Происшествия

ГОНКІ ПА ВЕРТЫКАЛІ

Упэўнены, многія з вадзіцеляў звярталі ўвагу на вялікія шчыты з сацыяльнай рэкламай, адзін з якіх строга папярэджвае парушальнікаў Правілаў дарожнага руху: “На нябёсы – хутка, але назаўсёды…”. Шкада, што далёка не кожны з бесшабашных аматараў язды на аўтамабілі задумваецца аб жорсткай справядлівасці гэтай сумнай перасцярогі.
Гэтыя два юнакі не першы раз прыязджалі ў Мікашэвічы з Салігорска. Малады горад вабіў новымі знаёмствамі  і, як ім здавалася, годным адпачынкам. Праўда, заканчваўся “уік-энд” не заўсёды разумна. Незадоўга да падзей пра якія раскажам, сябрукі трапілі ў поле зроку праваахоўнікаў. Аднаго за адным іх затрымалі п’янымі за рулём і пакаралі, згодна з заканадаўствам, аштрафаваўшы і пазбавіўшы на пэўны час права садзіцца за руль. Праўда, вадзіцельскага імпэту гэта не зменшыла. Яны па-ранейшаму не адмаўлялі сабе ў задавальненні пакатацца на ўласным аўтамабілі. А паколькі ва-дзіцельскага пасведчання іх пазбавілі, рызыкаваць, здавалася ім, асабліва не было чым. Не ўлічылі аднаго: на кон бесшабашныя сябрукі паставілі жыццё.
Нядрэнна “адпачылі” хлопцы і ў той летні дзень. Некаторы час яны раз’яз-джалі па Мікашэвічах, а потым накіраваліся ў Салігорск. Перш чым выехаць на трасу, госці зазірнулі на аўтазаправачную станцыю. І тут нешматлікія сведкі адчулі сапраўдны шок. Той, што сядзеў за рулём, з цяжкасцю вываліўся з аўтамабіля і, хістаючыся, накіраваўся да акенца. Было бачна, што ў яго стане не толькі садзіцца за руль – ісці цяжка. Сябар сядзеў на пасажырскім месцы, але праз некаторы час вырашыў падыхаць свежым паветрам. На нагах хлопец таксама проста не мог стаяць. Як пазней установіць экспертыза, у крыві вадзіцеля было 4,2 праміле алкаголю, пасажыра – 4,6. Доза – смяротная для нармальнага чалавека.
Тым не менш, заправіўшы аўтамабіль, двоіца ўселася ў машыну і ўзяла кірунак у бок Салігорска. Амаль адразу ў міліцыю паступіў тэлефонны званок. Сведкі, якія назіралі за п’янымі, разумелі, што яны нясуць страшную небяспеку не толькі сабе, але і іншым ні ў чым невінаватым людзям, якія могуць аказацца на іх шляху.
А шлях гэты быў нядоўгім. Літаральна за Мікашэвічамі вадзіцель па зразумелых прычынах не справіўся з кіраваннем аўтамабіля, які вылецеў у кювет і некалькі разоў перакуліўся. Пасажыр – 24-гадовы юнак – загінуў на месцы здарэння. Да п’янага вадзіцеля лёс аказаўся больш літасцівым: ён амаль не пацярпеў…
Нарад міліцыі, які выехаў адразу ўслед за гора-сябрамі, не паспеў усяго на некалькі хвілін. Кропку ў гэтай сумнай справе паставіў суд, адправіўшы таго, хто выжыў у страшным ДТЗ, на 4 гады ў турму. Здаецца, там ён будзе ў меншай небяспецы, чым на волі.
Думаеце, такія выпадкі рэдкасць? Зусім не. Штотыдня праваахоўнікі затрымліваюць па некалькі п’яных за рулём. Прычым некаторых – не першы раз. Чужая трагедыя, нават калі пра яе ведаюць, рэдка становіцца перасцярогай.
Жыхар Лунінца Б. мае дастаткова вялікі “паслужны спіс”. Пяць разоў яго прыцягвалі да адказнасці за крадзеж, адзін раз – за ўгон чужога аўтамабіля. Ён атрымліваў рэальныя тэрміны пазбаўлення волі, але гуманнае заканадаўства, здаралася, літасціва дазваляла выходзіць з-за кратаў раней. У апошні раз – па амністыі. Такое патуранне Б. расцаніў, верагодна, як беспакаранасць. Інакш, ці рызыкнуў бы зноў выпрабоўваць лёс і безаглядна ісці на канфлікт з законам?
На гэты раз патэнцыяльны “кліент” судовых выканаўцаў прыахвоціўся да ліхацтва ў п’яным вы-глядзе. Тры разы яго затрымлівалі ў нецвярозым стане за рулём. Апошні раз – у жніўні 2012 года. Позна вечарам “БМВ-525” прыцягнуў увагу дзяржаўтаінспектараў на вуліцы Гагарына ў Лунінцы. Паездка ў п’яным выглядзе на гэты раз закончылася для Б. пазбаўленнем права кіраваць аўтамабілем на 5 год і штрафам у памеры 350 базавых велічынь, што складае 35 000 000 рублёў. На аўтамабіль накладзены арышт да моманту пагашэння штрафу.
Не менш строгае пакаранне чакала і жыхара Лунінца Д., які неаднаразова прыцягваўся да адказнасці, у тым ліку і крымінальнай, за язду за рулём у п’яным выглядзе. У апошні раз гэта каштавала яму пазбаўлення вадзіцельскага пасведчання тэрмінам на 5 год, штрафа ў памеры 6 000 000 рублёў і 1 года 10 месяцаў у калоніі агульнага рэжыму.
Судовы вердыкт вынесены, вінаватыя панеслі заслужанае пакаранне, якое, калі не стане навукай, прымусіць заплаціць куды большую цану за злачыннае грэбаванне агульна-прынятымі правіламі паводзін, у тым ліку – і на дарозе.
Васіль БЕЛЬСКІ, старшыня суда.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть