялі своечасовасці выплаты заробкаў. Парушэнні  разлікаў з людзьмі выяўлены ў КУП “Міжлескае”, ААТ “Палімер” і “Лунінецлес”, БУ-63, на рамонтна-механічным заводзе… Усе агрэхі выпраўляюцца.

– На што яшчэ асаблівую ўвагу звяртаеце ў рабоце?

– На безумоўнае захаванне ў працоўных калектывах патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 “Аб мерах па ўмацаванню грамад-скай бяспекі і дысцыпліны”. На жаль, на тэрыторыі раёна па-ранейшаму выяўляюцца факты допуску да работы нецвярозых работнікаў аграпрама, прычым, нават пры выяўленні падобных выпадкаў вінаватыя застаюцца працаваць у калектывах. Такая сітуацыя назіралася летась у СВК “Дварэцкі” і “Азярніца”, “Вулькаўскі світанак”, ПСУП “Рэдзігерава-Агра” і некаторых іншых. У сувязі з гэтым непакоіць нізкі ўзровень работы камісій па барацьбе з п’янствам, а іншы раз – элементарная адсутнасць такой работы, як гэта было на рамонтна-механічным заводзе, дзе ўвогуле членам камісіі быў чалавек, якога затрымлівалі за паяўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Стараемся не выпускаць з поля зроку ўзровень рэальнага вяртання ўрону, прычыненага дзяржаве. Летась па патрабаванню пракурора да матэрыяльнай адказнасці прыцягнуты 96 фізічных асоб і 7 – юрыдычных. Сума штрафаў склала больш як 580 мільёнаў рублёў. У інтарэсах суб’ектаў гаспадарання ў эканамічныя суды пракуратурай накіраваны 24 іскі на агульную суму 1 мільярд 343 мільёны 586 тысяч рублёў. Кантралюем і строгае выкананне Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”. Асаблівы імпульс гэтая работа атрымала ў ходзе ўборачнай кампаніі і маніторынгу вяртання дэбіторскай запазычанасці прадпрыемствам аграпрама, многія з якіх дагэтуль знаходзяцца ў складаным фінансавым становішчы. Аналагічную работу праводзім і ў адносінах да прамысловых прадпрыемстваў раёна. У якасці доказу можна прывесці леташнюю сітуацыю на ААТ “Палессеэлектрамаш”. Пастановай Пінскага міжраённага КДК за парушэнні пры правя-дзенні знешнегандлёвых аперацый быў накладзены штраф у памеры больш як 1 мільярд 300 мільёнаў рублёў, які прадпрыемства вымушана было выплаціць. І толькі па патрабаванню пракуратуры нанесены заводу матэрыяльны ўрон быў вышуканы з вінаватых асоб. Мэтанакіравана працуем у напрамку абароны правоў спажыўцоў, сочым за безумоўным захаваннем заканадаўства аб выканаўчай вытворчасці, асабліва калі справа датычыць вышуквання сродкаў на ўтрыманне дзяцей… Думаю, няма сумнення ў тым, што пракуратура выконвае вялікі аб’ём работы па рэалізацыі комплексу наглядных і правапрымяняльных мерапрыемстваў, накіраваных на эфектыўнае выкарыстанне магчымасцей праваахоўнай сістэмы ў барацьбе са злачыннасцю і ўмацаванню законнасці на тэрыторыі раёна.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть