Калі жыццё пачынаецца з крыміналу…
Происшествия

Калі жыццё пачынаецца з крыміналу…

прокуратураРазважаць на тэму падлеткавай злачыннасці вельмі складана, але рабіць гэта неабходна, бо парушэнне закона для некаторых становіцца забароненым плодам, які хочацца спрабаваць зноў і зноў. Што штурхае маладых людзей на слізкую дарожку?

Аналіз паказвае, што на тэрыторыі раёна назіраецца рост падлеткавай злачыннасці. З пачатку года непаўналетнімі ўчынена 5 злачынстваў (за аналагічны перыяд мінулага — 4), у тым ліку 3 крадзяжы маёмасці, 1 злоснае хуліганства, 1 дарожна-транспартнае здарэнне. За кожным — лёс зусім юнага чалавека.

На жаль, павялічылася колькасць злачынстваў, учыненых вучнямі школ: калі летась іх не было зарэгістравана, то сёлета — 2.

6 верасня 2014 г. каля апоўначы ў скверы каля перона чыгуначнага вакзала ў Лунінцы 17-гадовы падлетак папрасіў у нецвярозага грамадзяніна мабільны тэлефон, каб патэлефанаваць, а потым украў рэч коштам 354 тысячы рублёў. Ён жа ноччу 13 верасня ў раёне паліклінікі паўторна пайшоў на злачынства. Убачыўшы на вуліцы маладога чалавека з тэлефонам, дагнаў яго і папрасіў паказаць мабільнік. Забраў дарагую цацку і пайшоў далей…

Прыгаворам суда юнак прызнаны вінаватым у крадзяжы, а таксама ў рабаванні, якое ўчыніў паўторна. Яму прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін адзін год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

15-гадовы навучэнец Ганцавіцкай школы-інтэрната ў жніўні мінулага года прабраўся ў дом дзятлаўчаніна і ўкраў 8.300.000 рублёў. Суд накіраваў падлетка ў спецыяльную лячэбна-выхаваўчую ўстанову тэрмінам на 1 год.

Схільнасць да амаральных паводзін, нізкі сацыяльна-эканамічны ўзровень жыцця — вось асноўныя прычыны, якія штурхнулі падлеткаў на злачынства. Да таго ж, абодва юнакі выхоўваюцца ў няпоўных сям’ях.

Падобныя факты сведчаць аб неабходнасці ўзмацніць увагу праваахоўных органаў да пытанняў забеспячэння правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх. Агульны вынік прафілактыкі злачыннасці сярод падлеткаў залежыць ад скаардынаванасці дзеянняў усіх зацікаўленых органаў, але, у першую чаргу, ад сям’і, паколькі асноўныя нормы і мадэлі паводзін падлеткаў фарміруюцца менавіта ў ёй, а потым ужо свой адбітак накладвае вуліца.

Вераніка ПАЛЯЙЧУК,
памочнік пракурора



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть