На ўмацаванне дысцыпліны
Происшествия

На ўмацаванне дысцыпліны

прокуратураЗ уступленнем у сілу з 1 студзеня Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №5 ад 15.12.2014г. «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый» пашыраны паўнамоцтвы і адказнасць кіраўнікоў, павышаны патрабаванні да работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці.

Улічваючы, што абавязкі кіраўнікоў і работнікаў прадугледжваюцца як непасрэдна ў заключаных з імі працоўных дагаворах (кантрактах), так і ў службовых (працоўных) інструкцыях, наймальнікам варта ў іх унесці змены і дапаўненні, якія адпавядаюць патрабаванням названага Дэкрэта, прычым кожны работнік павінен быць азнаёмлены з абноўленай службовай (рабочай) інструкцыяй, функцыянальнымі абавязкамі.

Згодна з патрабаваннямі Дэкрэта, на кіраўнікоў арганізацый, незалежна ад формаў уласнасці, ускладзена персанальная адказнасць за забеспячэнне вытворча-тэхналагічнай, выканаўчай і працоўнай дысцыпліны, належнае ўтрыманне будынкаў, памяшканняў і абсталявання, захаванне ўмоў працы работнікаў. Кіраўнік павінен забяспечыць замацаванне ў службовых інструкцыях работнікаў абавязкі па выкананню тэхналагічных рэгламентаў і нарматываў пры вытворчасці прадукцыі, а таксама па падтрыманні чысціні і парадку не толькі на працоўным месцы, але і на тэрыторыі арганізацыі. Пры незахаванні патрабаванняў кіраўнік можа быць прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці аж да звальнення.

Калі работнік парушыў вытворча-тэхналагічную, працоўную або выканальніцкую дысцыпліну, наймальнік мае права цалкам або часткова пазбавіць работніка дадатковых выплат стымулюючага характару на тэрмін да 12 месяцаў. Прычым такое пазбаўленне названа асобнай мерай дысцыплінарнага спагнання.

Пры выяўленні ўчыненых работнікам парушэнняў, якія прывялі або здольны пацягнуць прычыненне арганізацыі ўрону, наймальнік мае права адхіліць яго ад працы. За гэты перыяд заработная плата не налічваецца.

З адной да трох сярэднямесячных заработных плат павялічаны памер урону, які пакрывае работнік па распараджэнню наймальніка. Пры гэтым сума з улікам іншых спагнанняў па выканаўчых дакументах не можа перавышаць 50 працэнтаў заработнай платы, належачай да выплаты работніку, за выключэннем прадугледжаных заканадаўствам выпадкаў, калі дапускаецца большы памер утрыманняў.

Калі парушэнне, учыненае работнікам, прывядзе да матэрыяльнага ўрону для арганізацыі ў памеры, які перавышае тры налічаныя сярэднямесячныя заработныя платы ў Рэспубліцы Беларусь, то наймальнік мае права скасаваць працоўны дагавор (кантракт) з такім супрацоўнікам у сувязі з грубым парушэннем працоўных абавязкаў. Увесь пералік падстаў звальнення па дыскрэдытуючых абставінах замацаваны пунктам 6 Дэкрэта. Так, для звальнення неабходна выканаць працэдуру, аналагічную прыцягненню работніка да дысцыплінарнай адказнасці: запатрабаваць пісьмовае тлумачэнне работніка, скласці акт або службовую запіску па выніках праверкі дапушчанага парушэння.

У далейшым асоба, звольненая па дыскрэдытуючых абставінах, на працягу пяці гадоў:

  • не можа займаць пасады, уключаныя ў кадравыя рэестры кіраўніка дзяржавы, Урада і мясцовых органаў улады;
  • ці мае права займаць кіруючыя пасады ў арганізацыях дзяржаўнай і прыватнай формы ўласнасці толькі пасля адпаведнага ўзгаднення са старшынёй раённага, гарадскога выканкама.

Для наймальнікаў уведзена магчымасць запытваць характарыстыку работніка з ранейшых месцаў працы. Пры гэтым яна павінна быць прадстаўлена папярэднімі наймальнікамі на працягу пяці каляндарных дзён з дня атрымання адпаведнага запыту.

Такім чынам, прыняцце Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №5 з’яўляецца своечасовай і дзейснай мерай. Практыка прымянення дадзенага дакумента павінна станоўча адбіцца на паказчыках эканамічнай эфектыўнасці дзейнасці як асобна ўзятага прадпрыемства, арганізацыі, так і эканомікі дзяржавы ў цэлым, паспрыяць зніжэнню ўзроўню вытворчага траўматызму, павышэнню якасці прымаемых кіраўнічых рашэнняў.

Вераніка ПАЛЯЙЧУК,
памочнік пракурора



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть