Кантроль на дарогах – спакой грамадзян
Происшествия

Кантроль на дарогах – спакой грамадзян

гаи2Нягледзячы на маладосць (сярэдні ўзрост калектыву – 30 год) і нешматлікасць супрацоўнікі  Дзяржаўтаінспекцыі заўсёды старанна выконваюць пастаўленныя задачы.

– Яшчэ некалькі гадоў таму працавалася прасцей – людзі былі спакайнейшыя, ды і супрацоўнікаў было амаль удвая больш, – успамінае начальнік аддзялення ДАІ Сяргей КАНАПАЦКІ.

У любую пару года інспектары працуюць у напружаным рэжыме. З надыходам цяпла на дарогах паяўляецца больш мотаблокаў, мотацыклаў, скутэраў і веласіпедаў. Зімой перашкаджае дрэннае надвор’е і кароткі дзень. Шмат увагі і сіл патрабуюць выхадныя – ў інтэнсіўным патоку аўтамабіляў неабходна заўважыць парушэнні і своечасова спыніць тых, хто іх учыняе.

Сёлета п’янымі за рулём затрымана 175 чалавек, па хуткасным рэжыме – 1240. Сітуацыі ў адносінах з гэтымі людзьмі бываюць розныя. Многае залежыць ад інспектараў. Старшы лейтэнант Аляксандр Хартановіч і адзін з лепшых у вобласці лейтэнант Андрэй Чарняўскі, які на сённяшні дзень выявіў 37 вадзіцеляў у стане алкагольнага ап’янення, з’яўляюцца гонарам Лунінецкага ДАІ.

Неацэнімую дапамогу на дарогах аказвае нядаўна куплены аддзяленнем мабільны відэафіксатар “Бінар”, які прызначаны для кантролю хуткасці руху транспартных сродкаў і відэафіксацыі парушэнняў.

– Выключнай асаблівасцю прыбора з’яўляецца наяўнасць дзвюх телекамер, што забяспечваюць адначасовы запіс дарожнай сітуацыі, для шырокага агляду дарогі, і атрымання малюнка парушальніка на вялікай адлегласці. Гэта значна спрашчае работу інспектараў і павышае дакладнасць выяўлення парушальніка, – паясняе Сяргей Міхайлавіч. – Хочацца выказаць вялікую падзяку за спонсарскую падтрымку ў набыцці прыбора СВК “Хваецкае”, “Новае Палессе”, КУП “Міжлескае”,  Палескай станцыі. Заўсёды можам спадзявацца на падтрымку фермерскіх гаспадарак раёна, якія неаднойчы дапамагалі, а таксама дружыннікаў па захаванні бяспекі дарожнага руху Сцяпана Бярозку, Васіля Чарнюка, Сяргея Жэшку і іншых. Часта праводзім сумесныя акцыі з  раённымі арганізацыямі БРСМ і Чырвонага Крыжа.  Яны накіраваны на прапаганду выканання хуткасных рэжымаў, актывізыцыю агітацыйнай работы, работу рэйдавых груп. Гэта робіцца дзеля таго, каб прадухіліць новыя аварыі і небяспеку, якую яны нясуць здароўю і жыццю людзей.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть