Происшествия

На ўмацаванне правапарадку

карлюкУ апошнія гады на Лунінеччыне адзначаецца ўстойлівая дынаміка зніжэння злачыннасці. Станоўчая тэндэнцыя назіралася і ў 2013-ым. Расказвае пракурор раёна Аляксандр КАРЛЮК:
– У параўнанні з папярэднім годам колькасць зарэгістраваных у раёне злачынстваў знізілася на 4,5 працэнта і склала 593 (у 2012-ым – 621).
У асноўным за кошт таго, што менш учынена крадзяжоў – 246 (333). Па найбольш небяспечных, такіх як прычыненне цяжкіх цялесных пакалечанняў, рабаванні, згвалтаванні, разбоі – усе асобы, якія іх учынілі, устаноўлены. Наогул, раскрывальнасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку склала 66,6 працэнта, што з’яўляецца адным з лепшых паказчыкаў у вобласці.
Між тым, разам з пазітыўнымі зменамі прасочваюцца і негатыўныя тэндэнцыі. З 6 да 13 узрасла колькасць злачынстваў, звязаных з прычыненнем цяжкіх цялесных пакалечанняў. Аналіз паказаў, што часцей вінаватыя – гэта асобы, якія вядуць антыграмадскі лад жыцця, злоўжываюць спіртнымі напіткамі і праяўляюць агрэсіўнасць. 8 злачынстваў учынена асобамі ў стане алкагольнага ап’янення, 5 – непрацуючымі, 5 – асобамі, якія стаяць на ўліку ў медыцынскіх установах у сувязі з ужываннем спіртных напіткаў. Асаблівую заклапочанасць выклікае тое, што часта цяжкія цялесныя пакалечанні прычыняюцца падчас сямейна-бытавых канфліктаў. На гэтай глебе адбылося і забойства ў Мікашэвічах.
– Чаму, на вашу думку, не ўдалося дабіцца якасных зрухаў у рабоце ў гэтым напрамку?
– Перш-наперш, недастаткова эфектыўна супрацоўнікамі РАУС вядзецца прафілактыка, у тым ліку індывідуальная. Пракуратурай выяўлены факты, калі пры наяўнасці прадугледжаных заканадаўствам падстаў, асобы, якія сістэматычна ўчыняюць правапарушэнні на глебе канфліктаў з членамі сям’і і іншымі блізкімі асобамі, не ставіліся на прафілактычны ўлік, адпаведныя мерапрыемствы з імі не праводзіліся. Так, нецвярозы жыхар Барсукова ў ходзе сваркі са сваім пасынкам, які заступіўся за маці, нанёс яму ўдар нажом у вобласць жывата, чым прычыніў цяжкія цялесныя пакалечанні.
У ходзе папярэдняга расследавання ўстаноўлена, што грамадзянін С. на працягу 2010-2013 гадоў неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, тройчы быў судзімы за наўмысныя злачынствы. На працягу некалькіх месяцаў да трагічнага выпадку практычна штодня злоўжываў спіртнымі напіткамі, паміж ім і сужыцелькай, а таксама пацярпелым адбываліся скандалы, падчас якіх пагражаў фізічнай расправай. Разам з тым, з боку міліцыі ў дачыненні да скандаліста належная індывідуальна-прафілактычная работа не праводзілася. Нягледзячы на тое, што падставы для пастаноўкі на прафілактычны ўлік відавочныя, гэта не было зроблена. Як і не прыняты меры па яго накіраванню на прымусовае лячэнне ад алкагалізму.
Зразумела, што права-ахоўнікі не дапрацавалі ў прафілактычнай рабоце. Але ж сельвыканкам і працоўны калектыў таксама засталіся ў баку і не надалі ўвагі сітуацыі, што склалася ў сям’і. Толькі ва ўзаемадзеянні ўсіх суб’ектаў прафілактыкі можна дабіцца выніку.
– Пры кожным сельвыканкаме створаны грамадскія пункты аховы правапарадку. Ці апраўдваюць яны сябе?
– Вынікі нагляднай дзейнасці пракуратуры сведчаць аб тым, што іх работа наладжана, прычым пры актыўным удзеле прадстаўнікоў грамадскасці. Аднак не ўсюды распрацаваны комплексныя планы прафілактычных мерапрыемстваў. Іншы раз работа зводзіцца да разгляду агульных пытанняў і інфармацыі, што паступае з праваахоўных органаў па фактах супрацьпраўных дзеянняў жыхароў сельсаветаў. Уласная ініцыятыва адсутнічае. Так, не адпавядае патрабаванням індывідуальна-прафілактычная работа, якая праводзіцца саветамі пунктаў Лунінскага і Гарадоцкага сельвыканкамаў.
– Наколькі бяспечна знаходзіцца на вуліцах горада?
– Трывогу выклікае вуліч-ная злачыннасць. Па выніках мінулага года ў тры разы ўзрасла колькасць хуліганстваў. Большая частка з іх учыняецца ў вячэрні і начны час, пераважна ў Лунінцы і Мікашэвічах. У якасці прычын, якія абумовілі рост названай катэгорыі злачынстваў, – нізкая эфектыўнасць выкарыстання сіл і сродкаў, за-дзейнічаных у сістэме аховы правапарадку, малая колькасць нарадаў патрульна-паставой службы міліцыі ў цёмны час сутак. У ахове грамадскага парадку не надаецца належнай увагі добраахвотным народным дружынам, што неаднаразова адзначалі ў актах рэагавання.
– Як толькі сонейка хаваецца за гарызонт, у падлеткаў пачынаецца актыўнае жыццё. Іншы раз іх “прыгоды” прыводзяць у залу суда. Як супрацьстаяць гэтаму?
– Рост злачыннасці сярод непаўналетніх склаў 29,4 працэнта. Варта адзначыць, што летась затрымана група з трох падлеткаў, якая з мая па жнівень 2013 года ўчыніла 11 крадзяжоў маёмасці грамадзян. На жаль, яна не была своечасова выяўлена і раз’яднана…
– Што робіцца, каб прадухіліць “наступленне” наркотыкаў у раёне?
– Распаўсюджванне наркотыкаў і псіхатропных рэчываў па-ранейшаму застаецца адной з самых сур’ёзных праблем. Аналіз стану спраў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, сведчыць пра павелічэнне колькасці спажыўцоў. Па дадзеных на 1 студзеня 2014 года ў лік хворых трапілі 67 чалавек. Каб спыніць наркаманію, патрабуецца максімальна зладжаная работа ўсіх праваахоўных органаў. Трэба адзначыць, што аператыўнымі падраздзяленнямі выяўляюцца асобы, якія ўжываюць наркатычныя сродкі, і дробныя прадаўцы наркотыкаў. Неабходна ўзмацніць намаганні па выяўленню буйных паставак наркатычных сродкаў, дзейнасці арганізаваных злачынных груповак, фактаў збыту пры правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў.
– Што, на ваш погляд,
трэба зрабіць, каб
палепшыць сітуацыю?
– Аператыўная абстаноўка патрабуе ад органаў мясцовай выканаўчай улады, усіх суб’ектаў прафілактыкі, прадстаўнікоў грамадскасці прыняцця неадкладных кардынальных мер па папярэджванню злачынстваў. Трэба больш увагі надаваць недапушчэнню алкагалізацыі насельніцтва, распрацаваць канкрэтныя крокі па ўзаемадзеянню ўсіх зацікаўленых органаў па выкананні патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў». У гэтай сувязі пракуратурай распрацаваны комплекс мерапрыемстваў на 2014-2016 гады па супрацьдзеянню забойствам і злачынствам, якія звязаны з наўмысным прычыненнем цяжкіх цялесных пакалечанняў. Зараз дакумент чакае зацвярджэння ў райвыканкаме.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть