Происшествия

Галоўны абавязак – берагчы жыццё

Па выніках мінулага года аддзяленне Дзяржаўтаінспекцыі раённага аддзела ўнутраных спраў увайшло ў вобласці ў лік лепшых. У многім удалося дасягнуць гэтага дзякуючы дзейснай прафілактычнай рабоце, якой праваахоўнікі ўдзяляюць нямала ўвагі. І ўсё ж праблемы застаюцца. Менавіта з іх аналізу пачалася наша размова з начальнікам РАУС Юрыем ЛЕМЯШЭЎСКІМ.

– Кантроль за сітуацыяй на дарогах – адзін з важнейшых накірункаў праваахоўнай дзейнасці. І спраўляюцца з ім супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі нядрэнна. Сведчаць пра гэта, перш за ўсё, лічбы. Так, па выніках мінулага года на дарогах раёна адбылося 16 дарожна-транспартных здарэнняў, у выніку якіх загінулі 2 чалавекі. У папярэднія гады загінуўшых, як і саміх ДТЗ, было неўпрыкмет больш. Аднак агульны адносна спрыяльны малюнак сапсаваў пачатак 2017 года. За няпоўныя два месяцы адбыліся дзве сур’ёзныя аўтамабільныя аварыі, у выніку якіх загінулі двое і паранены адзін чалавек. Горка і крыўдна ўсведамляць, што трагедый можна было пазбегнуць. Перш за ўсё, за кошт больш сур’ёзнага стаўлення да ўласнай бяспекі саміх удзельнікаў дарожнага руху. Узяць хоць бы апошні выпадак. У нядзелю, 12 лютага, а палове дзявятай гадзі-ны вечара на дарозе Бастынь – Велута пад колы аўтамабіля “Хуткай дапамогі”, які ехаў па выкліку да хворага, трапіў пешаход. Як высветлілася, 39-гадовы жыхар Велуты проста ляжаў на праезнай частцы. На абочыне знайшлі веласіпед. Пазбегнуць наезду на чалавека, апранутага ў камуфляжнае адзенне, якое практычна злівалася па колеру з асфальтавым пакрыццём, і не абазначанага святлоадбіваючымі элементамі, вадзіцелю было амаль немагчыма. Самае крыўднае, што флікер пазней знайшлі ў загінуўшага ў кішэні. Хутчэй за ўсё, ён насіў яго на той выпадак, калі спыняць праваахоўнікі, а пра тое, што гэтая “дробязь” можа выратаваць жыццё, не задумваўся. Многае, вядома ж, бу-дзе высветлена ў ходзе следства, зараз праводзяцца шматлікія экспертызы, якія павінны праліць святло на ўсе абставіны здарэння, але ўжо сёння можна сказаць: трагедыя – заканамерны вынік абыякавасці, з якой іншы раз удзельнікі дарожнага руху ставяцца да свайго здароўя і нават жыцця.

– Ці часта ў экстрэмальныя сітуацыі на дарогах трапляюць пешаходы і веласіпедысты?

– Дастаткова часта, і гэта насцярожвае асабліва. З пачатку года да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 258 прадстаўнікоў гэтай катэгорыі ўдзельнікаў дарожнага руху. Больш як сотня былі без флікераў, 112 увогуле знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Прычым, заўважце, нягле- дзячы на тое, што студзень і люты выдаліся дастаткова халоднымі і снежнымі, людзі не збіраюцца адмаўляцца ад веласіпедаў. І гэта ў той час, як Правілы дарожнага руху катэгарычна забараняюць выкарыстоўваць веласіпед ва ўмовах снегападу ці галалёдзіцы. Да таго ж, далёка не ўсе клапоцяцца пра тое, каб абсталяваць двухколы транспарт ліхтарамі: спераду – белага колеру, ззаду – чырвонага. Менавіта яны робяць веласіпедыста прыкметным на дарозе. Ну і, вядома, няварта забываць пра флікеры. Святлоадбіваючыя элементы дапамагаюць вадзіцелю ў бліжнім святле фар заўважыць пешахода ці веласіпедыста за 140 метраў, а ў дальнім – за 400. Гэтага ўпаўне дастаткова, каб своечасова зарыентавацца і пазбегнуць непрыемнасцей на дарозе.

– Юрый Яўгенавіч, як часта нарады дарожна-патрульнай службы і дзяржаўтаінспектары       ў вячэрні і начны час бываюць         у вёсках раёна?

– Практычна штодня. І гэта проста збег трагічных абставін, што 12 лютага нарад быў у іншым месцы. Менавіта таму звяртаемся да жыхароў раёна з настойлівай просьбай паведамляць па нумары 102 пра выпадкі, калі заўважылі на вуліцы ці дарозе ляжачага чалавека. Магчыма, сваёй неабыякавасцю вы выратуеце яму жыццё. Хачу сказаць, што і надалей праваахоўнікі будуць пад увагай трымаць населеныя пункты раёна і сачыць за парадкам на вуліцах і дарогах. У канцы мінулага года намі былі абследаваны ўсе больш-менш ажыўленыя дарогі вёсак і гарадоў Лунінеччыны. Звярталі ўвагу на іх стан, асвятленне, некаторыя іншыя аспекты, якія могуць уплываць на сітуацыю з дарожнай бяспекай. Практычна кожны старшыня сельвыканкама атрымаў адпаведныя прадпісанні з тым, каб выяўленыя недахопы былі своечасова ўхілены. Што-кольвечы ўжо ўдалося зрабіць, іншае – трымаем на кантролі. Не за гарамі вясна, калі рух стане больш інтэнсіўным і ажыўленым. А значыць, і вадзіцелям і пешаходам варта быць больш уважлівымі і асцярожнымі. Памятаць, што дарога не даруе неабачлівасці. Не даруе яе і закон. Парушэнне Правілаў дарожнага руху пешаходам ці веласіпедыстам караецца папярэджаннем або штрафам у памеры ад 1 да 3-ох базавых велічынь (базавая велічыня зараз складае 23 рублі). Калі ж пазначаныя грамадзяне пры гэтым будуць знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення, то штраф аўтаматычна павялічваецца ад 3-ох да 5-ці БВ. У выпадку стварэння такімі асобамі аварыйнай сітуацыі, што па прычыне іх неадэкватных паводзін здараецца нярэдка, матэрыяльнае спагнанне можа скласці ажно 8 базавых велічынь. Калі ж па іх віне здарылася ДТЗ з прычыненнем пацярпеламу лёгкіх цялесных пакалечанняў ці пашкоджаны транспартны сродак, штраф можа скласці 20 БВ. Як бачыце, пакаранне дастаткова адчувальнае. Але і яно нішто ў параўнанні з самым дарагім, што ёсць на свеце – чалавечым жыццём. Мы ўсе павінны гэта зразумець.

Гутарыла Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть