Происшествия

Нароўні з суддзямі

присяжные заседатели 01

У судзе Лунінецкага раёна днямі прынялі прысягу народныя засядацелі, кандыдатуры якіх зацверджаны рашэннем Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў.

Ва ўрачыстай цырымоніі бралі ўдзел намеснік старшыні абласнога суда Эдуард КАСПЯРОВІЧ і старшыня раённага суда Міхаіл Дзенісовіч, якія ўручылі пасведчанні 160 лунінчанам. Народныя засядацелі будуць ажыццяўляць свае паўнамоцтвы на працягу 5 бліжэйшых год. Яны кляліся добрасумленна выконваць абавязкі, ажыццяўляць правасуддзе, падпарадкоўваючыся выключна Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Эдуард Каспяровіч нагадаў прысутным, што па закону народныя засядацелі маюць абсалютна роўныя правы з прафесійнымі суддзямі. Гэта канстытуцыйны прынцып, які замацаваны ў Асноўным Законе краіны. У судзе народным засядацелям трэба будзе разглядаць самыя складаныя крымінальныя справы. У прыватнасці, –  аб асабліва небяспечных злачынствах, па якіх прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на дзесяць і больш год, а таксама ў адносінах да непаўналетніх.

У Беларусі вышэйназваныя справы разглядаюцца калегіяльна ў складзе суддзі і двух народных засядацеляў. Іх прысутнасць дапамагае павысіць давер грамадзян да судоў, забяспечыць адкрытасць правасуддзя, а таксама захаваць неабходную сувязь суда і грамадства. Эдуард Валер’евіч лічыць:

– У прафесійных суддзяў часам складваюцца пэўныя стэрэатыпы, а жыццёвая пазіцыя і асабісты вопыт народных засядацеляў, іх погляд на праблему ў іншым ракурсе садзейнічаюць усебаковаму разгляду крымінальнай справы. Спадзяюся, вы будзеце не проста назіральнікамі. Прапусціўшы сітуацыю праз сэрца, не трэба паддавацца эмоцыям, неабходна ўмець справядліва i прынцыпова адрозніваць зерне ад пустазелля…

Народныя засядацелі, як правіла, – людзі кампетэнтныя і эрудзіраваныя, якія карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам. Некаторыя з іх паўторна прызначаны на новы тэрмін. Як, напрыклад, Яніна БАНЬ, якая адзначана Ганаровай граматай абласнога суда.

присяжные заседатели 02



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть