Происшествия

ЛЕПШ ВЫБІРАЦЬ ЖЫЦЦЁ

Трагедыя, якая адбылася на мінулым тыдні на вуліцы Панчанкі ў Мінску, здаецца, не пакінула абыякавым нікога. На выхадзе са школы трапіў пад колы і загінуў трэцякласнік. Крыўдна, але ўсю жудаснасць выпадку мы пачынаем усведамляць, калі нічога змяніць ужо нельга.
Уражвае статыстыка, якая сведчыць, што сёлета ў дарожна-транспартных здарэннях у нашай вобласці загінула 5 дзяцей, 83 – паранена.
Як сведчыць аналіз ДТЗ, у большасці выпадкаў адбыліся яны па віне юных пешаходаў ці непаўналетніх, якія, груба парушаючы Правілы дарожнага руху, рызыкнулі сесці за руль аўтамабіля. Менавіта гэтая жудасная акалічнасць стала прычынай гібелі чатырнаццацігадовай жыхаркі Маларыцкага раёна і адзінаццацікласніка з Кобрына, які кіраваў матацыклам, таксама не маючы на гэта права.
Неабачлівасць юных аматараў прыгод дорага каштуе  ім і іх бацькам. У Камянецкім раёне адзінаццацікласніца адной з вясковых школ села ў машыну да незнаёмых грамадзян, каб тыя падвезлі яе на дыскатэку. Вядома, ніхто не мог меркаваць, што літаральна праз некалькі хвілін здарыцца трагедыя ў выгля-дзе ДТЗ, дзе юная пасажырка загіне ад атрыманых траўм.
Крыўдна, што дагэтуль і дзеці, і дарослыя не звяртаюць увагі на папярэджанні супрацоўнікаў ДАІ аб неабходнасці абазначаць сябе ў вячэрні і начны час святлоадлюстроўваючымі элементамі. У Ляхавіцкім раёне на ўскрайку дарогі спадарожным аўтамабілем у пачатку восені быў смяротна паранены семнаццацігадовы юнак: вадзіцель проста не заўважыў яго ў цемры. Па шчаслівай выпадковасці не адбылося страшнай трагедыі ў Кобрынскім раёне, калі ў канцы кастрычніка па гэтай жа прычыне пад колы аўтамабіля трапіла дзевяцікласніца адной з мясцовых школ. Дзяўчына з цяжкімі пакалечаннямі дастаўлена ў бальніцу.
Трагедыяй закончылася ліхацтва ў Ганцавіцкім раёне. Там за руль п’яным сеў педагог-арганізатар Хаты-ніцкай школы. На крутым павароце ён не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў дрэва. Сам пакалечыўся, а вось пасажыр – адзінаццацікласнік гэтай жа школы – загінуў.
Не менш трывожнай застаецца сітуацыя і ў нашым раёне. Сёлета з удзелам непаўналетніх тут учынена 4 дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх 4 чалавекі паранены.
У в. Бродніца на праезнай частцы не размінуліся два аўтамабілі. У выніку сутыкнення пацярпела дванаццацігадовае дзіця. У райцэнтры на вуліцы Чырвоная вадзіцель аўтамабіля ўчыніў наезд на дзяўчат на пешаходным пераходзе. Адна з іх была дастаўлена ў бальніцу. У Мікашэвічах на праезную частку выбегла трохгадовае дзіця. Матацыкліст не здолеў пазбегнуць наезду. У выніку – бальніца і доўгае лячэнне.
Жудасны па сваёй злачыннасці выпадак адбыўся ў Манасеева ў кастрычніку гэтага года. Дваццацігадовая дзяўчына, якую ў верасні ўжо затрымлівалі за рулём скутэра без пасведчання, што дае права кіраваць транспартным сродкам, зноў села за руль мапеда. Да таго ж, знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення. У выніку не змагла аб’ехаць трактар, які стаяў на абочыне. Пры сутыкненні пацярпела не толькі віноўніца аварыі, але і яе непаўналетняя сястра-пасажыр. Абедзве з пакалечаннямі дастаўлены ў баль-ніцу.
Трэба памятаць, што акрамя фізічных пакут, такія ДТЗ прадугле-джваюць адказнасць па закону. Ад-міністрацыйная адказнасць (парушэнне хуткаснага рэжыму, кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення ці асобай, якая не мае адпаведных дакументаў або пазбаўлена вадзіцельскага пасведчання) наступае з 16 год, а ў некаторых выпадках (выкідванне смецця і ад-крыванне дзвярэй у час руху транспартнага сродку) – з 14 год. І гэтая заканадаўчая норма прымяняецца дастаткова актыўна. Сёлета ў нашым раёне камісіяй па справах непаўналетніх  разгледжаны 103 пратаколы, складзеныя за парушэнне Правілаў дарожнага руху.
Кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення ці перадача яго п’янаму вадзіцелю, а таксама адмова ад медыцынскага асведчання, учыненыя паўторна на працягу года, цягнуць за сабою крымінальную адказнасць, і наступае яна з 16 год.
Магчыма некаму такія меры пададуцца вельмі жорсткімі, аднак іх нельга параўнаць з трагедыямі, якія нясуць з сабою ў сем’і п’яная безагляднасць і абыякавасць некаторых падлеткаў. 
Аксана ЗОТКІНА, памочнік пракурора.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть