Фіктыўны шлюб – падстава для адмовы ў часовым пражыванні
З 12 ліпеня ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь №103-З ад 01.04. 2014 г. «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прававога становішча замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь». Пракаменціраваць яго папрасілі начальніка ўпраўлення па грамадзянству і міграцыі УУС Брэсцкага аблвыканкама Аляксандра ТОМАШАВА:
– Згодна з новым нарматыўным дакументам, зменены ўзрост, па дасягненні якога іншаземец, які атрымаў ва ўстаноўленым парадку дазвол на пастаяннае пражыванне, абавязаны мець від на жыхарства. Зараз гэта – чатырнаццаць гадоў. Таксама ўдакладнены парадак ажыццяўлення працоўнай дзейнасці замежнымі грамадзянамі, якія часова знаходзяцца або часова пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Яны маюць права на разавую рэалізацыю тавараў на рынках і ў іншых устаноўленых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі месцах па спецыяльных дазволах.
– У якіх выпадках забаронена прымусовае вяртанне іншаземца на радзіму?
– Цяпер заканадаўча замацаваны прынцып нявысылкі замежнікаў. Яны не могуць быць вернуты ці высланы супраць іх волі ў замежную дзяржаву, дзе iх жыццю або свабодзе пагражае небяспека з прычыны расы, веравызнання, грамадзянства, нацыянальнасці, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы або палітычных перакананняў або дзе ім пагражаюць катаваннем. Пры гэтым гарантыя нявысылкі не распаўсюджваецца на замежнікаў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь або ўчынілі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь злачынства, аднесенае да катэгорыі цяжкіх ці асабліва цяжкіх.
– Якія змены ўнесены ў парадак выезду замежнікаў з Рэспублікі Беларусь?
– Так, па прыбыцці ў пункт пропуску праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь для выезду з Рэспублікі Беларусь у выпадку адсутнасці ў іх сапраўднай візы выязджаюць па дакуменце для выезду за мяжу пасля прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў знаходжання ў нашай краіне, а таксама правілаў транзітнага праезду праз нашу тэрыторыю ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана заканадаўствам.
– А што з міграцыйнымі картамі?
– Цяпер іншаземцы, якія часова або пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, не запаўняюць міграцыйных карт і не прад’яўляюць іх пры ўездзе і выездзе, калі іншае не вызначана міжнароднымі дагаворамі.
– На прычыне чаго замежнаму грамадзяніну могуць адмовіць у выдачы візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь або выезду?
– Падставай можа быць тое, што іншаземец падчас свайго знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці; скончыўся тэрмін часовага знаходжання ў нашай краіне; уезд замежніка павінен быць абмежаваны ў мэтах рэалізацыі міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь. Да таго ж, зніжаны мінімальны тэрмін, на які можа быць устаноўлена забарона на ўезд у Рэспубліку Беларусь – з аднаго года да шасці месяцаў.
– Ці закранулі змяненні парадку рэгістрацыі замежнікаў, якія часова знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь?
– Замацаваны абавязак аб інфармаванні органаў унутраных спраў аб іншаземцах, якія пражываюць у жылых памяшканнях, прадастаўленых гасцініцамі, санаторна-курортнымі і аздараўленчымі арганізацыямі, суб’ектамі аграэкатурызму, юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія аказваюць паслугі па здачы ў наём жылых памяшканняў. Названыя асобы павінны прадставіць інфармацыю аб такіх асобах на працягу сутак у аддзел унутраных спраў па месцы знаходжання.
– Ці ўсе павінны праходзіць працэдуру рэгістрацыі?
– У лік асоб, якія не падлягаюць рэгістрацыі, уключаны іншаземцы, якiя прыбылi ў Рэспублiку Беларусь па пашпартах, выдадзеных Міжнароднай арганізацыяй крымінальнай паліцыі – Інтэрполам, па запрашэннях Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама вайскоўцы замежных дзяржаў, якiя прыбылi для ўдзелу ў сумесных ваенных вучэннях.
– Што можа паслужыць
падставай для адмовы ў выдачы дазволу на часовае пражыванне?
– Так, у выдачы дазволу на часовае пражыванне можа быць адмоўлена ў выпадку, калі маюцца дакументы або звесткі, якія пацвярджаюць, што шлюб з грамадзянінам Рэспублікі Беларусь або з замежнікам, які пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь, заключаны замежнікам выключна ў мэтах атрымання дазволу на часовае або пастаяннае пражыванне.
– Адной з асноўных навел Закона з’яўляецца заканадаўчае замацаванне прававых асноў прымянення працэдур па выдварэнні замежнікаў з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі. У чым сутнасць?
– У мэтах забеспячэння выканання рашэння аб высылцы ў прымусовым парадку, затрыманы змяшчаецца ў цэнтр часовага ўтрымання замежнікаў або цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, а ў выпадку іх адсутнасці – у ізалятар часовага ўтрымання на тэрмін, неабходны для іх высылкі.
Варта адзначыць, што прыняцце новага закона дасць магчымасць ліквідаваць існуючыя прабелы і супярэчнасці, забяспечыць удасканаленне прававога рэгулявання адносін у галіне прававога становішча іншаземцаў у нашай краіне і садзейнічаць выкананню міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь.