Происшествия
ЛУНІНЕЦКІ “СКОТЛАНД-ЯРД”
У раённым аддзеле ўнутраных спраў нясе службу адзін з лепшых оперупаўнаважаных крымінальнага вышуку Брэстчыны капітан міліцыі Мікалай ШВЕД.
Яшчэ ў школьныя гады, якія праходзілі ў Дзятлавічах, юнак марыў аб прафесіі, звязанай з абаронай правапарадку, інтарэсаў дзяржавы і грамадзян. Стараннасць у вучобе і добрая фізічная падрыхтоўка дазволілі без асаблівых складанасцей атрымаць юрыдычную адукацыю ў Столінскім тэхнікуме. Канчатковае ж рашэнне звязаць свой лёс з права-ахоўнай дзейнасцю прыйшло падчас праходжання тэрміновай службы ва Узброеных Сілах. Таму і паступіў у Акадэмію МУС. Закончыўшы яе ў 2007 годзе, прыступіў да работы на паса-дзе оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку ў Лунінецкім РАУС.
– Прыемна, што пра нас, міліцыянераў, здымаюць фільмы, – гаворыць Мікалай. – Аднак, у серыялах далёка не ўсё, як у жыцці. Злачынства за адну серыю, на жаль, у рэальных умовах не раскрыць. Да таго ж, пагоні і сутычкі з парушальнікамі бываюць не так часта. Работа іншы раз больш звязана з афармленнем дакументацыі і справаздач. Да кожнага затрымання рыхтуемся адказна, праводзім яго прафесійна і вельмі акуратна, без шуму, у зручным і бяспечным месцы… Выхадных для нас не існуе. Калі што-небудзь сур’ёзнае здараецца, гатовы прыступіць да выканання службовага абавязку ў любы час дня і ночы. Лічу, што нераскрываемых злачынстваў, як і бязвыхадных сітуацый, быць не павінна, трэба толькі вельмі добра падумаць.
Не дзіва, што разважаючы і працуючы так, менавіта Мікалай Швед прадстаўляў Лунінеччыну на абласным этапе конкурсу прафесійнага майстэрства сярод аператыўных работнікаў крымінальнага вышуку і стаў лепшым абаронцам правапарадку. Перамагчы было няпроста. Давялося трымаць выпрабаванне ў спецыяльнай, агнявой, тэхніка-крыміналістычнай і фізічнай падрыхтоўцы. Тым больш, як сцвярджае Мікалай, асабліва не было часу рыхтавацца да конкурсу з-за вялікага аб’ёму работы. Але, улічваючы, што ў аддзеле кожны тыдзень вядзецца прафпадрыхтоўка, дзе вывучаюцца прававыя і нарматыўныя дакументы, надаецца шмат увагі фізічным нагрузкам, усе выпрабаванні прайшоў паспяхова. На рэспубліканскім узроўні аператыўнік прадэманстраваў свае лепшыя якасці і заняў пятае месца.
Пацікавілася ў Мікалая пра яго жыццёвае крэда. Ён зазначыў:
– Іду заўсёды наперад і не азіраюся назад. Як кажуць у народзе, «узяўшыся за гуж, не кажы, што нядуж”.
Існуе думка, што ў крымінальным вышуку працуюць толькі сапраўдныя мужчыны, з жалезнымі нервамі і чулым сэрцам. Здаецца, так яно і ёсць, бо без гэтага немагчыма ахоўваць правапарадак, мір і спакой у сем’ях…