Происшествия

Ісці па следу

vladimir-zhigar

Прыезд у наш раён намесніка начальніка ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці, палкоўніка юстыцыі  Уладзіміра ЖЫГАРА стаў слушнай нагодай для таго, каб больш даведацца пра незвычайную службу, яе прызначэнне і тое, чым яна можа быць карыснай простаму чалавеку.

– У асобную структуру судовая экспертыза, якая ўключае ў сябе экспертна-крыміналістычны і судова-медыцынскі напрамкі, вылучана параўнаўча нядаўна – усяго 3 гады таму. Але і за гэты час яе супрацоўнікі паспелі даказаць свой прафесіяналізм і запатрабаванасць пры раскрыцці самых розных злачынстваў. Варта адзначыць, што само паняцце судовая экспертыза ёсць не што іншае, як прадугледжанае законам працэсуальнае дзеянне, накіраванае на правядзенне даследаванняў з мэтай устанаўлення абставін, якія патрабуюць доказу, па той ці іншай канкрэтнай справе. Гэта можа быць цяжкае злачынства – забойства, прычыненне пакалечанняў, разбой, рабаўніцтва, ці менш цяжкае – той жа крадзеж, якіх так шмат рэгіструецца апошнім часам у вашым рэгіёне і не толькі. Дарэчы, зусім нядаўна па гарачах слядах не без дапамогі супрацоўнікаў экспертна-крыміналістычнага сектара па Лунінецкім раёне ўдалося раскрыць нахабны крадзеж маёмасці з аднаго з зачыненых “ралетаў” на мясцовым рынку. Злодзей здолеў уцячы з месца злачынства, нягледзячы на праследаванне вартаўніка. І тут у справу разам з аператыўнікамі РАУС уступілі эскперты. Скрупулёзнае даследаванне дазволіла выявіць нямала слядоў, якія пакінуў злачынца. У тым ліку – адбіткі пальцаў. Параўналі іх з тымі, што ёсць у базе, і практычна адразу выйшлі на  падазраваемага. Зараз ён затрыманы.

– Верагодна, ён і раней меў канфлікты з законам?

– У гэтым канкрэтным выпадку – так. Але ж варта нагадаць, што некалькі год таму пасля жудаснага тэракту ў Мінскім метро ў Беларусі пайшлі на тое, каб правесці масавую дактыласкапію і стварыць спецыяльны банк дадзеных адбітакаў пальцаў практычна ўсіх прадстаўнікоў працаздольнай моцнай паловы нашага грамадства. Тады было нямала незадаволеных. Сёй-той падвяргаў працэдуру крытыцы, сумняваўся ў яе законнасці. Сёння яна замацавана законам. І менавіта гэты звод дадзеных дазволіў паставіць канчатковую кропку ў некаторых раней нераскрытых злачынствах. У тым ліку – затрымаць гвалтаўніка, які на працягу многіх год арудаваў у Мінску, Мінскай і Брэсцкай абласцях. Сёння, калі ёсць падставы для дактыласкапічнай ідэнтыфікацыі, правесці яе і ўстанавіць мае той ці іншы чалавек дачыненне да адбыўшагася, можна на працягу га-дзіны. А гэта вельмі важна пры расследаванні спраў.

– Абласныя ці нават міжраённыя эскпертныя структуры, хутчэй за ўсё, аснашчаны куды лепш, чым тыя, што працуюць у глыбінцы? Маю на ўвазе экспертна-крыміналістычны сектар па Лунінецкім раёне.

– Сёння тут працуе калектыў з трох чалавек, узначальвае які старшы лейтэнант юстыцыі Юрый Гаргун. У іх распараджэнні – усё неабходнае для таго, каб якасна і дакладна праводзіць даследаванні. Паверце, з часу знакамітых “знатакоў”, які па тэлебачанні шмат год таму вялі следства, трымаючы каля экранаў мільёны, навука практычна не прыдумала нічога новага ў правя-дзенні першаснай экспертызы. Па-ранейшаму гэта шматлікія спецыяльныя парашкі, рэчывы, ультрафіялетавыя прыстасаванні, якія дазваляюць убачыць на паверхні прадметаў сляды, пакінутыя злачынцамі. Праўда, паявіліся тэсты, якія адразу дапамагаюць адрозніць, чыя кроў на месцы злачынства – чалавека ці, скажам, жывёлы. Але і тут канчатковая кропка не ставіцца: пробы абавязкова дастаўляюцца для далейшага больш складанага даследавання ў абласны цэнтр ці сталіцу. Пэўныя карэктывы ўносіць час. Сёння экспертным групам вельмі неабходна спецыяльнае абсталяванне, якое дапамагае вызначаць від наркатычнага сродку, незалежна ад таго расліннага ці сінтэтычнага ён пахо-джання. Да нядаўняга часу ў распараджэнні супрацоўнікаў сектара судова-медыцынскай эскпертызы ў Пінску, які абслугоўвае і Лунінецкі раён, быў толькі апарат, які даследаваў наркатычныя сродкі расліннага паходжання. Цяпер новае абсталяванне дазваляе аператыўна вызначаць любы від наркотыка. Тэхніка дорагакаштуючая, таму аднамомантна паставіць яе ў рэгіёны пакуль не атрымліваецца.

– Судовая экспертыза поўнасцю на дзяржаўным забеспячэнні?

– Мы і самі зарабляем сродкі. Колькі часу таму, ды і сёння, вельмі запатрабаванай была працэдура ўстанаўлення бацькоўства. Існавала нават чарга на месяцы наперад. Нярэдка з такой просьбай звяртаюцца і зараз. Працэдура платная і дастаткова нятанная, бо даводзіцца даследаваць геном сама мала траіх чалавек – маці, уяўнага бацькі і дзіцяці, а рэагенты – вельмі дарагія. І, ведаеце, іншы раз здараюцца гісторыі, не горшыя за тыя, што прапаноўваюць “раскручаныя” тэлеперадачы. Памятаю выпадак, калі даследаванне не пацвердзіла бацькоўства ніводнага з траіх прапанаваных “прэтэндэнтаў” на гэтае званне. Але часцей, як ні крыўдна, сустракаецца іншае: гора-бацькі проста не хочуць браць на сябе адказнасць за нарадзіўшыхся па-за шлюбам ці нават у шлюбе дзяцей, і тады нашы спецыялісты дапамагаюць аднавіць справядлівасць. Варта сказаць, што дагэтуль папулярнасцю карыстаецца і працэдура аднаўлення ідэнтыфікацыйных нумароў аўтамабіляў. Вось і падчас правядзення “прамой тэлефоннай лініі” ў Лунінцы  за дапамогай па вырашэнню падобных праблем звярнуліся два чалавекі. Таму нагадаю, што ўвесь алгарытм дзеянняў ёсць на нашым сайце. Скажу толькі, што “аўтамабільную” праблему здольны вырашыць у Пінску, а вось працэдуру ўстанаўлення бацькоўства праводзяць толькі ў Брэсце.

– Дзе навучаюць спецыялістаў для вашай службы?

– Асноўная вышэйшая навучальная ўстанова – Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, дзе рыхтуюць крыміналістаў. Аднак, і гэта факт, маюць яны дастаткова вузкую спецыялізацыю. Між тым, судовая эскпертыза прадугле-джвае ледзь не паўтара дзясятка самых розных даследаванняў. Так, для высвятлення паходжання і складу наркатычнага рэчыва неабходны веды ў галіне хіміі, аўтатэхнічную экспертызу дакладна можа правесці толькі аўтамабіліст з вышэйшай адукацыяй, таваразнаўчую – таваразнаўца, будаўніча-тэхнічную – выпускнік будаўнічага факультэта ВНУ. Адпаведна даследаванне ў галіне радыёэлектронікі і камп’ютарнай тэхнікі прафесіянальна можа выканаць толькі класны спецыяліст названай галіны. Зразумела, судовая эскпертыза проста не можа абысціся без кваліфікаваных медыкаў і біёлагаў… Менавіта таму ў нас працуюць выпускнікі самых розных вышэйшых навучальных устаноў. Гэта – неабходнасць.

– Улічваючы такія абставіны, кадравы голад не адчуваецца?

– У Лунінцы экспертна-крыміналістычны сектар укамплектаваны поўнасцю. Спецыялісты тут маладыя і, разам з тым, не пазбаўленыя амбіцый, што дапамагае спраўляцца з усімі пастаўленымі задачамі.

Гутарыла Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть