Происшествия

НА АБАРОНЕ ПРАВОЎ ДЗЯЦЕЙ

Ніхто не можа паспрачацца з тым, што зараз праблема
забеспячэння і абароны правоў дзяцей з’яўляецца важнай. Злачыннасць сярод
падлеткаў, павелічэнне колькасці сірот, жорсткасць і насілле ў адносінах да іх
– гэта толькі частка пытанняў, якія хвалююць усю сусветную суполку.
Невыпадкова, што ў рамках акцыі «Сябруем з законам” менавіта гэта тэма была ў
цэнтры ўвагі «Прамой лініі”, падчас якой на пытанні жыхароў Лунінеччыны адказваў
старшыня суда Лунінецкага раёна Васіль БЕЛЬСКІ.

– У сусветнай практыцы ёсць шмат дакументаў, якія
накіраваны на абарону правоў і інтарэсаў дзяцей. Якія з іх найбольш важныя?

– У першую чаргу – Канвенцыя аб правах дзіцяці 1989 года,
якую ратыфікавала больш як 190 краін свету. У Беларусі яна ўступіла ў сілу з 31
кастрычніка 1990 года. У ёй, у прыватнасці, замацавана права кожнага малыша на
жыццё, на імя, грамадзянства, свабоду, здаровае развіццё. Важнае месца належыць
ролі сям’і ў выхаванні і развіцці хлопчыкаў і дзяўчынак. Асаблівая ўвага
надаецца дзецям-бежанцам і інвалідам.

     Што датычыць
нацыянальнага заканадаўства, то асноўым прававым актам з’яўляецца Канстытуцыя.
У артыкуле 32 замацавана, што шлюб, сям’я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства
знаходзяцца пад абаронай дзяржавы. У ёй прызнаецца, што дзіця не павінна
падвяргацца жорсткім зносінам і ўніжэнню, прыцягвацца да работ, якія могуць
нашкодзіць яго фізічнаму, разумоваму і маральнаму развіццю. Бацькі і асобы, што
іх замяняюць, маюць права і абавязаны клапаціцца пра здароўе, развіццё і
навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак. Калі ж дарослыя не выконваюць гэта, па рашэнню
суда дзеці могуць быць аддзелены ад сям’і.

     Правы самых
маленькіх грамадзян краіны рэгулюе Закон Рэспублікі Беларусь «Аб правах
дзіцяці” 1993 года (у рэдакцыі аб 25 кастрычніка 2000 года). Ён складаецца з 40
артыкулаў, у якіх замацаваны прававы статус, вызначаны прынцыпы дзяржаўнай
палітыкі ў адносінах да непаўналетняга, правы і абавязкі, а таксама абавязкі
юрыдычных і фізічных асоб па абароне дзяцінства. Існуюць і іншыя нарматыўныя
дакументы.

– Ці часта даводзіцца прымаць судовыя рашэнні ў адносінах
да падлеткаў?

– Калі ўзяць статыстыку, то летась у Беларусі колькасць
падлеткаў склала 3,6 працэнта ад усіх асуджаных. Што датычыць нашага раёна, то
пакаранне па судоваму прыгавору панеслі 30 чалавек. У кожным выпадку суд
падыходзіць да разгляду матэрыялу з усіх бакоў: вывучае не толькі абставіны
справы, але і ўмовы выхавання непаўналетняга, характарыстыкі асобы. І толькі
прааналізаваўшы сітуацыю, узважыўшы ўсе «за” і «супраць”, вызначае пакаранне.

– Якія злачынствы часцей учыняюць непаўналетнія і якія
меры пакарання прымяняюць у адносінах да іх?

– У школах падлеткі ўчыняюць крадзяжы мабільнікаў і
грошаў з пакінутых без нагляду сумак, адзення ў гардэробе, класах, службовых
памяшканнях. Зарэгістраваны факты крадзяжу і ў інтэрнатах устаноў
прафтэхнавучання. Летась група падлеткаў угнала аўтамабіль з вуліцы Якуба
Коласа ў Лунінцы. Запусціць рухавік не здолелі, уручную даштурхалі яго да
вуліцы Лісовіча, а «дакаціліся” да разгляду справы ў судзе. Часцей да
непаўналетніх, якія ўпершыню парушылі закон, прымаюцца такія меры, як
абмежаванне волі без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы, перасцярога. У
адносінах да тых, хто працягвае ісці па крымінальным шляху, даводзіцца
прыбягаць да больш строгіх мер. Так, летась трое падлеткаў накіраваны ў ПТВ
закрытага тыпу ў Магілёве.

– Ці часта разглядаюцца ў судзе справы, якія датычаць
наяўплаты аліментаў на ўтрыманне дзяцей?

– Сумна канстатаваць, але ёсць такія бацькі якія не
жадаюць прымаць удзел у выхаванні дзяцей і падтрымліваць іх матэрыяльна. Летась
за няўплату аліментаў асуджана 52 чалавекі. Усяго ж на кантролі знаходзіца каля
600 выканаўчых лістоў.

– Уплачваю аліменты на дзяцей і на жонку. Ці зменяцца
ўмовы з павелічэннем базавай велічыні?

– На дзяцей яны застануцца ў тым жа памеры: 25 працэнтаў
на аднаго дзіця і 33 – на двух. Улічваючы, што аліменты не павінны перавышаць
50 працэнтаў заробку, то сума, якая ўплачвалася на жонку, можа быць перагледжана.
З адпаведнай заявай неабходна звярнуцца ў суд.

Падрыхтавала Алена ДАНІЛОВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть