Калі гарэлка замяняе ўсё…
Происшествия

Калі гарэлка замяняе ўсё…

суд

У актавай зале жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў Лунінцы прайшло адкрытае пасяджэнне раённага суда, якое правёў яго старшыня Міхаіл Дзенісовіч з удзелам намесніка пракурора Андрэя Лукашэвіча і сакратара Вікторыі Сінілевіч. Служыцелі закона разгледзелі грамадзянскую справу па заяве начальніка РАУС аб накіраванні на прымусовае лячэнне ад алкагалізму 33-гадовага жыхара Мікашэвіч.

Калі ў суправаджэнні ўчастковага міліцыянера малады чалавек паявіўся ў зале, было цяжка здагадацца аб яго заганнай залежнасці. Хутчэй наадварот — рабочая вопратка ды запэцканыя, відаць, у мазуце ці машынным масле, рукі сведчылі, што перад намі — сумленны працаўнік. Але першыя станоўчыя ўражанні цалкам перакрэслілі сухія радкі са шматлікіх пратаколаў аб учыненні правапарушэнняў, а таксама адмоўныя характарыстыкі з боку РАУС і суседзяў.

Мужчына мае некалькі судзімасцей, некаторыя з іх пагашаны. Разведзены. З’яўляецца абавязанай асобай па кампенсацыі сродкаў на ўтрыманне траіх малалетніх дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Доўг перад імі перабольшыў 200 мільёнаў рублёў. Маці летась купіла сыну кватэру ў Мікашэвічах, зрабіла ў ёй рамонт. Здаецца, жыві, працуй, пагашай запазычанасць… Ды дзе там? За гарэлкай няма калі! Жыллё гэтае неўзабаве набыло папулярнасць “прытона”. Будучы неяк нападпітку, спрабаваў  накласці на сябе рукі. За апошнія два месяцы ў яго рабочым табелі значацца 9 прагулаў і 3 адхіленні ад работы па прычыне алькагольнага ап’янення. Неаднаразова з ім праводзіліся прафілактычныя гутаркі. На жаль, словы так і не дайшлі да розуму. Таму намеснік пракурора Андрэй Лукашэвіч выступіў з просьбай накіраваць грамадзяніна М. на прымусовае лячэнне ў лячэбна-працоўны прафілакторый тэрмінам на 12 месяцаў.

– Але я не лічу сябе алкаголікам! – запярэчыў малады чалавек. – Пад плотам не ляжу. Выпіваю патрохі дома, арганізм проста слабы… Прасіў мяне закадзіраваць, дык на гэта ж грошы патрэбны. А дзе я іх вазьму?!

Уважліва выслухаўшы ўсе довады, а таксама азнаёміўшыся з дакументамі грамадзянскай справы, старшыня суда Лунінецкага раёна Міхаіл Дзенісовіч вынес рашэнне – бліжэйшы год жыхар Мікашэвіч правядзе ў ЛПП. У мужчыны ёсць 10 дзён, каб абскардзіць яго ў вышэйшай інстанцыі.

Па словах Міхаіла Васільевіча, летась разгледжана 40 падобных спраў (у 2014-ым – 36). З іх 34 – задаволены, 1 – спынена, 1 – пакінута без разгляду, 4 – адмоўлены. Фігурантамі большасці з іх з’яўляюцца мужчыны. Кожнаму выпадку характэрны аднолькавыя рысы: чалавек пакутуе на хра-нічную алкагольную залежнасць рознай ступені, рэгулярна ўчыняе адміністрацыйныя правапарушэнні ў п’яным выглядзе, здзекуецца над блізкімі, з’яўляецца абавязанай асобай па кампенсацыі сродкаў на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Але самае страшнае – такія людзі абсалютна раўнадушныя. Каб канчаткова не страціць іх для грамадства, і існуе такая мера ўздзеяння, як накіраванне на прымусовае лячэнне ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Спадзяемся, што па заканчэнні тэрміну жыхар Мікашэвіч вернецца здаровым чалавекам, здольным змяніць сваё жыццё ў лепшы бок.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть