НА МЯЖЫ
Як часта на нашых вачах рызыгрываецца сапраўдная
трагедыя, а мы звычна не заўважаем, не жадаем умешвацца, застаючыся ўбаку ад
чужых непаразуменняў, праблем і, у рэшце-рэшт, ад чужой бяды. У суткі
праваахоўнікі ў сярэднім пяць разоў выязджаюць на ўціхамірванне сямейных
скандалістаў. Амаль заўсёды канфлікты ўдаецца прытушыць. Аднак праз пэўны час,
быццам застарэлая хвароба, яны ўспыхваюць з новай сілай, несучы з сабою гора і
боль.
«Так жывуць многія сем’і”, — можа запярэчыць хто-кольвечы
з суразмоўнікаў. Але ж і ён не стане адмаўляць, што часцей сямейныя сваркі і
бойкі ўзнікаюць там, дзе муж ці жонка (а то і разам) злоўжываюць спіртным, дзе
ўладарыць не ўзаемапавага, а знявага і злосць.
Прыкладна так доўгі час жылі муж з жонкай М. у адной з
вёсак нашага раёна. Яна – жывёлавод, ён – палявод. Звычайная, на першы погляд,
сям’я, у якой выхоўваліся двое дзяцей. Праўда, суседзі не аднойчы заўважалі
сінякі на твары жанчыны, чулі лаянку, што неслася з вокнаў вясковага дома.
Прычым амаль усе ведалі, што гаспадар п’е. Нападпітку ён станавіўся
непрадказальным і амаль заўсёды сам распачынаў сваркі, знаходзячы для іх самую
нязначную прычыну.
Непаразуменні пачасціліся, калі ў чарку пачала зазіраць і
гаспадыня. Праўда, праз пэўны час яна спахапілася. Існаванне стала такім
невыносным, што аднойчы М. паўстала перад выбарам і, да гонару жанчыны,
усё-такі аддала перавагу цвярозаму ладу жыцця. Чатыры гады яна трымалася. У
доме ўсё змянілася, адразу пачала адчувацца рука гаспадыні. Гэты час дзеці
пазней успаміналі, як самы шчаслівы.
Праўда, цвярозае вока жонкі ўсё часцей заўважала, які
недарэчны яе п’яны муж. Яму і насамрэч не было справы ні да фізічнай работы па
дому і гаспадарцы, ні да сям’і ўвогуле. Ён па-ранейшаму прыдзіраўся да жонкі,
імкнуўся яе зняважыць, а то і пабіць. Верагодна, у той час у галаве жанчыны і
засела шалёная думка пазбавіцца ад дэспата. У хвіліны адчаю яна дзялілася ёю з
дачкой, якая на той час стала дарослай і займела сваю сям’ю.
Невядома, ці спраўдзілася б злачынная задумка, калі б
жанчына аднойчы, як кажуць у народзе, не «сарвалася”. Зноў на стале пачалі
паяўляцца бутэлькі: М. вярнулася да п’янага бязладдзя.
У адзін са жнівеньскіх вечароў яна паспела «супакоіць
душу” чаркой-другой. Неўзабаве вярнуўся муж. Заўважыўшы, што жонка паспела
выпіць, стаў патрабаваць грошы на алкагольную дабаўку. Але жанчына неспадзявана
заартачылася. Пасля сваркі і бойкі злосны гаспадар накіраваўся ў пакой, дзе
прылёг на дзіван.
Цяжка сказаць, паспеў ён заснуць ці не, але неспадзявана
ўбачыў над сабой занесены нож. Супраціўленне аказаць проста не паспеў, бо і ў
самога была затарможана рэакцыя з прычыны папярэдне выпітай дозы алкаголю.
Некалькі ўдараў прыйшліся ў руку, але наступны трапіў у жывот…
Пасля расправы над дэспатам жанчына выйшла на вуліцу,
расказала пра злачынства. Нехта з суседзяў выклікаў «хуткую дапамогу” і міліцыю. Аднавіць у се абставіны злачынства
для праваахоўнікаў цяжкасці не склала, тым больш, што галоўная падазраваемая не
таілася, разгублена паўтараючы толькі адно: «Надакучыла…”.
Небараку ўрачы своечасова прааперыравалі і здолелі
выратаваць жыццё. Праўда, перыяд рэабілітацыі зацягнуўся на доўгі час.
А потым быў суд, у ходзе якога М. расказала пра ўсе
горкія падрабязнасці жыцця, раскайвалася і сцвярджала, што недарэку-мужа
збіралася толькі напалохаць…
Вось толькі ці атрымалася? Такі адчайны крок наўрад ці
з’яўляецца разумным выйсцем са, здавалася б, тупіковай сітуацыі. Вядома ж,
здзек у сям’і цярпець няварта і заўсёды лепш за дапамогай звярнуцца да тых, хто
закліканы гэта рабіць па роду сваёй работы – у міліцыю. Іншы раз і сапраўды
дастаткова напалохаць сямейнага скандаліста, які пры паяўленні больш моцных і
надзеленых уладай людзей губляе свае садысцкія замашкі. Калі не – атрымае больш
строгае пакаранне. Не трэба толькі баяцца «выносіць смецце з хаты”: сямейныя
скандалы і без таго цяжка ўтаіць. А вось спыніць ход падзей за крок да трагедыі
іншы раз магчыма…
Суд, вядома, улічыў усе акалічнасці справы і прызначыў
жанчыне, на першы погляд, дастаткова мяккае пакаранне – 3 гады абмежавання волі
без накіравання ў выпраўленчую ўстанову. Сям’і давялося таксама кампенсаваць
сродкі, затрачаныя на лячэнне мужчыны. А гэта – больш як 800 000 рублёў.
Ці стане адбыўшаеся ўрокам для мужа і жонкі М.? Так не хочацца думаць, што
сям’і па-ранейшаму давядзецца жыць на мяжы адчаю, неразумення, бяды.
Васіль БЕЛЬСКІ, старшыня суда.