Происшествия
ДЗІКАЕ ПАЛЯВАННЕ ЗАЕЗЖЫХ ГАСЦЕЙ
Так сталася, што статыстыка мінулага года па так званых «паляўнічых справах” утрымлівае нямала звестак пра тое, што парушальнікамі прыродаахоўнага рэжыму ў нашым раёне нярэдка становіцца прыезжы люд. Цяжка сказаць, на што спадзяюцца браканьеры ў чужых уладаннях, аднак беспакаранымі ўдаецца выслізнуць далёка не кожнаму.
Жыхар п. Дружны, што ў Пухавіцкім раёне на Міншчыне, К. у сябе на радзіме меў вядомасць злоснага браканьера. За парушэнне правілаў палявання ён страціў магчымасць паблукаць з ружжом па лесе, ды і сама зброя, згодна з рашэннем суда, у яго была канфіскавана. Але неўтаймавальная цяга да прыгод іншы раз становіцца мацнейшай за розум. У пачатку снежня мінулага года разам з двума сябрамі ён паявіўся ў нашым раёне. Ехаў з адной пэўнай мэтай – на паляванне, бо прыхапіў з сабой бацькоўскае ружжо.
Адпачынак на ўлонні лясных угоддзяў непадалёк ад Дзятлавічаў працягваўся два дні. У першы наш герой прагна назіраў за тым, як сябры па паляўнічай пуцёўцы на законнай падставе падстрэлілі дзікага кабана. Верагодна, гэта разагрэла паляўнічы азарт. На наступны дзень К. адарваўся ад кампаніі. Сябры бачылі, што ён з ружжом падаўся ў лес і калі пачулі стрэлы, зразумелі: адпачынак перастае быць бязвоблачным. Аднак занепакоенасці, тым не менш, не выказалі.
Пахвалявацца ім давялося, калі інспектары з Мікашэвіч затрымалі іх сябрука, а ў лесе непадалёк знайшлі тушу касулі. Злачынца нават і не збіраўся адмаўляцца. «Думаў, не зловяць”, — упэўнена заявіў ён на судзе. Па праўдзе сказаць, парушальнік не толькі спадзяваўся на беспакаранасць, але і не чакаў, што пакаранне будзе такім суровым. Нанесены ўрон быў ацэнены ў 55 базавых велічынь. Прасцей кажучы, забітая касуля каштавала «гастралёру” амаль 2 мільёны рублёў.
Некалькі «прыемных хвілін” адчуў і старэйшы К. Бацьку за тое, што аддаў сыну ружжо, аштрафавалі на 10 базавых велічынь – 350 000 рублёў.
Варта сказаць, што прыродаахоўнае заканадаўства сёння дастаткова строгае да браканьераў. У першы раз ім пагражае штраф. Калі ж вывады не зроблены, і аматар незаконнага палявання зноў уступае ў канфлікт з законам, штраф павялічваецца ў разы або наступае крымінальная адказнасць.
Непрацуючы жыхар Пінска З. ўпадабаў Лунінеччыну зусім не за яе непаўторную прыгажосць. У яго стала заганным правілам браканьернічаць ва ўгоддзях нашага раёна. У першы раз ён трапіў у поле зроку прыродаахоўнай інспекцыі ў студзені 2010 года. Тады за парушэнне правілаў палявання атрымаў адносна мяккае пакаранне – 10 базавых велічынь. Ну што такое 350 000 рублёў у параўнанні з жаданнем зноў адчуць паляўнічы «драйв” і займець лёгкую здабычу? Ледзь выпаў снег, З. быў затрыманы за незаконны адстрэл дзікага кабана.
Пры затрыманні ён спрабаваў пераканаць інспектараў, што выйшаў на паляванне на пушнога звярка, а кабана, маўляў, сусрэў выпадкова і выстраліў у звера няйнакш як у мэтах самаабароны. Аднак бездапаможную хлусню злачынцы раскрылі эксперты. Па-першае, было выяўлена, што ружжо паляўнічага мела зарад, які выкарыстоўваецца для адстрэлу буйнога звера, а не дробных пушных звяркоў. Значыць, ісці на кабана ці лася парушальнік рыхтаваўся загадзя. Да таго ж, балістыкі пераканаўча ўстанавілі, што выстрал быў зроблены ў звера не ў момант нападзення, а тады, калі ён знаходзіўся на прыкметнай адлегласці, уцякаючы ад паляўнічага.
Прыхаваўшы ў лесе здабычу, З. вядома ж, і думаць не мог, што ў той дзень у ваколіцах п. Палескі прыродаахоўная інспекцыя будзе праводзіць чарговы рэйд. Звычайнае прафілактычнае мерапрыемства для госця з Пінска мела фатальныя наступствы: дзікае паляванне каштавала яму ў 3 мільёны 500 тысяч рублёў.
Якім жа было здзіўленне інспектараў, калі літаральна праз тыдзень яны сустрэлі свайго старога знаёмца ва ўгоддзях непадалёк ад Міжлесся. І зноў з ружжом, і зноў без дазволу… Упаляваць на той раз дзічыну ён проста не паспеў, а таму абышоўся штрафам у 51 базавую велічыню. Нягледзячы на тое, што паляўнічая прагулка каштавала парушальніку ў 1 мільён 785 тысяч рублёў, ён быў строга папярэджаны, што ў наступны раз яму пагражае крымінальная адказнасць.
Васіль БЕЛЬСКІ, старшыня суда.