Происшествия
ГАНДАЛЬ ЛЮДЗЬМІ: НОВЫ ПОГЛЯД НА ПРАБЛЕМУ
Інфармацыйна-навучаючы семінар у межах праекта міжнароднай дапамогі «Барацьба з гандлем людзьмі: Рэспубліка Беларусь” – адзін з этапаў работы ў гэтым накірунку Пінскага гарадскога грамадскага аб’яднання «Клуб дзелавых жанчын «Юго-запад”. Падобныя мерапрыемствы прайшлі ў Пінску і Іванава, а цяпер вось – і ў нашым Лунінцы.
Старшыня арганізацыі Валянціна Лукашэвіч, адкрываючы семінар, выказала ўдзячнасць уладам за садзейнічанне ў яго правядзенні. Яна ўпэўнена, што гандаль людзьмі набывае пачварныя праявы і змагацца з гэтай заганай трэба ўсімі магчымымі метадамі. У тым ліку – і праз праграмы Агенцтва ЗША па міжнароднаму развіццю, якое з’яўляецца донарам Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, дзе Рэспубліка Беларусь з’яўляецца назіральнікам.
Актывісты вышэй названай грамадскай арганізацыі перакананы, што «рабства ХХІ стагоддзя” мае сацыяльна-эканамічныя перадумовы. Але ж сітуацыя з беспрацоўем на Лунінеччыне не крытычная, падкрэсліла намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вольга Цяльпук. Пры жаданні заўсёды можна знайсці работу. Але вакантнымі найчасцей застаюцца пасады, якія не патрабуюць асаблівай кваліфікацыі, высокіх прафесійных навыкаў і, адпаведна, маюць невысокую аплату. Не асабліва цэняцца яны і за мяжой. Аднак тая акалічнасць, што беларускі рубель прыкметна таннейшы за замежныя грошы, нярэдка прымушае нашых землякоў ў пошуках заробкаў кіравацца ў іншыя краіны і, перш за ўсё, у Расію.
Не прынята распаўсюджвацца, на якія ўмовы жыцця і работы аддаюць сябе аматары «доўгага рубля”, але тое, што па-ранейшаму нярэдкія факты, калі наймальнікі плацяць за работу капейкі ці не плацяць увогуле, гавораць самі за сябе. І хоць падобныя дзеянні падпадаюць пад артыкул Крымінальнага кодэксу, пацярпелыя не спяшаюцца звяртацца ў праваахоўныя органы, і вінаватыя застаюцца беспакаранымі. Як правіла, у гэтых выпадках у ролі ахвяр аказваюцца мужчыны, а яны не звыклі прызнавацца ў сваёй слабасці ці бездапаможнасці. Між тым, за злачынствы супраць асобы ў розных выпадках прадугледжана дастаткова жорсткая адказнасць – ад 10 да 15 год пазбаўлення волі.
У пэўным сэнсе наблізіць да рэалій і пераканаць, што гандаль людзьмі закрануў жыхароў і нашай спакойнай Лунінеччыны, змагла памочнік пракурора Надзея Некрашэвіч. Яна ўспомніла не такую і далёкую гісторыю з дзвюмя жыхаркамі раёна, якія падманным шляхам былі вывезены ў Польшчу, а затым – у Германію, дзе сталі секс-рабынямі. Выпадак меў адносна шчаслівае лагічнае завяршэнне: маладыя жанчыны вярнуліся на радзіму, а вінаваты панёс заслужанае пакаранне. Наіўна, аднак, думаць, што перажытае не пакінула адбітку ў характарах і наступным ладзе жыцця секс-рабынь. Адна з іх не так даўно стала фігуранткай справы, звязанай з захоўваннем наркотыкаў. Па прызнанню жанчыны, прыахвоцілася да атруты яна менавіта за мяжой.
Каб падобнага не здаралася, і ствараюцца праграмы, накіраваныя супраць гандлю людзьмі. Падтрымку пацярпелым аказваюць не толькі вартавыя закону, але і медыкі, псіхолагі, работнікі аддзелаў занятасці і іншых зацікаўленых службаў. Створана нават ананімная служба дапамогі, спецыфічная «гарачая лінія”, дзе можна атрымаць бясплатную і канфідэнцыяльную кансультацыю аб бяспечным выездзе за мяжу. Для гэтага дастаткова патэлефанаваць 8-801-201-5555 (званок па Беларусі – бясплатны).
Сацыяльны партрэт патэнцыяльнай ахвяры гандлю людзьмі намаляваў у сваім выступленні старшы інспектар ІСН Аляксей Заступневіч. На яго думку, нярэдка імі становяцца дзеці з сем’яў, якія маюць статус сацыяльна-небяспечных, а таксама тыя, хто ў малалецтве страціў бацькоў і ў цяжкі момант быў пазбаўлены маральнай і матэрыяльнай падтрымкі. Справядлівасці дзеля, варта заўважыць, што патэнцыяльныя ахвяры нярэдка самі даюць падставы для таго, каб быць уцягнутымі ў небяспечныя гісторыі. Дэманструючы дзіўную «недасведчанасць”, чым пагражае бяскрыўднае, здавалася б, запрашэнне папрацаваць на «ўборцы клубніц у Польшчы”, яны не цікавяцца работадаўцамі, абсалютна не выказваюць занепакоенасці тым, што пазбаўляюцца дакументаў. І толькі потым, – калі аказваюцца ў рабскім зняволенні, не маюць уяўлення, дзе знаходзяцца, пакутуюць ад пабояў і здзекаў, – пачынаюць задумвацца, як выбрацца з жудаснага палону. На жаль, удаецца гэта далёка не ўсім.
З года ў год меншае колькасць спраў, звязаных з пазбаўленнем бацькоўскіх правоў. Нягледзячы на гэта, сем’яў, якім нададзены статус сацыяльна-небяспечных, становіцца больш. Ускосна пацвярджае факт і рост колькасці так званых абавязаных асоб: летась іх было 60, сёлета – 85. Звярнуў увагу капітан міліцыі і на крыўдную пераемнасць пакаленняў, калі пра сваіх дзяцей забываюць сыны і дочкі, самі некалі пакінутыя на волю лёсу бацькамі. Зараз у сацыяльным прытулку знаходзяцца дзеці-пагодкі адной з маладых жанчын, якая некалі сама мела статус сацыяльнай сіраты. Кінуўшы малых, яна з’ехала ў Маскву і можна толькі здагадвацца, чым здабывае сродкі на жыццё.
Варта сказаць, што службы апекі да апошняга стараюцца захаваць для дзяцей родныя сем’і. Здараецца, у прытулак дзеці трапляюць не адзін, а два ці тры разы на працягу кароткага часу, і толькі пасля гэтага канчаткова вырашаецца іх лёс – як правіла, без удзелу маці-зязюль.
Нагадаў Аляксей Заступневіч і аб непажаданых наступствах выезду на заробкі мужчын. Такі від дзейнасці апошнім часам зноў набыў прыкметную папулярнасць. Ды толькі, як пра-віла, надоўга пакідаючы сям’ю, мужчыны адвыкаюць жыць разам з жонкай і дзецьмі, страчваюць пачуццё штодзённай адказнасці за іх. Усе ўдзельнікі семінара пагадзіліся з вывадам, што сёння многія беды сталі вынікам страты маральнай каштоўнасці сям’і.
Як з гэтым змагацца, разважалі галоўны спецыяліст раа Таццяна Трэгубава і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі імя У. Нядзведскага Святлана Макарэвіч.
Гістарычны аспект і новы погляд на праблему гандлю людзьмі прагучаў у выступленні каардынатара праекта Тамары Савіловіч. Яна ж падвяла вынікі семінара, удзел у якім браў начальнік аддзела ідэалагічнай работы Анатоль Захаркевіч.
Таццяна ПЯТРОВА.