На абароне інтарэсаў краіны стаяць супрацоўнікі мытнага паста
Происшествия

На абароне інтарэсаў краіны стаяць супрацоўнікі мытнага паста

Супрацоўнікі аддзела мытнага афармлення і кантролю №2 мытнага паста «Пінск»  Брэсцкай мытні  нелегалаў з цягнікоў не здымаюць, за руку ўцекачоў не ловяць. Іх задача – афармленне грузаў.

Сярод мужчынскага касцяка, з якога ў асноўным складаецца калектыў, адразу заўважаеш нешматлікіх прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва. Адна з іх – Таццяна КОВАЛЬ, якая працуе на пасадзе старшага інспектара вось ужо 9 год.

– У мытную службу прыйшла свядома. Думаючы пра будучыню, паставіла сабе мэту стаць юрыстам. Паступіла ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Праходзячы практыку на 5 курсе ў Мінскай рэгіянальнай мытні, пераканалася, што з выбарам прафесіі не памылілася.

 

Мытня ў «воблаку» тэхналогій

Размова з начальнікам Андрэем ЕЛЕНСКІМ  праходзіла павольна, хоць «уціснуць» у свой графік сустрэчу з журналістам аказалася не так і проста. Працоўныя камандзіроўкі, шматлікія пытанні, якія даводзіцца вырашаць штодня – усё гэта ператварае яго рабочы  дзень у ненарміраваны. Андрэй Эдуардавіч сваю кар’еру пачаў у 1993-ім. За 24 гады службы аб выбары  прафесіі ні разу не пашкадаваў, бо мытная справа – не руцінная работа, а цэлы кругаварот штодзённых па-дзей. Яму давялося папрацаваць на некалькіх рэспубліканскіх пунктах мытнага афармлення. У іх ліку – Гарынь, Верхні Церабяжоў, Махро. Летась узначаліў аддзел мытнага афармлення і кантролю №2 у Лунінцы. У штаце – 17 чалавек.

– Андрэй Эдуардавіч, вы на гэтай пасадзе амаль год. Якім бачыце далейшае развіццё аддзела?

– Задача для ўсіх адна – зрабіць работу максімальна бескантактнай, скараціць тэрміны ажыццяўлення працэдур і такім чынам павысіць якасць мытнага адміністравання праз новыя тэхналогіі. Кажучы прасцей, тавары павінны рухацца максімальна паскорана, а для бізнесу наша работа не павінна быць адчувальнай і цяжкай.

– Калі мы гаворым пра новыя тэхналогіі, то, перш за ўсё, разумеем электроннае дэклараванне?

– У тым ліку. Гэтая тэхналогія ўкаранёна паўсюль. Яна дазваляе весці кантроль без непасрэднай прысутнасці прадстаўніка той ці іншай фірмы або кампаніі ў пункце мытнага афармлення. Укараняюцца інфармацыйныя навінкі, якія дазваляюць весці ўлік выплаты мытных плацяжоў, афармляць працэдуры, звязаныя з транзітам. Усё гэта сёння можна рабіць без лішніх папер. Спадзяемся, што ў хуткім часе будзем ажыццяўляць аддалены кантроль, які не запатрабуе абавязковай прысутнасці мытнага інспектара ў месцы, дзе знаходзяцца тавары.

– Раней вам даводзілася працаваць з фізічнымі асобамі. Цяжка на юрыдычным накірунку?

– Складанасці ёсць усюды. Мне пашчасціла прыйсці ў дружны, згуртаваны калектыў, дзе кожны стаіць на абароне агульных інтарэсаў, а не сваіх асабістых.

 

Працоўныя будні

Змена пачынаецца ў 9 гадзін раніцы. Працаваць даводзіцца суткі праз трое. Першае, што кідаецца ў вочы, ледзь адчыняеш дзверы аддзела – вялікая колькасць рознакаляровых папак, якімі літаральна запоўнены шафы. Штодня  інспектарам даводзіцца афармляць ад 6 да 13 грузаў, і за кожны яны нясуць персанальную адказнасць. Азнаёміўшыся з дакументамі, агледзеўшы багаж і транспарт, на якім перасякаецца мяжа, мытнік «дае дабро» і падмацоўвае яго асабістай пячаткай. Нумарны знак – унікальны і знаходзіцца ў агульнай базе, таму, калі раптам што здарыцца, вылічыць таго, хто прапусціў груз, – хвілінная справа. Пакаранне будзе строгім, мытня не даруе нават дробных промахаў. На другім спагнанні супрацоўнік развітаецца з работай. А ў выпадку, калі інспектар няправільна ідэнтыфікаваў тавар, напрыклад, ваўняны дыван прапусціў як сінтэтычны, з-за чаго бюджэт недаатрымаў грошай, нястачу прыйдзецца кампенсаваць са сваёй кішэні.

 

Асцярожна: кантрабанда!

Нягледзячы на тое, што праз мытны пост праходзяць грузы надзейных суб’ектаў гаспадарання, расслабляцца і забываць аб кантрабандзе нельга. Інспектару штодня патрэбна быць не толькі псіхолагам, але і сышчыкам. Кантрабандысты – народ вынаходлівы: як толькі іх чарговы выкрут разгаданы, яны прыдумляюць новы. Супрацоўнікі аддзела не аднойчы выяўлялі і спынялі факты парушэння мытнага заканадаўства. Так, у рамках кантрольных аперацый і аператыўна-следчых дзеянняў з пачатку года супраць кантрабандыстаў узбуджаны 17 адміністрацыйных спраў, асноўныя з якіх  звязаны з парушэннем парадку экспарту лесаматэрыялаў.

«За намi – Радзiма»

Больш за 20 год працоўнага стажу мае Міхаіл ГРЫНЕВІЧ. Закончыўшы Мазырскі педагагічны ўніверсітэт, малады інжынер-педагог і падумаць не мог, што стане мытнікам. Абараняць межы Радзімы давялося яшчэ ў арміі ў пагранічных войсках. Тады і з’явілася задумка пайсці ў мытню.

– Гэта была развіваючаяся сфера, стабільнасць. Хоць, успамінаючы былыя часы, скажу шчыра, без складанасцей не абышлося. Працавалі практычна ў палявых умовах, з мінімальнай колькасцю аргтэхнікі, запаўняючы ўручную папяровыя журналы. Але ў гэтым і ёсць рамантыка нашай прафесіі. Нездарма  на сцягу мытных органаў напісаны словы «За намi – Радзiма» – гэта сутнасць і змест службы, якая стаіць на абароне эканамічных інтарэсаў краіны.

Прафесійнае свята ад-значыць будзённымі справамі Васіль СЫЦЭВІЧ. Старшы інспектар мытнай службы працуе тут з 2002 года. Пасля заканчэння міжнароднага ўніверсітэта «МИТСО» змяніў некалькі прадпрыемстваў раёна ў пошуках месца па душы. Аднак, нягледзячы на тое, што меў юрыдычную адукацыю, яшчэ тры месяцы стажыраваўся, здаў дзяржаўны экзамен, які дае права працаваць у мытнай службе і з гонарам прыняў прысягу. Пацікавілася, што прыцягвае ў выбранай спецыяльнасці?

– Яе шматграннасць, складанасць, пачуццё запатрабаванасці прафесіі, згуртаваны калектыў, плюс магчымасць прыносіць істотную карысць Радзіме.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть