Происшествия

“ДЖАБАР”

– Васіль, прачніся, не палохай людзей… – крычала Вольга, калі ўбачыла кроў на грудзях свайго былога мужа.

У 1984 годзе шчаслівыя маладыя заключылі шлюб, у іх нарадзіліся трое дзетак. Атрымалі кватэру. Праз некаторы час Васіль стаў злоўжываць спіртным. У стане алкагольнага ап’янення станавіўся агрэсіўным, зневажальна выказваўся ў адрас дзяцей і жонкі. Нецэнзурнымі словамі не абмяжоўваўся, біў Вольгу.

– Я – Джабар – вяршыцель лёсаў, – сцвярджаў мужчына. – Што захачу – тое і зраблю.

Жанчына цярпела здзекі, спадзявалася, што такія паводзіны – з’ява часовая. Аднак, у 1991 годзе падала на развод. Выхоўваць адной траіх дзяцей аказалася не так лёгка. І калі праз некаторы час муж папрасіў прабачэння і прапанаваў зноў жыць разам, жанчына, якая ўсё яшчэ кахала яго, згадзілася.

Ішлі гады, дзеці падраслі, старэйшы сын ажаніўся. А Васіль заставаўся ўсё тым жа Джабарам, які працягваваў здзекавацца над сям’ёй.

9 мая Вольга і Васіль разам са знаёмымі адзначалі свята, зразумела, з гарэлкай. Калі госці разышліся, мужчына ў чарговы раз учыніў сварку і стаў біць жанчыну. Ад удараў яна схілілася, і ўсё паплыло перад вачамі. Быццам у тумане, яна апынулася на кухні, дзе пад руку трапіў складны нож. Як расказала пазней, хацела напалохаць крыўдзіцеля… Вольга нанесла ў грудзі два ўдары і мужчына ўпаў. Убачыўшы кроў і пачуўшы хрыпы, зразумела, што здарылася бяда. У гэты момант на парозе паявіўся сын з жонкай, якіх папрасіла выклікаць хуткую дапамогу. Медыкі прыехалі, калі Васіль яшчэ дыхаў, але выратаваць яго так і не змаглі. Экспертыза паказала, што ў крыві загінуўшага ўтрымліваўся этылавы спірт у канцэнтрацыі 3 праміле, што адпавядае моцнай ступені алкагольнага ап’янення.

Выступаючы на судзе, дзеці расказалі пра скандалы і канфлікты ў сям’і, пра здзекі п’янага бацькі.

– Я не хацела гэтага рабіць… Не ведаю, як магло атрымацца такое, – паўтарала жанчына.

Разам з тым, віну з сябе не знімала. Прааналізаваўшы сабраныя па справе доказы, суд прызнаў Вольгу вінаватай у забойстве ў стане раптоўна ўзнікшага моцнага хвалявання, выкліканага здзекамі і іншымі грубымі амаральнымі дзеяннямі пацярпеўшага, якія працягваліся доўгі час. Жанчыне назначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 5 год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

«Джабар” марыў правіць жыццём родных і не разлічваў на такі сумны фінал. Відавочна, трагедыі можна было б пазбегнуць, калі б не згубная цяга да спіртнога, калі б іншыя не былі маўклівымі назіральнікамі скандалаў, а звярнуліся за дапамогай у праваахоўныя органы.

Таццяна СВІБОВІЧ, старшы памочнік пракурора.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть