Карупцыя — гэта не толькі хабар…
Происшествия

Карупцыя — гэта не толькі хабар…

коррупция

Дэстабілізуючае ўздзеянне карупцыйных праяў на сацыяльна-эканамічнае развіццё дзяржавы і грамадства, а таксама адмоўны ўплыў на фарміраванне асобы дыктуюць неабходнасць узмацнення барацьбы з гэтай негатыўнай сацыяльнай праявай на пастаяннай, комплекснай і належнай інфармацыйна-аналітычнай падставе. Аб тым, якая работа ў гэтым плане праводзіцца на Лунінеччыне, расказвае пракурор раёна Аляксандр КАРЛЮК:

карлюк

— Пракуратура, з’яўляючыся органам, які адказвае за арганізацыю супрацьдзеяння карупцыі, прымае меры, накіраваныя на эфектыўнасць мерапрыемстваў, праводзімых праваахоўнымі і іншымі дзяржаўнымі органамі ў вызначаным напрамку. Сёлета супрацоўнікамі аператыўных падраздзяленняў РАУС выяўлена 3 карупцыйныя злачынствы (летась — 2). Аднак, па-ранейшаму аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі абмяжоўваецца нізавай карупцыяй, а выяўленне і спыненне найбольш небяспечных арганізаваных форм так і не набыло сістэмнай асновы. Разам з тым, пракуратура і РАУС працуюць ва ўзаемадзеянні. Так, падчас сумесных праверак на ААТ “Палессеэлектрамаш”, СВК “Дзятлавіцкі”, аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, выяўлены парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства, шэраг службовых асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці, узбуджаны крымінальныя справы.

На прафілактыку і спыненне фактаў карупцыі правялі праверкі ў СВК “Азярніца”, ААТ “Лунінецкі райаграсервіс”, “Спецжалезабетон”, ДУ “Лунінецкая ветэрынарная станцыя” і іншых. У выніку ўстаноўлена 18 фактаў парушэнняў з боку асоб на пасадах.

Асаблівая роля адводзіцца камісіям па супрацьдзеянню карупцыі, якія згодна з заканадаўствам ствараюцца не толькі ў органах дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацыях, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, абласных, гарадскіх, раённых, мясцовых адміністрацыях, а і ў дзяржаўных прадпрыемствах і гаспадарчых таварыствах з доляй дзяржавы ў статутным фондзе 50 і больш працэнтаў, якія з’яўляюцца кіруючымі кампаніямі холдынгаў. Аднак, работа гэтых камісій іншы раз зводзіцца да складання планаў. Прымаемыя рашэнні па тым ці іншым пытанні носяць фармальны характар, не прадугледжваюць канкрэтных мерапрыемстваў, тэрмінаў іх выканання і адказных асоб. Такі падыход да справы прывёў да ўнясення 2 прадстаўленняў, 26 асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, 10 службовым асобам аб’яўлена папярэджанне.

Заклапочанасць выклікаюць і шматлікія парушэнні, звязаныя з прадастаўленнем наймальніку несапраўднай інфармацыі аб адпрацоўцы рабочага часу. У выніку работніку, які без уважлівых прычын адсутнічаў на рабоце, неабаснавана налічвалася і выплачвалася заработная плата. Такія парушэнні выяўлены ў адносінах службовых асоб аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, ветэрынарнай станцыі, ААТ “Лунінецкі райаграсервіс”.

Распаўсюджанай з’явай стала ўнясенне ў дэкларацыю аб даходах і маёмасці няпоўных або несапраўдных звестак службовымі асобамі. Парушэнні выяўлены ў РАУС, аддзелах адукацыі, спорту і турызму і ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Па-ранейшаму высокай ступенню карупцыйных рызык характарызуецца сфера асваення бюджэтных сродкаў пры ажыццяўленні працэдур дзяржаўных закупак тавараў (работ, паслуг).

Для ўзмацнення антыкарупцыйнага процідзеяння ў грамадстве і раёне неабходна павышэнне эфектыўнасці кантролю з боку грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку прафесійных саюзаў, а таксама больш актыўны ўдзел жыхароў Лунінеччыны ў папярэджванні карупцыйных праяў.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть